Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лара Даўнз: “Я прысьвячаю гэты выступ ахвярам рэпрэсій у Беларусі...”


У суботу вечарам 12 лютага ў польскай амбасадзе ў Вашынгтоне знакамітая амэрыканская піяністка Лара Даўнз дае канцэрт музыкі Шапэна і Барбэра, у якім яна прысьвячае адзін твор усім ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі.

Напярэдадні канцэрту мы запыталіся ў Лары, адкуль у карэннай амэрыканкі такое зацікаўленьне да Беларусі і такія веды пра беларускія палітычныя падзеі. Ці была яна хоць раз у Беларусі з візытам ці з гастролямі?

Лара Даўнз: Ніколі не была ні зь візытам, ні з гастролямі. Магчыма, што некаторыя з маіх продкаў паходзяць з суседніх зь Беларусьсю земляў. Аднак, пра сытуацыю ў Беларусі мне расказаў сябра Карл Гершман (рэд: сябра амэрыканскага Нацыянальнага Фонду Дэмакратыі), зь якім я пазнаёмілася летась у Мэксыцы. У нас аказалася супольным зацікаўленьне магчымасьцямі культурнага абмену і сацыяльнай справядлівасьці шляхам мастацтва. Ён чуў мае канцэрты твораў Шапэна, мае расповеды пра кампазытара – і у нас разгарнуліся дыскусіі пра магчымасьці мастацтва і музыкі ў глябальным сэнсе. Ён пасылаў мне свае артыкулы, дзяліўся думкамі – так распачаўся паміж намі і дыялёг пра Беларусь. Я пачала сама шукаць інфармацыю..

Між іншым, адначасова я працую над праектам паводле музыкі Дзюка Элінгтана. І я адчула, наколькі вялікі ўплыў у мінулым стагодзьдзі мелі на справу прасоўваньня правоў чалавека менавіта музыкі – ня толькі у ЗША, але і па ўсім сьвеце. Такім чынам, усё неяк сышлося, я стала вельмі зацікаўленай і неабыякавай, і захацела хоць неяк унесьці свой уклад дзеля таго каб зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі.

Радыё Свабода: Калі ласка, раскажыце больш падрабязна пра твор, які вы ў суботнім выступленьні ў польскім пасольстве ў Вашынгтоне прысьвеціце беларускаму народу – і чаму такім быў ваш выбар...

Лара Даўнз: З прыемнасьцю. Заключны твор у маёй праграме - гэта Andante Spianato et Grande Polonaise Brillante Шапэна, які ён пісаў у пэрыяд 1830-34 гадоў, якія для яго былі трагічнымі – першыя гады ягонага выгнаньня з Польшчы.

Граючы шмат Шапэнавых твораў у год ягонага 200-годзьдзя, я вельмі моцна адчула глыбіню эмацыйнасьці, якой напоўненая яго музыка, я зразумела, чаму яго часта натхнялі польскія палянэзы, мазуркі, баляды. Напісаная ім у гэты пэрыяд музыка была найглыбейшым выказваньнем ягоных пачуцьцяў да Польшчы і да страты бацькаўшчыны.

Паколькі я сачыла за падзеямі ў Беларусі, мне падалося што якраз гэты твор будзе дарэчы прысьвяціць беларускаму народу, які цяпер перажывае такі цяжкі пэрыяд. На маю думку, для Шапэна гэты твор быў выказваньнем салідарнасьці са сваім народам і адначасова выказваньнем супраціву супраць прыгнёту. Такім чынам, выкананьнем гэтай кампазыцыі я выказваю сваю уласную салідарнасьць з усімі, хто сёньня жыве пад прыгнётам – а асабліва народу Беларусі, які змагаецца. Я хачу выклікаць дух Шапэна, каб ён стаў пуцяводнай зоркай для ўсіх нас.

Радыё Свабода: Дзякуем Лары Даўнз за яе зацікаўленьне беларускімі падзеямі, за яе жэст падтрымкі. Калі хочаце даведацца больш пра Лару Даўнз, наведайце яе сайт: laradownes.com.

Урывак запісу канцэрту ў Вашынгтоне слухайце на нашых хвалях у панядзелак, здымкі будуць на нашым сайце.

***

А вось што Лара зьбіраецца сказаць перад тым, як яна сыграе твор Шапэна прысьвечаны Беларусі:

«Усім зразумелую мову музыкі можна разглядаць як унікальны спосаб салідарнасьці. Палатно музычнай гісторыі пратканае ўзорамі інтэграцыі і культурнага абмену: будзь то музычныя экспрэсіі Шапэна, якія выяўлялі яго сувязь з радзімай, будзь то зьяўленьне такіх майстроў як Дзюк Элінгтан ці Дэйв Брубэк, якія прыадкрылі заслону паміж Захадам і Усходам у часе Халоднай вайны, будзь то супрацоўніцтва паміж арабскімі і ізраільскімі музыкантамі ў аркестры «Заходне-усходні Дыван», які гастралюе па сьвеце сёньня.

Выказваньне салідарнасьці праз музыку – вялікі прывілей і адказнасьць тых, хто гаворыць мовай музыкі і можа даць гэты голас сьвету. Сёньня мой прывілей – падзяліцца з вамі Шапэнавым творам «Andante Spianato et Grande Polonaise Brillante», які ён напісаў у змрочны пэрыяд паміж 1830 і 1834 гадамі як знак салідарнасьці з пакутамі яго роднага народу.

Я прысьвячаю гэты выступ тым, хто цярпіць сёньня ад рэпрэсій у Беларусі, з надзеяй, што, як заўсёды, свабода прыйдзе хутка да ўсіх прыгнечаных».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG