Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем прыватных беларускіх выдавецтваў наладзілі супольны выставачны стэнд на міжнародным кніжным кірмашы, які цяпер адбываецца ў Менску.

На ім свае кнігі прэзэнтуюць выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Лімарыюс», выдавец Зьміцер Колас, «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», а таксама рэдакцыі часопісаў «ARCHE-пачатак», «Дзеяслоў» і «pARTisan».

Супольна яны арандавалі на кірмашы мінімальна магчымую выставачную прастору — 2 квадратныя мэтры. Каля стэнду гэтымі днямі адбываюцца сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі. І нашая сёньняшняя госьця – арганізатарка стэнду выдаўцоў беларускамоўнай літаратуры Марыя Мартысевіч.

Знаткевіч: Напярэдадні кірмашу ўкраінскія пісьменьнікі ў адкрытым лісьце на адрас украінскіх уладаў заклікалі да байкоту Менскага кніжнага кірмашу ў знак салідарнасьці з Уладзімірам Някляевым, які зараз зьняволены, і Наталкай Бабінай, у якой сканфіскавалі рукапіс новага раману. А маскоўскае выдавецтва "Время" адмовілася прэзэнтаваць на кірмашы зборнік паэзіі Ўладзімера Някляева "Акно". Генэральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак сказаў, што прэзэнтацыя адбудзецца толькі пасьля вызваленьня аўтара.

Ці варта было байкатаваць?

Мартысевіч: Што да Наталкі Бабінай, то хачу ўсіх запрасіць на аўтограф-сэсію яе раману на нашым стэндзе ў суботу а 3-ай гадзіне дня, а таксама на стэндзе польскага выдавецтва. Сама яна нягледзячы ні на што спадзяецца, што раман усё ж выйдзе, і хоча сустрэцца з чытачом. Што да салідарнасьці, то я ніколі б не рабіла гэты стэнд, каб мяне не падтрымала жонка Аляксандра Фядуты. Мне здаецца, што гэтая падзея ёй нават дапамагла разьвеяцца. Тое, што яна ўдзельнічае ў стэндзе, яе наадварот маральна падтрымлівае. Што да Някляева, я разумею гэтых выдаўцоў. Яны маглі быць проста асьцярожнымі, а ня проста дэкляратыўнымі. Толькі ўкраінскія пісьменьнікі маглі быць сапраўды шчырымі, рэвалюцыйна салідарнымі з намі. Быць героем знутры гета і звонку гета – гэта рознае. Нашы пісьменьнікі не баяцца выходзіць да чытача і выказваць, што яны думаюць без аглядак на цэнзуру і магчымыя наступствы.

Знаткевіч: Некаторыя зь іх скарысталі гэтую пляцоўку для таго, каб выказаць салідарнасьць са зьняволенымі літаратармі. Перад сваімі аўтограф-сэсіямі Ўладзімер Арлоў і Альгерд Бахарэвіч пайменна згадалі арыштаваных — Уладзімера Някляева, Аляксандра Фядуту і Паўла Севярынца. Ці прыцягнула гэта ўвагу наведнікаў?

Мартысевіч: Яны казалі тое. што яны думалі. Гэта была дэманстрацыя таго, што ў нас выспачка свабоды, нягледзячы на параною, якая пануе ў грамадзтве. Зрэшты, мне здаецца, што больш дакладны дыягназ нашаму грамадзтву ў гэтыя дні – гэта гістэрыя. Людзям не патрэбныя палітычныя лідэры, ім патрэбныя іконы. І сытуацыя вакол літаратуры гэтымі днямі гэта паказвае, наколькі людзям важныя нейкія сымбалічныя жэсты. Аўтары салідарныя і не баяцца пра гэта казаць. У такой сытуацыі лепей калі яны гавораць пра гэта, а не маўчаць.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG