Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя ЗША не выказвала безумоўнай падтрымкі плянаў Беларусі па будаўніцтву АЭС


Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС

Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС

Пра гэта заявіла памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаньнях кантролю над узбраеньнямі Роўз Гетэмюлер на сустрэчы зь літоўскімі парлямэнтарамі 9 лютага ў Вільні.

Як паведаміў БелаПАН старшыня камісіі сейма па ядзернай энэргетыцы Рокас Жылінскас, у памочніка дзяржсакратара ЗША спыталіся: чаму адміністрацыя ЗША выказала сваю падтрымку праекту беларускай АЭС, які рэалізуецца з парушэньнем міжнароднага заканадаўства і ва ўмовах недэмакратычнага прыняцьця рашэньняў?

Роўз Гетэмюлер заявіла, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама падтрымаў разьвіцьцё мірнай ядзернай энэргетыкі ў цэлым, маючы на ўвазе праекты, якія выконваюцца ў строгай адпаведнасьці з патрабаваньнямі МАГАТЭ.

Жылінскас нагадаў памочніку дзяржсакратара ЗША пазыцыю Літвы адносна праекту беларускай АЭС. Ён адзначыў, што яго рэалізацыя непразрыстая і адбываецца насуперак патрабаваньням міжнародных канвэнцый. Гэтыя канвэнцыі абавязваюць краіны, якія зьбіраюцца будаваць ядзерныя аб'екты, праводзіць кансультацыі з суседзямі перад прыняцьцем рашэньняў.

"Пляцоўка для беларускай АЭС абраная без папярэдняга абмеркаваньня альтэрнатыў і кансультацый зь Літвой, і да таго ж яна знаходзіцца меней чым 50 кілямэтраў ад Вільні. Такі падыход супярэчыць міжнародным канвэнцыям і парушае прынцыпы добрасуседзтва. Гэта афіцыйная пазыцыя Літвы па беларускай АЭС", - адзначыў Жылінскас.

Пра пазыцыю ЗША у пытаньні будаўніцтва ў Беларусі АЭС было заяўлена на сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краін 1 сьнежня 2010 года ў Астане, дзе праходзіў саміт АБСЭ.

"ЗША падтрымліваюць гэтую дзейнасьць, якая ўключае ў сябе працэс спаборніцтва ў праектаваньні і будаўніцтве надзейнай і бясьпечнай станцыі, якая дзейнічае ў адпаведнасьці з гарантыямі МАГАТЭ. ЗША таксама падтрымліваюць намаганьні Беларусі па магчыма хутчэйшай рэалізацыі гэтага камэрцыйнага праекта", - паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі па выніках перамоў Сяргея Мартынава і Хілары Клінтан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG