Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд зноў апраўдаў Хамайду і бел-чырвона-белы сьцяг


Барыс Хамайда
Барыс Хамайда
Міліцыянты ўжо другі раз затрымліваюць Барыса Хамайду зь бел-чырвона-белым сьцягам, вінавацячы ў несанкцыянаваным пікетаваньні, а судзьдзі прызнаюць, што пікету не было.

Судовую справу апазыцыянэра, затрыманага за тое, што 7 лютага ў цэнтры гораду Барыс Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу пад вялікім бел-чырвона-белым сьцягам, разьбірала судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук.

Міліцыянты склалі на Барыса Хамайду пратакол за парушэньне артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства — за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. Але судзьдзя скасавала справу, бо ня ўбачыла ў дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня.

Аналягічная сытуацыя ў Чыгуначным райсудзе ўжо была. 4 лютага іншая судзьдзя, Алена Цыганкова, таксама апраўдала апазыцыянэра, якога затрымалі зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Барыс Хамайда нагадаў, што ў дзень першага затрыманьня, 3 студзеня, ён абвясьціў бестэрміновую акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. Тады ён прастаяў пад сьцягам каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна — усяго пару хвілін: яго затрымалі амаль адразу.

Цяпер, мяркуе спадар Хамайда, міліцыянты распрацавалі новую тактыку: штораз завозіць яго ў пастарунак, далей ад вачэй мінакоў — каб тыя ня бачылі бел-чырвона-белага сьцяга.

Апраўдальная судовая пастанова на супрацоўнікаў міліцыі ня дзейнічае: яны ўсё адно складаюць пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне.

Барыс Хамайда кажа, што будзе працягваць акцыю, нягледзячы на любы ціск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG