Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ганебны сыход для дыктатара»


Эгіпцяне сьвяткуюць сыход Мубарака ў Каіры.

Эгіпцяне сьвяткуюць сыход Мубарака ў Каіры.

Як ставяцца ў Беларусі да адстаўкі прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака?

Станіслаў Шушкевіч
Ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч разважае, чаму апошнім часам многія палітыкі згадваюць побач Беларусь, Эгіпет і Туніс. Ён лічыць, што тут адназначныя паралелі, бо дыктатары сядзяць не ў належны час.

«Дыктатура падае, ня мае будучыні. І трэба своечасова сыходзіць з пасады. Нават калі ты нешта і рабіў, як у Эгіпце, карыснае для сваёй краіны. Прайшло два тэрміны — і трэба сыходзіць. Правільна, што яго прагналі. А падабенства яўнае, бо Мубарак атрымліваў на выбарах, на галасаваньнях больш за нашага — не 80, а больш за 90% галасоў. І хапала ў яго на мітынгах, сустрэчах, сходах падхалімаў, якія праслаўлялі яго. Ну і чым скончылася — народ выгнаў яго. Я таксама баюся, што ў нас няма магчымасьці праз выбары памяняць уладу, бо няма выбараў».

Станіслаў Шушкевіч
Cтаршыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама павінен сыходзіць, гэта было б добрым крокам.

«Але ён не настолькі адукаваны і значна больш сябе любіць, чым Мубарак. Там вельмі цяжкое становішча, гэта вельмі бедная краіна. Даведзеная да беднасьці дыктатарамі — папярэднім, які быў героем Савецкага Саюза, і гэтым. Яны аднаго пакрою. Людзей можна павіншаваць, што яны пазбавіліся ад нягоднага, подлага чалавека. Яны будуць скакаць ад радасьці, што адышоў дыктатар».

Ігар Карпенка
Кіраўнік міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка адзначыў, што падзеі ў Эгіпце — гэта ўнутраная справа гэтай краіны і яны там самі разьбяруцца.

«Для беспарадкаў патрэбны сур’ёзныя сацыяльныя прычыны. У нас іх няма. У нас стабільная краіна ў гэтым пляне».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што Мубарак пераседзеў, ня выкарыстаў свой шанец, каб сысьці своечасова і прыгожа. Гэта ўрок для ўсіх аўтарытарных лідэраў. Класкоўскі лічыць, што рэвалюцыі здараюцца зьнянацку і ў адзін момант можа абрынуцца гэта славутая стабільнасьць.

Аляксандар Класкоўскі
«У любы момант гэтая ўяўная стабільнасьць можа зьмяніцца выбухам. Проста зрывае накрыўку. І гэта таксама ўрок гэтых эгіпэцкіх падзей. Трэба, каб улада вяла дыялёг з грамадзтвам. Трэба, каб яна давала магчымасьць выказвацца апанэнтам кіроўнага рэжыму. Інакш рана ці позна пратэст часткі грамадзтва набывае вось такія формы. Яны іначай не маглі вырашыць праблемы, дамагчыся, каб іх пачулі, дамагчыся рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў. У выніку такі ганебны для дыктатара сыход».

Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што падзеі ў Эгіпце наўрад ці будуць мець уплыў на сытуацыю ў Беларусі, дзе аўтарытарны кіраўнік застаецца ля ўлады. Камэнтуючы сыход Мубарака ён адзначыў:

«Гісторыя дае ў чарговы раз такія трывожныя званкі для людзей, якія ўзурпуюць уладу і ня хочуць дзяліцца са сваім уласным народам, грэбуюць ім, Я лічу, што ён сышоў толькі пад ціскам народнага абурэньня. Ён спрабаваў выкарыстоўваць сілавыя мэханізмы, але ў пэўны момант, калі пратэст нарастаў, стала відавочным, што ён гэты пратэст ня зможа падавіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG