Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 лютага Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу Ірыны Панкавец, якую пакаралі адміністрацыйным арыштам за удзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня. Жанчына спрабуе даказаць, што яе асудзілі незаконна.

Гэта будзе першы працэс па скарзе на прысуд адносна падзей 19 сьнежня. Што працэс адбудзецца, паведаміла Ірыне Панкавец судзьдзя Маскоўскага суду Любоў Сямахіна, якая і судзіла жанчыну. Тое, што судзьдзя Сямахіна значыцца ў сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу, для Ірыны Панкавец не вялікае суцяшэньне. Для яе больш важна, каб суд прызнаў: яна мела права на мірны пратэст.

"Былі парушаныя мае канстытуцыйныя правы. Я маю права выходзіць на мітынг і мяне арыштавалі незаконна. Я не рабіла нічога незаконнага і не пагражала нічыёй бясьпецы."

Пасьля адбыцьця пакараньня ў менскім ізалятары на вуліцы Скарыны жыхарку Барысаўскага раёну Ірыну Панкавец звольнілі з працы. Жанчына згадвае, што да школы, дзе яна працавала кухарам ў сталоўцы, прыехаў цэлы аўтобус начальства – ушчувалі дырэктара і настаўнікаў, маўляў, як яны маглі не даглядзець. Жанчыне давялося напісаць заяву пра звальненьне паводле асабістага жаданьня. Напісала, а зараз шкадуе. Бо спадзявалася, што возьмуць на працу дзе ў іншым месцы, а аказалася – дарэмна.

"Пайшла спачатку у камбінат школьнага харчаваньня. Пагаджалася на любую працу. Падумалі, але сказалі, што з большага падыходжу, прыходзьце. Але на заўтра ўжо кажуць: прабачце, мы вас узяць ня можам. Пайшла далей. Знайшла сацыяльны цэнтар, дзе абслугоўваюць пэнсіянэраў на даму. Добра, сказалі, заўтра ж прыяжджайце уладкоўвацца. Але на заўтра званок: не прыяжджайце, не трэба, узяць вас ня можам, прычыну, пэўна, ведаеце самі. Хаця ведаю, што нікога туды дагэтуль не узялі – праца ж цяжкая і малааплачываемая. Вось так. Проста растаптваюць і робяць зь мяне "наглядную агітацыю". Глядзіце, што будзе з вамі, калі будзеце рабіць тое, што яна. У жабрака адбіраюць торбу. Зарплата 100 даляраў і тую адбіраюць і жыві як хочаш".

Ірына Панкавец мяркуе, што калі гарадзкі суд скасуе рашэньне раённага, то зь яе будзе зьняты "воўчы білет". Але, шчыра кажа, што гэта ў ідэале. Ірына амаль ня верыць, што адзін беларускі суд можа адмяніць рашэньне другога, калі тое рашэньне тычыцца палітыкі. Чаму тады змагаецца? А таго, чаму выходзіла і на плошчу 19 сьнежня: бо нязгодная і здавацца не зьбіраецца.

Праваабаронцы Аляксей Казьлюк, Ігар Сажын, Алена Танкачова
Паводле праваабаронцаў з Цэнтру прававой трансфармацыі рыхтуецца альбо падрыхтавана болей за 40 скаргаў на прысуды па падзеях 19 сьнежня. Больш як 700 затрыманых, паводле праваабаронцаў, былі асуджаныя з тымі ці іншымі парушэньнямі. Гэтыя парушэньні ў ў справядлівым судзе сталі б падставай скасаваць прысуды. Кажа экспэрт Цэнтру Аляксей Казьлюк.


"Мы мяркуем, што такія пяціхвілінныя суды, без допуску публікі, без сьведак і адвакатаў, трэба абскарджваць. Мы маем такія магчымасьці і закон гэта дазваляе. Бо праблема несправядлівага суду ня ёсьць толькі праблемай пацярпелых ад такога суду, а гэта праблема ўсяго грамадзтва. Такія факты падрываюць судовую сыстэму і давер да яе грамадзян".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG