Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца пра рашэньне Менгарсуду: «Гэта нейкі цырк»


Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу жыхаркі Барысаўскага раёну Ірыны Панкавец, якая абскарджвала прысуд Маскоўскага раённага суду за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня. Жанчына заяўляе, што будзе працягваць скардзіцца.

11 лютага Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Ірыны Панкавец на прысуд Маскоўскага раённага суду ад 20 сьнежня, паводле якога яна адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Свабодзе» Ірына паведаміла пасьля разгляду скаргі, што суд спаслаўся на падпісаны ёю дакумэнт пра тое, што яна нібыта згодная з прысудам і ня будзе яго абскарджваць. Ірына Панкавец згадала, што сапраўды нешта падпісвала ў судзе, але яна была ў дрэнным фізычным стане пасьля знаходжаньня цягам некалькі гадзінаў «у нечалавечых ўмовах».

«У Маскоўскім судзе нас утрох трымалі ў гэтакім стакане — маленькім пакойчыку. Я пакутую клаўстрафобіяй, пачала задыхацца, у мяне паднялася тэмпэратура, на вуснах адразу зьявіўся герпэс. Пасьля дня пакутаў, якія мы там спазналі, разважаць добра там было немагчыма. Магчыма, я і падпісала гэтую паперу, хаця дакладна не памятаю. Таму я буду далей скардзіцца. Вось дадуць мне пастанову гэтага суду і зноў падам скаргу. У Вярхоўны, калі трэба, але буду абскарджваць».

— А вы зараз у судзе сказалі, што адмаўляецеся ад гэтага подпісу?

— Так, сказала.

— Ці пыталіся ў вас, пры якіх абставінах вы падпісалі тую паперу?

— Не, ніхто не пытаўся. Я сама спрабавала патлумачыць, але ніхто мяне ня чуў. Сказалі, паколькі подпіс ёсьць, то ніякіх пытаньняў.

Паводле рашэньня Маскоўскага суду Менску, жанчына адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. У студзені Ірыну Панкавец прымусілі звольніцца з працы і зараз нікуды не бяруць на новую працу. Ірына бачыць у гэтым палітычныя прычыны і кажа, што яна мела права на мірны пратэст і таму будзе далей адстойваць свае канстытуцыйныя правы.

Паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, рашэньне Менгарсуду адхіліць скаргу Ірыны Панкавец не грунтуецца на законе. Грамадзяніна нельга пазбавіць ягонага права нават калі зь нейкай прычыны ён сам ад яго адмовіўся, лічыць праваабаронца.
У Працэсуальным кодэксе не напісана, што калі чалавек адмаўляецца, то няма права потым абскардзіць.

«Гэта ў духу таго, што ў нас сёньня адбываецца ў прававой сыстэме. У Працэсуальным кодэксе не напісана, што калі чалавек адмаўляецца, то няма права потым абскардзіць. Тым болей, што чалавек за гэта нічога не атрымаў, ніякіх саступак. Ёсьць такое, што па адміністрацыйнай справе чалавек пагаджаецца, што зрабіў парушэньне і гатовы сплаціць штраф. Гэта прапісана ў Адміністрацыйным кодэксе, што тады яму накладаецца мінімальнае пакараньне. А тут чалавек адсядзеў і ня можа скардзіцца! Гэта нейкі цырк, я такога яшчэ не чуў».

Ірына Панкавец — першая, хто спрабуе абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі прысуды раённых судоў адносна падзей 19 сьнежня. Праваабаронцы кажуць, што ужо болей за 40 чалавек гэтаксама зьбіраюцца абскардзіць свае прысуды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG