Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войска ў Эгіпце падтрымае людзей


Прадстаўнікі ўзброеных сілаў Эгіпту агучылі сёньня сваю афіцыйную пазыцыю адносна пратэстаў. У тэлезвароце па дзяржаўным тэлебачаньні вайскоўцы заявілі, што "зробяць усе неабходныя захады для абароны нацыі".

Вайскоўцы заявілі, што пойдуць насустрач законным патрабаваньням дэманстрантаў. “Прэзыдэнт Эгіпту выканае патрабаваньні пратэстоўцаў,” – прагучала ў заяве вайскоўцаў.

Раней сёньня міністар замежных спраў Эгіпту заявіў у тэлеінтэрвію, што ў выпадку, калі працэсу рэформаў будуць перашкаджаць "авантуры", існуе небясьпека, што ў палітычны працэс можа ўмяшацца войска.

Паступаюць паведамленьні, што прэзыдэнт Хосьні Мубарак можа пайсьці ў адстаўку цягам бліжэйшых гадзін. Аб гэтым ў інтэрвію ВВС заявіў эгіпецкі прэм’ер Ахмэд Шафік, які дадаў, што сытуацыя неўзабаве павінна праясьніцца.

Генэральны сакратар кіроўнай Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Хасан Бадраві ў інтэрвію ВВС заявіў, што Мубарак можа найбліжэйшым часам перадаць уладу віцэ-прэзыдэнту краіны Амару Сулейману і дадаў, што прэзыдэнт можа неўзабаве выступіць са спэцыяльным зваротам да нацыі.

Вядучыя тэлекампаніі сьвету вядуць жывую трансьляцыю з Каіру, дзе сабраліся тысячы дэманстрантаў. Жывую трансьляцыю можна глядзець і ў інтэрнэце (http://www.bbc.co.uk/news/world-middle-east-12307698).
XS
SM
MD
LG