Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Просьба жонак вязьняў «амэрыканкі» паедзе ў Маскву дыпляматычнай поштай


Болей за 20 сваякоў абвінавачаных у справе 19 сьнежня перадалі праз пасла Аляксандра Сурыкава зварот да прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Аляксандар Сурыкаў
10 лютага ў другой палове дня жонкі вязьняў «амэрыканкі» Мілана Міхалевіч, Марына Адамовіч і Вольга Бандарэнка сустрэліся з паслом Расеі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым і перадалі яму зварот да прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Зварот быў падпісаны напярэдадні больш як дваццацьцю сваякамі вязьняў «амэрыканкі». Але просяць у ім за ўсіх абвінавачаных у справе 19 сьнежня, кажа грамадзкая жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

«Гэта наш асабісты зварот да Мядзьведзева як чалавека, як мужчыны, як сем’яніна. З просьбай нейкім чынам паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, на сытуацыю з вызваленьнем нашых блізкіх, сваякоў. Мы перадалі зварот спадару Сурыкаву, які пацьвердзіў пазыцыю Расеі, якая раней была агучаная міністрам замежных спраў Лаўровым. Ад свайго імя пасол дадаў, што ён лічыць, што ўлада мусіць быць міласэрднай да сваіх грамадзян».

Паводле Марыны Адамовіч, пасол Расеі запэўніў, што перадасьць ліст да Мядзьведзева ў Маскву «найбліжэйшай дыпляматычнай поштай».

У вязьніцы на Валадарскага дагэтуль трымаюць двух грамадзян Расеі, якіх таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Гэта Арцём Брэўс і Іван Гапонаў. Намаганьні пасольства Расеі, каб ім зьмянілі меру стрыманьня, не даюць выніку. Усяго паводле падзей 19 сьнежня спачатку былі затрыманыя 11 грамадзян Расеі.

Артур Раманчук
Улады Беларусі працягваюць рэпрэсіі адносна ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня. 10 студзеня жыхар Горадні Артур Раманчук, пляменьнік былога кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, разам з участковым міліцыянтам наведаў СІЗА Кастрычніцкага раёну Горадні. Артур Раманчук днямі атрымаў пастанову суду, паводле якой ён павінен адбыць яшчэ 9 сутак пад арыштам. За ўдзел у Плошчы яго асудзілі на 12 сутак, але праз трое сутак выпусьцілі з Жодзінскай турмы паводле мэдычных прычын. Артур Раманчук кажа, што падрыхтаваўся да арышту, у тым ліку ўзяў кнігу на польскай мове, якую яму трэба прачытаць як навучэнцу Люблінскага ўнівэрсытэту. Малады чалавек кажа адносна мінулага і будучага арышту:

«Канечне, лепш было б тады дасядзець. Бо там я быў з такімі ж, як я, аднадумцамі. А тут давядзецца сядзець невядома з кім».

Пастанову суду Артур Раманчук атрымаў некалькі дзён таму, але паколькі хварэў на грып і меў мэдыцынскую даведку, яму дазволілі знаходзіцца дома. Але толькі да 10 лютага.

Напярэдадні шосты раз меў размову з супрацоўнікамі КДБ адносна падзей на плошчы менскі студэнт Юльян Місюкевіч. Хлопца забралі на допыт з заняткаў.

«Сядзеў спакойна на лекцыі, раптам выклікалі да дэкана, а адтуль забралі ў КДБ. Але я паўтарыў паказаньні, якія даваў мінулым разам. Вядома, ім не падабаецца, што я шмат кажу „ня ведаю“, але я фактычна ня ведаю.»

Юльян Місюкевіч адбыў за плошчу 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Малады чалавек працягвае вучыцца ва ўнівэрсытэце і здолеў нават здаць экзамэны «на стыпэндыю».
XS
SM
MD
LG