Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 лютага ў Менску быў створаны камітэт палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку. Яе працоўная назва "Беларускі Рух".

11 лютага ў сядзібе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці адбыўся сход актывістаў партыі БНФ зь Менску і некаторых рэгіёнаў Беларусі. Сабралася прыкладна каля сотні чалавек. Сярод іх былі такія вядомыя асобы як Юры Хадыка, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Валянціна Сьвяцкая, Ірына Лаўроўская зь Берасьця, Аляксандар Мех з Кобрына. Сябры партыі, якія стаялі каля яе вытокаў, былі яе заснавальнікамі. Яны сабраліся дзеля таго, каб выказаць недавер дзейнаму кіраўніцтву партыі БНФ.

Гэты сход адбыўся ў сядзібе незалежнага прафсаюзу таму, што актывісты зьбіраліся правесьці гэты сход яшчэ тыдзень таму ў сядзібе партыі БНФ, аднак кіраўніцтва адмовіла ім ў памяшканьні.

Быў створаны камітэт палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку. Яе працоўная назва "Беларускі Рух". Яе мэты патлумачыў адзін з актывістаў стваранай партыі Віктар Івашкевіч:

"У сувязі з тым, што афіцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў у апошнія месяцы зрабіў шэраг заяваў, зь якімі мы ня можам пагадзіцца: падчас прэзыдэнцкай кампаніі замест крытыкі Лукашэнкі выступіў з крытыкай сваіх калегаў па барацьбе з рэжымам, выступіў з артыкулам, дзе заявіў, што Лукашэнка выконвае праграму БНФ, і ён спадзяецца, што Коля Лукашэнка прачытае падораны ім буквар і стане ў пэрспэктыве "харошым" кіраўніком дзяржавы. У сувязі з тым, што сп. Кастусёвым было дадзенае недарэчнае інтэрвію на беларускім тэлебачаньні ў той час, калі ўсе кандыдаты на прэзыдэнта сядзелі ў турме. У сувязі з тым, што Кастусёў заявіў, што ён супраць эканамічных санкцыяў, калі ўсе дэмакратычныя сілы выступаюць за максымальна магчымы ціск на рэжым з мэтай вызваленьня палітвязьняў. Улічваючы гэта і тое, што наша крытыка не была ўспрынятая кіраўніцтвам БНФ, мы вырашылі стварыць асобную палітычную партыю, якая з аднаго боку, займаючы цьвёрдыя дэмакратычныя незалежніцкія пазыцыі, адначасова выразна зойме пазыцыю бескампраміснай барацьбы з дыктатарскім рэжымам, які узурпаваў уладу. Мы лічым, што галоўным ворагам незалежнасьці зьяўляецца рэжым Лукашэнкі. Нам, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў, трэба выступаць за новыя выбары без Лукашэнкі. Зыходзячы з гэтай пазыцыі мы будзем уваходзіць у кааліцыі і шукаць супрацу з іншымі палітычнымі сіламі і групамі, якія стаяць на такой жа пазыцыі. За незалежнасьць і за свабоду, за новую Беларусь без лукашызму".

Створаны аргкамітэт і працоўная група, якія будуць працаваць над будучай праграмай, над назвай, над дзейнасьцю, над іншымі накірункамі. Да новага руху далучылася моладзь на чале з Франакам Вячоркам і тымі маладымі людзьмі, якія ў свой час шмат працавалі ў моладзевым крыле партыі БНФ.

Праект дэклярацыі "Беларускага Руху"


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG