Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 80 чальцоў менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ падпісалі заяву аб нязгодзе з палітыкай кіраўніцтва і выхадзе з партыі. Сярод падпісантаў – былы старшыня партыі Лявон Баршчэўскі, прафэсар Юры Хадыка, мастак Алесь Марачкін і іншыя вядомыя партыйцы.

Як паведамляе сайт "Хартыя-97", заяву аб выхадзе з партыі мае намер неўзабаве напісаць і кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

У заяве адзначаецца: "Палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасьці, супярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасьці і прынцыповасьці, з якімі асацыюецца Беларускі Народны Фронт з часу яго заснаваньня ў 1988 годзе". Нарастаньню канфлікту паслужылі падзеі 4 лютага, калі кіраўніцтва партыі сарвала сход Менскай гарадзкой арганізацыі, які ў выніку прайшоў на вуліцы пад дзьвярыма ўправы.

Член Рады арганізацыі БНФ Кастрычніцкага раёну Менска Людміла Белахвостава тлумачыць сытуацыю наступным чынам:

"Мы асуджаем курс Янукевіча-Кастусёва на супрацоўніцтва з дыктатурай Лукашэнкі. Разам з тым, ня хочам марнаваць час на ўнутраныя разборкі, калі сытуацыя ў краіне патрабуе кансалідацыі апазыцыі і рашучых дзеяньняў. Мы спрабавалі размаўляць, але нам было сказана: "выходзьце з партыі". Няма сэнсу заставацца ў арганізацыі, якая перастала адпавядаць сваёй назьве і праграмным каштоўнасьцям ".

Менскіх актывістаў падтрымалі некалькі дзясяткаў рэгіянальных актывістаў. Удзельнікі Кобрынскай арганізацыі БНФ былі найбольш катэгарычнымі. "Кіраўніцтва партыі на чале з прафэсійным беспрацоўным Янукевічам, які прыйшоў на кіруючую пасаду з дапамогай маніпуляцый на XII зьездзе, перайшло з апазыцыі да рэжыму да актыўнага падыгрываньня яму. Мэта гэтай шматхадовай гульні – увесьці ў зман выбаршчыкаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў, забясьпечыць пажаданы для ўладаў вынік і легітымізаваць рэжым у вачах Захаду. Усё гэта робіцца ў палітычным тандэме з "Рухам за свабоду", які стаў эпіцэнтрам развалу дэмакратычнай апазыцыі ".

Удзельнікі Кобрынскай канфэрэнцыі зьвярнуліся да членаў БНФ з заклікам правесьці агульнафронтаўскую канфэрэнцыю з удзелам заснавальнікаў БНФ, на якой "даць ацэнку сытуацыі ў партыі, канкрэтна вызначыць, ці супадаюць гэтыя дзеяньні кіраўніцтва партыі мэтам, для дасягненьня якіх будавалася партыя".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG