Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Эўразьвязу абвяшчаюць пра адмену платы для беларусаў за нацыянальныя візы. Днямі ўсьлед за Польшчай і Латвіяй пра гэта заявілі Нямеччына і Эстонія. Але ці закране гэтае візавае паслабленьне значную колькасьць беларускіх грамадзянаў і ці істотна памяняе візавую палітыку Эўразьвязу?

Нямеччына ад 4 лютага афармляе нацыянальныя візы для грамадзянаў Беларусі, не спаганяючы консульскі збор. Гэтыя візы выдаюцца асобам, якія плянуюць знаходзіцца ў Нямеччыне больш за 3 месяцы, напрыклад, з мэтай узьяднаньня сям’і, дзеля вучобы ці працы. Эстонія таксама абвясьціла, што адмяняе консульскі збор за нацыянальную візу ад 1 сакавіка. Яе выдаюць тым, хто зьбіраецца ў Эстонію на кароткатэрміновую працу — да прыкладу, прадстаўнікам творчых прафэсій, выкладчыкам, студэнтам ці спартоўцам. Камэнтуючы гэты крок Нямеччыны і Эстоніі, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных адзначыў:

Андрэй Савіных
«Калі гэтая інфармацыя будзе афіцыйна пацьверджана, то мы пазытыўна ўспрымем гэтыя крокі. Як, між іншым, і любыя іншыя, якія накіраваныя на разьвіцьцё кантактаў паміж нашымі краінамі. Мы не зьмяняем гэтую пазыцыю нават сёньня, калі Эўропа імкнецца перарваць дыялёг на ўрадавым узроўні і прымае рашэньні, якія паглыбляюць лініі падзелу на эўрапейскім кантынэнце. У гэтых умовах, магчыма, хоць на ўзроўні народнай дыпляматыі нам удасца данесьці да нямецкага і эстонскага грамадзтва праўду пра рэальную сытуацыю ў нашай краіне, якую іх палітычны істэблішмэнт старанна намагаецца ігнараваць».

Аднак у абедзьвюх амбасадах заявілі, што гэтае паслабленьне не закранае кароткатэрміновых прыватных і дзелавых візытаў. Гэта тычыцца, да прыкладу, дзелавых, турыстычных паездак ці наведваньня сяброў і сваякоў. Для іх трэба мець шэнгенскую візу, кошт якой застаецца ранейшым — 60 эўра. Кіраўніца офісу за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская адзначае, што ў сёньняшняй сытуацыі істотныя зрухі ў візавым пытаньні малаверагодныя. Паміж Эўразьвязам і Беларусьсю павінна быць падпісана адпаведная дамова.

Вольга Стужынская
«Размовы пра яе нават не пачаліся. Камісія толькі выказала свае прапановы Радзе Эўразьвязу. Рада ЭЗ павінна даць мандат на пачатак гэтых перамоваў. У такой сытуацыі, як сёньня, калі стасункі паміж Брусэлем і Менскам напружаныя, я нават ня ўпэўнена, што абодва бакі зацікаўленыя пра гэта размаўляць».

Амбасада Нямеччыны адзначае, што фэдэральны ўрад пасьлядоўна выступае за аблягчэньне візавага рэжыму для беларусаў. Менавіта таму, напрыклад, у 2010 годзе траціна ўсіх шэнгенскіх візаў афармлялася бяз консульскага збору, у тым ліку для дзяцей, якія накіроўваліся на аздараўленьне, удзельнікаў моладзевых і студэнцкіх абменаў, дзеячаў мастацтва, сябраў праваабарончых і рэлігійных арганізацый.

Прадстаўнік польскай амбасады ў Беларусі Павал Марчук таксама адзначыў, што Польшча пасьлядоўна дамагаецца адмены візаў для грамадзянаў Беларусі, але гэтае рашэньне павінна быць узгоднена ўсімі сябрамі Эўразьвязу. Ад 1 студзеня 2011 году Польшча адмяніла плату за нацыянальныя візы. Аднак, паводле Паўла Марчука, попыт на польскія візы пакуль захоўваецца на ранейшым узроўні:

«Трэба ўлічваць адну асаблівасьць, што нацыянальныя візы — доўгатэрміновыя. Яны выдаюцца тым, хто едзе больш чым на 90 дзён у Польшчу. Гэта не турызм. Гэта больш сур’ёзныя намеры, і думаю, што адмена збору за гэтую катэгорыю візаў не паўплывае неяк асабліва на колькасьць выдадзеных візаў.Тое, што Польшча магла зрабіць, яна зрабіла адразу. А што да агульнай візавай палітыкі Эўразьвязу, то тут, вядома, патрэбны яшчэ час».

Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што скасаваньне платы за нацыянальныя візы, пра што ўжо аб’явілі Латвія, Польшча, Эстонія і Нямеччына, закране вельмі малую частку беларускіх грамадзянаў. Што да больш істотных рашэньняў, то яны прадугледжваюць узаемадзеяньне з урадамі:

«Такія правілы Эўразьвязу, што адначасова з пагадненьнем аб спрашчэньні візавага рэжыму павінен быць пэўны мандат у Эўракамісіі і павінна быць падпісана дамова аб рэадмісіі. Такога пагадненьня няма зь Беларусьсю. Зважаючы на сёньняшні стан адносін паміж ЭЗ і афіцыйным Менскам, тым цяжэй спадзявацца, што такія перамовы адразу пачнуцца і змогуць даць вельмі хуткі, пазытыўны вынік».

Суседняя Літва раней абяцала выступіць з ініцыятывай, каб грамадзяне Беларусі атрымлівалі літоўскія нацыянальныя візы бясплатна альбо за сымбалічную цану. Літоўскі бок прапанаваў беларускім чыноўнікам зрабіць гэта на двухбаковай аснове. Аднак пытаньне пакуль застаецца нявырашаным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG