Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак у сваім тэлевыступе паўтарыў, што не зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у верасьні, аднак не абвясьціў, як чакалася, пра сваю неадкладную адстаўку.

Прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак у сваім тэлевыступе да нацыі пацьвердзіў ранейшае абяцаньне не балятавацца на новы тэрмін у верасьні, але не абвясьціў, як чакалася, аб неадкладным сыходзе ў адстаўку.

Ён заявіў, што зьвяртаецца, да прысутных на плошчы Тахрыр і сказаў, што загінулыя ў ходзе падзей апошніх тыдняў людзі "памерлі не дарма".

Як перадае тэлеканал "Аль-Джазіра", на плошчы знаходзяцца да трох мільёнаў чалавек. Карэспандэнт Сі-эн-эн, які таксама знаходзіцца на месцы падзей, назваў гэта перабольшаньнем, але пацьвердзіў, што плошча запоўненая народам.

"Аль-Джазіра" і Сі-эн-эн паказваюць ў жывым эфіры дэманстрантаў, якія адрэагавалі на словы Мубарака гучнымі крыкамі: Сыходзь, сыходзь!". Пасьля адмовы Мубарака сыходзіць натоўп асабліва ўзрушыўся.

Праз паўгадзіны пасьля заканчэньня выступу Хосні Мубарака на экранах нацыянальнага тэлебачаньня зьявіўся віцэ-прэзыдэнт краіны Амар Сулейман.

Ён падтрымаў Мубарака, які адмовіўся пакінуць сваю пасаду, і таксама казаў пра "паступовую перадачу ўлады ў адпаведнасьці з законам і канстытуцыяй" і выказаў неабходнасьць "нацыянальным дыялёгу".

Сулейман таксама заклікаў маладых людзей, якія сабраліся на плошчы Тахрыр "вярнуцца дадому і на працу", назваўшы іх пры гэтым "героямі Эгіпту" і параіўшы не прыслухоўвацца да "спадарожнікавых тэлеканалаў", які не назваў.

Чацьвер стаў 17-м днём пратэстаў, удзельнікі якіх патрабуюць, каб Мубарак, які кіруе ўжо 30 гадоў, сышоў у адстаўку.

Раней прэм'ер Эгіпту Ахмэд Шафік паведаміў Арабскай службе Бі-бі-сі, што магчымасьць сыходу прэзыдэнта абмяркоўваецца.

Жывую трансьляцыю зь месца падзеяў вядзе тэлеканал Al Hurra:



Жывая відэатрансьляцыя з Каіру на тэлеканале Al Jazeera:




Хосьні Мубарак – эгіпецкі вайсковы, палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэзыдэнт Эгіпту ў 1981-2011.

Мубарак нарадзіўся ў 1928 г. у малой вёсцы ў дэльце Нілу. У 1949-1974 гг. ён служыў у арміі, у якой дайшоў да пасадаў камандуючага вайскова-паветранымі сіламі і намесьніка міністра абароны краіны. У 1959-1960 і 1964-1965 гг. Мубарак абучаўся ў СССР, у тым ліку ў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1975 г. прэзыдэнт Эгіпту Анвар Садат назначыў Мубарака віцэ-прэзыдэнтам краіны. Калі Садат быў забіты ісламістамі падчас вайсковага параду 6 кастрычніка 1981 г., Мубарак стаў прэзыдэнтам і ўвёў у краіне надзвычайнае становішча.

Прэзыдэнт Мубарак быў пераабраны большасьцю галасоў на рэфэрэндумах у 1987, 1993 і 1999 гадах. Галасаваньне праходзіла па адзінай кандыдатуры. Неабходнасьць рэфэрэндумаў абгрунтоўвалася захаваньнем надзвычайнага становішча ў краіне, выкліканага абвастрэньнем ісламскай праблемы.

26 верасьня 1999 г. у Эгіпце прайшоў рэфэрэндум аб падаўжэньні на шэсьць гадоў прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Мубарака, па выніках якога ён захаваў пасаду прэзыдэнта, атрымаўшы падтрымку ў 93,79% галасоў.

У 2005 годзе былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, дзякуючы якім партыі атрымалі права вылучаць сваіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Першыя выбары па новай сыстэме прайшлі 7 верасьня 2005 года. Як і чакалася, Мубарак атрымаў перамогу. Законнасьць гэтых выбараў ставіцца пад сумнеў, паколькі было зафіксавана мноства парушэньняў.

29 студзеня 2011 г., пяць дзён пасьля пачатку вулічных пратэстаў супраць свайго кіраўніцтва, Мубарак назначыў віцэ-прэзыдэнтам Амара Сулеймана, які да таго часу быў шэфам эгіпецкай спэцслужбы.


Амар Сулейман – віцэ-прэзыдэнт Эгіпту з 29 студзеня.

Сулейман нарадзіўся ў 1936 годзе. Як і Мубарак, ён пачынаў сваю кар’еру ў арміі і ў свой час праходзіў абучэньне ў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1993 г. Сулейман стаў шэфам эгіпецкай спэцслужбы і захаваў гэтую пасаду да назначэньня віцэ-прэзыдэнтам.

Экспэрты лічаць, што Сулейман падзяляе погляды Мубарака на ключавыя пытаньні эгіпецкай палітыкі, у тым ліку на дачыненьні з Іранам, Ізраілем і ЗША ды на адносіны з ісламісцкім рухам "Братоў-мусульманаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG