Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуналка падаражэла задняй датай, пра падаражэньне цукру папярэдзілі загадзя


З 12 лютага ў Беларусі істотна падвышаюцца цэны на цукар — зноў на 10%. Цукар даражэе другі раз меней чым за месяц. Задняй датай — з 1 лютага — павялічыліся тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. Прычым электраэнэргія падаражэла на 31%, газ па асобных пазыцыях — больш чым удвая.

Апошні раз цэны на цукар павялічваліся два тыдні таму: з 26 студзеня яны таксама вырасьлі ў сярэднім на 10%. Мінэканомікі тлумачыць, што рашэньне прынятае «па прапанове канцэрну „Белдзяржхарчпрам“ і Міністэрства гандлю для кампэнсацыі падаражэньня цукру-пяску і з улікам вышэйшых розьнічных цэн на цукар-пясок, якія складаюцца ў сумежных дзяржавах». Такім чынам, кіляграм цукру з 12 лютага будзе каштаваць як мінімум 3600 рублёў. А цэны на грэчку зьдзівілі нядаўна нават намесьніцу міністра сельскай гаспадаркі Надзею Каткавец: 900-грамовы пакет крупаў расейскай вытворчасьці каштуе 16 тысяч.

Андрэй Юркоў
Экспэрт у пытаньнях сельскай гаспадаркі, выкладчык Горацкай сельгасакадэміі Андрэй Юркоў:

«Мы меней маем мажлівасьцяў уплываць на кошт менавіта цукру, чым грэчкі. Таму што па цукры мы не асноўныя вытворцы. У дадзенай сытуацыі цэны на цукар растуць чаму? Таму што растуць цэны на ўсясьветных рынках. А што тычыцца грэчкі, мы б маглі засыпаць ёю сябе і суседзяў. Але грэчка не дае занадта высокіх ураджаяў. А гонка за валам, за ростам ВУПу і выкінула грэчку з нашых калгасаў. Практычна ніхто ёй не займаецца, таму што тады ня выканаеш плянаў. А тут „давай збожжа 10 мільёнаў тон, і ўсё“. Ну, значыць, будзем грэчку за 16 тысяч купляць, а збожжа сваё за капейкі прадаваць».

Эканаміст Міхал Залескі, што да росту цэнаў, выказаў такое меркаваньне:

Міхаіл Залескі
«Калі грошы не бяруцца звонку, яны бяруцца зь сярэдзіны. Ёсьць розныя спосабы іх узяць. Далей — гэта ўжо тэхнічныя праблемы, якія вырашаюць Міністэрства фінансаў, Нацыянальны банк, Міністэрства эканомікі, Міністэрства гандлю — яны ўсе будуць нейкім спосабам спрабаваць гэтыя грошы спагнаць: ростам коштаў, тарыфаў».

Людзі яшчэ не адышлі ад шоку, які выклікалі жыроўкі за сьнежань: тады падвышэньне камунальнікі тлумачылі халодным надвор’ем: маўляў, паліва шмат пайшло на ацяпленьне. Праз пару дзён прыйдуць новыя квіткі. З 1 лютага істотна даражэе электраэнэргія: ад 12 да 31,4%. Кошт халоднай вады павялічыўся на 21,2%. Па асобных пазыцыях газ падаражэў больш чым удвая. Некалі кіраўнік краіны прадэкляраваў, што кошты жыльлёва-камунальных паслуг могуць павялічвацца ня болей як на 5 даляраў у год, і часьцяком гэтую лічбу паўтарае. Хоць нават нескладаныя арытмэтычныя падлікі сьведчаць, што гэта далёка ня так.

Залескі: «Справа ў тым, што з гэтым разьбірацца вельмі цяжка: там жа ўсялякія хітрыкі могуць быць. Гэта можа быць зьвязана зь пераразьлікам за мінулы год, гэта можа быць зьвязана з падвышэньнем, якое адбываецца ў межах пяці даляраў, якія дэкляраваў Лукашэнка. Можа быць па-ўсякаму, там канцоў ня знойдзеш. Праўда, бальшыня людзей сярэдняга дастатку не спрабуе нават і аналізаваць гэтыя плацёжныя дакумэнты. Гэта чыста беларускі падыход: калі чалавек ня можа зь нечым змагацца, ён проста махае на гэта рукой…»

А звычайныя беларусы ўжо стаміліся нават абурацца ростам цэн і тлумачаць усё проста:

«За кошт нашых кашалькоў прэзыдэнт цяпер будзе кампэнсаваць той залаты дождж, які праліўся на выбарцаў перад выбарамі, з дапамогай якога ён хацеў купіць сабе галасы і ляяльнасьць простых беларусаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG