Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі чалавек пашкодзіў нагу і яму балюча на ёй стаяць, а тым больш хадзіць, яго трэба неадкладна везьці да лекара.

У лютым 2002 такое здарылася з прэзыдэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, калі ён катаўся на лыжах на горным альпійскім курорце. Мяркуючы па дакумэнтах, якія былі апублікаваныя аўстрыйскім журналістам Эрвінам Ротам, Аляксандру Лукашэнку зь яго невялікай (як потым высьветлілася) траўмай сьцягна адмыслова выклікалі верталёт хуткай дапамогі (коштам 7260 эўра), даставілі да лекараў, зрабілі лічбавы рэнтген (200 эўра), магнітна-рэзанансны здымак сьцягна (585 эўра).

Лукашэнку ў Аўстрыі аказалі пры траўме цалкам лягічную дапамогу, Саньнікаву ў Менску — не


Менскі мэдычны адмысловец Сяргей лічыць такое абсьледаваньне слушным:

Сяргей: "Цалкам лягічна. Спачатку зрабілі рэнтген — косьці цэлыя. Далей неабходна было глядзець стан мяккіх тканак — зьвязак, цягліц і г.д. — зрабілі МРТ. Гэта робіцца ў тым выпадку, калі косьці цэлыя, аднак чалавек усё роўна працягвае скардзіцца на болі. Пры нярэдкіх у такім веку зьменах у косьці, у тым ліку сустаўных захворваньнях, такія траўмы могуць мець самыя розныя наступствы. Так што хваляваньні пацыента цалкам зразумелыя".

У сьнежні 2010 году кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў атрымаў траўму нагі на плошчы Незалежнасьці ў цэнтры Менску. Актывіст грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Леанід Навіцкі, які ў той момант быў побач зь беларускім палітыкам, так апісвае выпадак на сайце "Хартыі":

"Салдаты ўнутраных войскаў з жалезнымі шчытамі пачалі наступаць... Было адчуваньне, што Саньнікава шукалі ў натоўпе і хацелі зьбіць. Мэтанакіравана білі. Андрэю зрабілася дрэнна, я думаў, што ён без прытомнасьці, ён ляжаў з заплюшчанымі вачыма... Пачаў яго трэсьці, тады ён сказаў, што жывы, але нага моцна пашкоджаная. Я спытаў потым Андрэя: як ён упаў? Ён распавёў, што нехта схапіў за нагу і вывернуў, каб ён паваліўся. Рана была сур'ёзная, ён ня мог потым ступіць на нагу".



У гелікоптэры патрэбы не было, аднак даставіць у траўмапункт на машыне належала неадкладна


З гледзішча менскіх мэдыкаў, выклікаць у такім выпадку гелікоптэр патрэбы не было, а вось даставіць пацярпелага на машыне ў траўмапункт належала неадкладна.

Сябры спрабавалі гэта зрабіць. Аднак на шляху ў шпіталь іх аўтамабіль спынілі. Палітыка, яго жонку Ірыну Халіп і астатніх, хто вёз і суправаджаў Саньнікава да лекара, гвалтоўна выцягнулі з машыны і павезьлі на Акрэсьціна.

Навіцкі: "Калі нас прывезьлі туды, ён (Саньнікаў) ужо знаходзіўся там, я дапамог яму дайсьці да "прылазьніка", там, дзе трымалі арыштаваных. Саньнікаву не давалі сесьці, ён зь цяжкасьцю стаяў на нагах. Так яго трымалі каля гадзіны. Мы патрабавалі аказаць яму мэдычную дапамогу, у турме была толькі мэдсястра. Потым нас разьвялі па камэрах, а яго павезьлі ў КДБ".

Пра стан здароўя Саньнікава няма ніякіх зьвестак ад 29 сьнежня. Тады, празь 10 дзён пасьля арышту, зь ім падчас допыту ўпершыню сустрэўся адвакат Павал Сапелка. Стан падабароннага Сапелка ахарактарызаваў як цяжкі. Паводле ягоных слоў, Саньнікаў выглядаў кепска, было відаць, што ён ледзь ходзіць, ледзь стаіць і адчувае моцныя болі з-за траўмы.

Як сьведчыць маці экс-кандыдата на прэзыдэнта Ала Саньнікава, у некалькіх лістах, якія яна атрымала, пра гэтую траўму няма нічога. Андрэй піша, што "здаровы" (ён увогуле ня мае звычкі скардзіцца на хваробы), аднак просіць перадаць пэўныя болесуцішальныя прэпараты.

Сёньня, 10 лютага, падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БЕЛТА міністар аховы здароўя Васіль Жарко на пытаньне "Свабоды" пра стан здароўя зьняволеных экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і дыягназы, якія ім паставілі лекары, адказаў гэтак:

"Усім ім у поўнай меры аказваецца мэдычная дапамога. Нараканьняў няма".

Ніякіх дэталяў наконт характару дапамогі і самога лячэньня міністар не паведаміў.

Неабходна было зрабіць рэнтген у дзьвюх праекцыях на добрым апараце


Як кажа лекар Сяргей, згодна з Канстытуцыяй кожны беларускі грамадзянін — у турме ці на свабодзе — мае права на належную мэдычную дапамогу.

"Спачатку элемэнтарны агляд лекара — шаволіцца не шаволіцца. Потым абавязковы для ўсіх траўмаў — пераломаў, вывіхаў, ушыбаў — рэнтген. Як правіла, у дзьвюх праекцыях. Прычым не на абы-якім апараце, а на добрым. Часам бывае, што надкостніца не пераламаная, затое пераламаная косьць. Бывае, нічога не знаходзяць, а скаргі ёсьць. Трэба тады шукаць далей. Усё гэта абавязкова павінны глядзець траўматоляг і рэнтгеноляг, які мае досьвед працы менавіта з рэнтгенаграмамі траўматалягічнага зьместу..."

"Свабода": "Наколькі могуць быць небясьпечнымі пераломы ў 50-гадовым узросьце?"

Сяргей: "На тле тых жа хваробаў суставаў, розных рэўматалягічных праблем усялякія ўшыбы, пераломы, траўмы працякаюць цяжэй, чым на тле абсалютнага здароўя. У любым выпадку гэта нашмат больш балюча. Што да ўжываньня абязбольвальных прэпаратаў, то гэта ўсяго толькі паліятыў. А калі ў чалавека праблема, якая вырашаецца хірургічным шляхам? Або яму трэба накласьці гіпс і трымаць яго пэўны час? Або ў яго знайшлі вадкасьць у суставе, якую трэба адпампаваць? Пытаньне ўсё ў асноўнай тэрапіі. Абязбольвальнага ня трэба ўжываць зашмат. Бо абязбольвальная тэрапія мае свае пабочныя ўзьдзеяньні на арганізм. На кроў, на страўнік, шмат на што".

З улікам узросту пры кансалідацыі косьці неабходнае падкантрольнае ўжываньне кальцыю ці курага


У сваю чаргу, другі менскі адмысловец, Ігар, лічыць, што ва ўмовах, у якіх апынуўся палітык, з улікам высокай верагоднасьці неаказаньня яму адэкватнай мэдычнай дапамогі болі ў канечнасьці могуць цягнуцца больш за год. Без анальгетыкаў тут абысьціся цяжка. З улікам ня надта добрай у 50-гадовым узросьце кансалідацыі тканак доктар звычайна раіць сваім пацыентам з траўмамі канечнасьцяў прэпараты з утрыманьнем кальцыю.

Ігар: "У любой аптэцы заўсёды можна знайсьці прэпараты кальцыю для кансалідацыі касьцей. Гэта і глюканат кальцыю, і кальцый Д-3. Але ўсё гэта трэба рабіць, кантралюючы біяхімічны склад крыві. Бо калі кальцыю зашмат, то пачнуцца парушэньні ў працы сэрца. Калі не ўжываць спэцыфічных прэпаратаў, тады неабходная адпаведная дыета: тварог, курага, грэцкія арэхі, чорны хлеб — усе гэтыя прадукты багатыя на кальцый. Таксама багатыя на кальцый усе малочныя прадукты".

У якасьці даведкі:

1.Багатыя на кальцый курагу і іншыя сухафрукты ў СІЗА КДБ забаронена перадаваць ад 31 сьнежня. Як сьведчаць палітвязьні, вызваленыя зь СІЗА КДБ па пад падпіску аб нявыезьдзе, ні тварог, ні іншыя малочныя прадукты ў рацыён гэтай установы не ўваходзяць.

2. Паводле былых савецкіх дысыдэнтаў, падчас іх утрыманьня ў КДБ арыштаваным ствараліся такія ўмовы, каб справакаваць абвастрэньне хранічных хваробаў. Такім чынам у чалавека выклікалі сталае адчуваньне фізычнага болю, каб атрымаць патрэбныя паказаньні. Праваабаронцы прыраўноўваюць падобныя допыты да катаваньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG