Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ступень "экстрэмізму" "Аўтарадыё" вызначыць пракуратура


Belarus -- Autoradio logo

Belarus -- Autoradio logo

Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе быў прызначаны разгляд пазоваў кіраўніцтва зачыненага ўладамі месяц таму "Аўтарадыё" да Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскай камісіі тэлерадыёвяшчаньня. Перад пачаткам паседжаньня супрацоўнікі суду паведамілі, што будуць разглядацца выключна працэдурныя пытаньні, і ў залю дапусьцілі толькі зацікаўленыя бакі.

Права наземнага вяшчаньня ў FM-эфіры для "Аўтарадыё" было ануляванае 12 студзеня загадам камісіі, якую ўзначальвае міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі.

У выніку трохгадзіннай гутаркі з удзелам кіраўніцтва "Аўтарадыё" і прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі вырашана прыцягнуць да разгляду пытаньня органы пракуратуры. Яны павінны дапамагчы высьветліць ступень "экстрэмізму", які прыпісваецца "Аўтарадыё". Гаворыць генэральны дырэктар радыёстанцыі Юрый Базан:

"Будуць прыцягваць яшчэ пракуратуру, бо там нібыта зьявіўся яшчэ нейкі ліст. Здавалася б, зусім простая справа, але гэтая фраза пра "экстрэмізм" проста не дае ім спакою… Дый вакол гэтага столькі ўсяго навярнулася — і аналягічныя заявы ў рэспубліканскай прэсе, і шмат што іншае".

Алег Праляскоўскі
У лісьце за подпісам Алега Праляскоўскага, які "Аўтарадыё" атрымала 12 студзеня, было пазначана: закрыцьцё радыёстанцыі зьвязанае зь "невыкананьнем заяўленай творчай канцэпцыі", а таксама з распаўсюдам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў інфармацыі, якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці. Цяпер рэдакцыя аспрэчвае незаконнае і нічым не абгрунтаванае, зь яе гледзішча, рашэньне праз суд.

Як лічыць Юры Базан, высновы чыноўнікаў надуманыя і ня маюць ніякай лёгікі. Калі толькі ня браць пад увагу палітычны падтэкст справы. "Аўтарадыё" стала адзінай пляцоўкай, дзе альтэрнатыўныя Аляксандру Лукашэнку кандыдаты атрымалі магчымасьць разьмясьціць свае перадвыбарныя ролікі. І асноўнай падставай, каб спыніць вяшчаньне, стала трансьляцыя агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева.

У адным з ролікаў Саньнікаў заявіў: "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Што і было расцэнена як экстрэмісцкі заклік. Аднак гэтая ж думка прагучала і ў эфіры дзяржаўнага Беларускага радыё, а таксама была надрукаваная ў шэрагу афіцыйных газэт. Да таго ж, калі агітацыйныя матэрыялы гучалі ў эфіры, у рэдакцыю не паступала заўваг ні ад Цэнтральнай выбарчай камісіі, ні ад Міністэрства інфармацыі.

Што яшчэ абмяркоўвалася сёньня за зачыненымі дзьвярыма? Ці можна казаць, што прадстаўнікі Мінінфармацыі настроеныя варожа? Працягвае Юрый Базан:

"Тут ня тое што варожасьць, а проста нейкая перакананасьць Міністэрства інфармацыі: гэты выраз адносіцца да заклікаў ладзіць грамадзкія беспарадкі і г.д. Але паколькі паседжаньне было працэсуальнае, рашэньняў ніякіх не прымалася. Бакі абмяняліся дадатковымі аргумэнтамі, яшчэ глыбей удакладнілі свае пазыцыі па заканадаўчых актах, дадалі дакумэнты. Справа вымалёўваецца ў тым выглядзе, што літаральна па ўсіх пунктах пракапалі і прарылі, як краты. І ўжо нарэшце можна прыступаць да атрыманьня выніку. Было такое ўяўленьне, што ўсё высьветлена, і калі б не неабходнасьць прыцягваць пракуратуру, пра нешта ўжо можна было гаварыць".

Зьнікненьне "Аўтарадыё" з эфіру востра перажываюць ня толькі супрацоўнікі рэдакцыі, але і шматлікія слухачы, музыкі і выканаўцы. Гэта адзіная з паўтара дзясятка радыёстанцый, якая мэтанакіравана прапагандавала беларускую музыку.

Вядучы адной з аўтарскіх праграмаў Алег Хаменка кажа, што беларуская FM-прастора ад закрыцьця "Аўтарадыё" не набыла нічога, а вось страціла вельмі шмат:

"У мяне была ўласная аўтарская праграма на "Аўтарадыё". Была дамова з рэдакцыяй, што я раблю менавіта такую праграму, якая суадносіцца зь беларускай культурай і падае найбольш цікавыя і яскравыя падзеі нацыянальнай беларускай культуры. Праграма была вельмі рэйтынгавая і, на мой погляд, заўсёды былі выдатныя камэнтары і выдатныя адзнакі нашай працы. Хто слухаў неаднаразова, той якраз можа гэта пацьвердзіць: гэта насамрэч было цікава і карысна для ўсіх. І ўсё ж, хоць я непасрэдных адносінаў да "Аўтарадыё" і ня маю, але, безумоўна, увесь калектыў я вельмі паважаю, з усімі імі знаёмы і абсалютна ўпэўнены: тое, што зараз адбываецца, гэта нейкая вельмі глыбокая памылка".

Такім чынам, 11 лютага Вышэйшы гаспадарчы суд ня вынес ніякага рашэньня, а разгляд справы перанесены на 24 лютага. Пакуль жа на хвалях папулярнай радыёстанцыі пануе поўная цішыня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG