Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 лютага ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачнецца разгляд двух пазоваў "Аўтарадыё" – да Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні і да Міністэрства інфармацыі. Радыёстанцыя просіць прызнаць незаконнымі рашэньне камісіі аб спыненьні вяшчаньня "Аўтарадыё" і папярэджаньне Мінінфарму. 1 лютага адбылося падрыхтоўчае паседжаньне, падчас якога судзьдзя прыняў усе прадстаўленыя дакумэнты ад "Аўтарадыё" і водгук Міністэрства інфармацыі на абодва пазовы радыёстанцыі.


У лісьце за подпісам старшыні рэспубліканскай камісіі Алега Праляскоўскага тлумачыцца, што закрыцьцё папулярнай станцыі зьвязанае зь "невыкананьнем заяўленай творчай канцэпцыі", а таксама з распаўсюдам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў інфармацыі, "якая зьмяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці". Меліся на ўвазе, хутчэй за ўсё, словы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Дарэчы, гэтае ж выказваньне надрукавалі і "Советская Белоруссия", "Звязда", "Народная газета", "Минский курьер". Да таго ж, кандыдат выступаў і на дзяржаўным радыё з гэтай жа прамовай. Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан распавёў пра сваю размову з прадстаўнікамі Мінінфармацыі:

"Я кажу: а што вы рабіць будзеце? Беларускае радыё таксама будзеце закрываць?" Чыноўнікі Міністэрства юстыцыі пачалі шукаць ў Законе аб СМІ, як абараніць Беларускае радыё. Знайшлі! Там ёсьць артыкул аб вызваленьні ад адказнасьці, таму што гэта было ў наўпроставым эфіры. Што да газэт, гэта не праходзіць. Я жартую: вышэй чытайце, артыкул 52, там ёсьць яшчэ адзін пункт наконт інфармацыі, атрыманай ад палітычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў".

Юрыст, намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што даваць такія катэгарычныя ацэнкі можа толькі суд:

“Згодна з законам “Аб процідзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці” прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі можа толькі суд, а ня орган сувязі. Толькі суд, і толькі пасьля звароту ў яго Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. А ў нас такія рашэньні бярэ на сябе Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні”.

Што тычыцца другога пазову, пра неадпаведнасьць працэнтных суадносінаў тэматычных накірункаў да агульнага аб'ёму вяшчаньня" і правядзеньня конкурсу на атрыманьне частаты, Юры Базан кажа:

"Яны ж усе рашэньні прымаюць не на падставе Закона аб СМІ, а на падставе палажэньня аб правядзеньні конкурсаў 2003 года. Закон прынялі, а гэта палажэньне не адрэдагавалі наагул ніяк. То бок там санкцыі ў дачыненьні СМІ значна больш жорсткія , чым па Закону. Гэта адзін пункт. А другі пункт – "Аўтарадыё" наагул ні ў якім конкурсе ніколі ня ўдзельнічала і права на вяшчаньне па конкурсу не атрымлівала, а працавала яшчэ да таго, як была ўтворана гэта камісія".

Як адзначаюць юрысты БАЖ, Закон аб сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь быў прыняты ў 2008 годзе, а некаторыя палажэньні, падзаконныя акты, што тычацца мэдыяў, і былі зацьверджаныя значна раней, дагэтуль не прыведзеныя ў адпаведнасьць з Законам аб СМІ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG