Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэшка пра раскол у БНФ: "Трэба ствараць новую партыю"


 Вацлаў Арэшка

Вацлаў Арэшка

Сёньня ўвечары сябры БНФ, якія напісалі заяву пра выхад з партыі, зьбіраюцца правесьці сход. Магчыма, на ім пойдзе гутарка пра стварэньне новай партыі.

Адзін з тых, хто падпісаўся пад калектыўнай заявай аб выхадзе з Партыі БНФ — Вацлаў Арэшка — патлумачыў "Свабодзе" сваю пазыцыю наконт наступстваў.

Карэспандэнт: "Ці будзеце вы перадаваць гэтую заяву ў нейкія партыйныя органы, ці яна прызначаная толькі для СМІ?"

Менавіта публічна, у гэтым ёсьць сэнс. Таму што сытуацыя вымагае публічнасьці, а не кулюарнасьці
Арэшка: "Магу гаварыць толькі за сябе, але думаю, што большасьць з тых, хто гэтую заяву падпісаў, не зьбіраецца несьці яе ва ўправу, рэгістраваць і іншае. Гэта заява пра тое, што мы больш ня лічым сябе за сяброў гэтай арганізацыі. Што да фармальных рэчаў, то Ўправа абвясьціла перарэгістрацыю, і хто не напіша заяву пра перарэгістрацыю, усё роўна аўтаматам будзе выключаны. Таму я мяркую, што нашай заявы дастаткова, каб засьведчыць наш стан у гэтай арганізацыі".

Карэспандэнт: "Чаму гэта было зроблена публічна, як пратэст?"

Арэшка: "Менавіта публічна, у гэтым ёсьць сэнс. Таму што сытуацыя вымагае публічнасьці, а не кулюарнасьці. Гэта крок прадуманы, больш чым за год многія сябры партыі хацелі гэта зрабіць. Спачатку мы, наадварот, прасілі не сьпяшацца, бо была надзея, што сытуацыя ўнутры партыі ўсталюецца. Але на сёньняшні момант я думаю, што гэта немагчыма, і працягваць нейкую ўнутрыпартыйную спрэчку ці дыскусію мне падаецца меней канструктыўным, чым займацца справай".

Карэспандэнт: "Чаму немагчыма было дачакацца зьезду?.."

У мяне няма абсалютна ніякіх прэтэнзіяў да кіраўніцтва. У мяне проста розныя мэты з гэтым кіраўніцтвам
Арэшка: "А навошта? Зьезды ў нас цяпер маніпулююцца. Яны не адпавядаюць рэальнай сытуацыі. Гэтак жа як і соймы, і ўсё астатняе. Я ня бачу сэнсу. І ня бачу сэнсу чакаць, я хачу працаваць. Беларусь рухаецца наперад, шмат што трэба неадкладна рабіць, абапіраючыся на людзей, на структуры, а гэтая структура недзеяздольная".

Карэспандэнт "Якія ў вас асноўныя прэтэнзіі да цяперашняга кіраўніцтва партыі?"

Арэшка: "У мяне няма абсалютна ніякіх прэтэнзіяў да кіраўніцтва. У мяне проста розныя мэты з гэтым кіраўніцтвам. Я лічу, што нашая мэта — гэта зрабіць Беларусь свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай. І ў гэтым пляне, думаю, нашыя мэты разыходзяцца".

Карэспандэнт: "А яны што, іншага хочуць?"

Арэшка: "Баюся, што іншага. Мне здаецца, што іх найперш цікавіць іх уласны стан… Сытуацыя ўвогуле ў нашай апазыцыі так складаецца, што частка апазыцыі імкнецца да таго, каб зьмяняць гэты рэжым знутры, інтэгруючыся зь ім. Мне падаецца гэта неканструктыўным шляхам, які не прывядзе да посьпеху, хутчэй наадварот — да размываньня, да зьнішчэньня апазыцыі. У першую чаргу гэта тычыцца нацыянальнай, нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі. Мне здаецца, што сёньняшні Фронт стаіць на тых пазыцыях. Можна лічыць гэта разыходжаньнем. Я асабіста ўпэўнены, што з гэтым рэжымам трэба не дамаўляцца, а зьмяняць яго праз свабодныя выбары. Дамагацца трэба свабодных выбараў, а ня проста ўдзелу ў выбарах ці квоты ў парлямэнце".

Карэспандэнт: "Такім чынам, выглядае, што вам не ўдаецца ні дамовіцца, ні перамагчы апанэнтаў?"

Арэшка: "А навошта нам перамагаць уласную арганізацыю? На жаль, у апазыцыі больш энэргіі ідзе на перамаганьне ўласных як бы паплечнікаў. Я лічу, што калі гэтыя людзі для мяне больш не паплечнікі, навошта мне зь імі змагацца? Змагацца трэба з рэжымам".

Карэспандэнт: "Што вы зьбіраецеся рабіць далей, што прапануеце больш канструктыўнага?"

Арэшка: "Я лічу, што трэба ствараць палітычную арганізацыю, якая будзе рэальна адпавядаць палітычнай сытуацыі, якая будзе абапірацца і на сытуацыю ў грамадзтве, на тое, што грамадзтва сёньня зьмянілася, і адлюстроўваць нацыянальна-дэмакратычны кірунак, які сёньня ў ніводнай палітычнай структуры не выразны. Як найбольш небясьпечны для рэжыму ён панёс найбольшыя страты за апошні час… Сёньня адбудзецца сход, я думаю, што нейкія рашэньні будуць ухваленыя. Гэта будзе сход фронтаўцаў, будуць людзі з рэгіёнаў. Фронт — гэта ня толькі Партыя БНФ, гэта і грамадзкая арганізацыя БНФ, зь якой ніхто асабліва не зьбіраецца выходзіць. Усе застаюцца і па духу, і па паходжаньні фронтаўцамі. Думаю, што далучацца і новыя людзі, якія не былі ні ў якіх партыях... Як далей будзе называцца арганізацыя, хто будзе ёю кіраваць, гэта ўжо іншае пытаньне ".

Карэспандэнт: "Такім чынам, гэта выглядае як раскол?"

Арэшка: "Я асабіста лічу, што трэба ствараць новую палітычную арганізацыю, новую партыю. Я не называю гэта расколам. Няма з кім расколвацца, па шчырасьці. Гэта пераход у новую стадыю існаваньня".


Пазьней на нашым сайце сытуацыю мае пракамэнтаваць намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG