Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ЗША супраць "Белнафтахіму" ўступілі ў дзеяньне


11 лютага набылі моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Лідзкая лякафарба» і ААТ «Полацак-Шкловалакно». Гэтыя захады ЗША — рэакцыя на разгон мірнай акцыі апазыцыі 19 сьнежня ў Менску і масавыя арышты яе ўдзельнікаў.

Дзярждэпартамэнт ЗША яшчэ 31 студзеня абвясьціў пра ўвядзеньне аднабаковых санкцыяў і ануляваў дакумэнт, які дазваляў амэрыканскім грамадзянам заключаць пагадненьні зь беларускімі прадпрыемствамі «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно». Сёньня карэспандэнты «Свабоды» цікавіліся, як ацэньваюць магчымыя страты ў калектывах беларускіх прадпрыемстваў.

ПОЛАЦАК


«Кіраўніцтву выгадна, каб шараговыя працаўнікі ня ведалі, наколькі сур’ёзныя санкцыі ЗША»


Кіраўніцтва прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» пераконвае рабочых, што аднаўленьне санкцый з боку ЗША аніяк не адаб’ецца на іх заробках, кажа актывіст суполкі Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах. У газэце-шматтыражцы «Працоўная зьмена» зьявіліся артыкулы пра тое, што хвалявацца з гэтае нагоды няма ніякіх падставаў:

«Тое, што адбываецца, маўляў, гэта нейкія дробязі, нас гэта ўсё ня тычыцца. Пакуль праблема не агучваецца, яе нібыта й няма. Хоць прадпрыемства страчвае мільёны. Гэта ім выгадна, каб рабочыя ня ведалі, наколькі санкцыі — гэта сур’ёзная справа насамрэч».

Мікола Шарах падкрэсьлівае, што санкцыі ўведзеныя супраць усяго канцэрну «Белнафтахім», у які ўваходзіць прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно». Іх увялі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006-га году, а праз пэўны час адмянілі — калі былі вызваленыя тагачасныя палітвязьні, і ў прыватнасьці Аляксандар Казулін. З тае пары рашэньне пра адмену санкцый пераглядалася кожныя паўгода. Апошні раз ЗША іх прыпынілі да сёлетняга траўня, аднак з улікам цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі санкцыі ў дачыненьні да прадукцыі прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» былі адноўленыя.


Амэрыканскія спажыўцы набывалі досыць дарагую прадукцыю


У інтэрвію беларускаму тэлебачаньню начальнік упраўленьня маркетынгу прадпрыемства Аляксандар Краско сказаў, што праз аднаўленьне санкцый пацярпіць хіба толькі амэрыканскі бок. Маўляў, сваю прадукцыю «Полацак-Шкловалакно» экспартуе ў 40 краін сьвету, і толькі 5% экспарту ішло ў ЗША.

Гэтая лічба сьвядома заніжаная, лічаць шараговыя працаўнікі. У выніковай справаздачы за 2010 год, надрукаванай у газэце «Працоўная зьмена», згадваецца, што амэрыканскія спажыўцы куплялі 6,9% усяе прадукцыі прадпрыемства. Прычым гэта прадукцыя складанай вытворчасьці і рэдкіх уласьцівасьцяў, а таму досыць дарагая.

Адмова ЗША ад супрацоўніцтва замарозіць заробкі і затрымае тэхнічны прагрэс


У адміністрацыі перакананыя, што для шэрагу амэрыканскіх партнэраў «Полацак-Шкловалакно» — гэта адзіны пастаўшчык такога кшталту прадукцыі. Але ў такім разе прадпрыемству давядзецца шукаць або нейкага пасярэдніка, які будзе мець свой прыбытак, перапрадаючы прадукцыю ў ЗША, або — новыя рынкі збыту.

У любым выпадку гэта адаб’ецца на разьвіцьці вытворчасьці. І рабочыя ўжо пытаюцца, чаму няма абяцанага росту заробкаў, кажа старшыня прафсаюзнай суполкі Віктар Стукаў:
Народ ужо пытаецца: «Што гэта такое, дзе нашы грошы?».

«Людзі кажуць, што наш заробак проста больш ня будзе расьці. 1 мільён 370 тысяч заробак у нас быў сярэдні за мінулы год. Але ж ёсьць і прыбіральшчыцы, якія нашмат менш атрымліваюць… Вядома, няхай бы заробак рос, мы ня супраць. Мы ж яшчэ чакаем абяцанага нам падвышэньня ў 2011 годзе. А яго няма. І народ ужо пытаецца: «Што гэта такое, дзе нашы грошы?»

«Магчымыя абурэньні шараговых працаўнікоў»


Свабодны прафсаюз у апошнія месяцы мінулага году актыўна дамагаўся, каб заробкі на прадпрыемстве падвысілі. І адміністрацыя абяцала, што з 1 лютага будуць перагледжаныя тарыфныя стаўкі. Аднак цяпер, калі месяц ужо пачаўся, пра гэта ніхто ня згадвае. На думку прафсаюзных актывістаў, кіраўніцтва можа скарыстаць сытуацыю, каб заявіць, што грошай няма, а ўва ўсім вінаваты амэрыканскія санкцыі, якія ўступяць у сілу з 11 лютага.

Але рабочых такое тлумачэньне не задаволіць, кажа Віктар Стукаў, бо раз адміністрацыя заяўляла, што ніякіх праблем ня будзе, то няхай і адказвае за свае словы. А людзі ведаюць, што аднаўленьне санкцыяў мае палітычныя прычыны — рэпрэсіі супраць апазыцыйных палітыкаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў:

«Усе ведаюць, таму што інфармацыя прайшла. Ужо напрыканцы году былі абурэньні рабочых — тых, хто палітыкай цікавіцца, тут ёсьць такія. Хто чытае, глядзіць інтэрнэт — той усе ведае!»

ЛІДА


На ААТ «Лякафарба» кажуць, што санкцыяў не баяцца. Экспэрты лічаць інакш


Ад сёньняшняга дня ўступаюць у дзеяньне санкцыі ЗША супраць лідзкага прадпрыемства «Лякафарба», якое ўваходзіць у канцэрн «Белнафтахім». На прадпрыемстве нібыта не зьвяртаюць на гэта ўвагі, але і размаўляць на гэтую тэму ня хочуць.

Загадчык камэрцыйнага аддзелу лідзкага прадпрыемства ААТ «Лякафарба» Сяргей Кулакоўскі, пачуўшы маё пытаньне наконт таго, як адаб’юцца санкцыі ЗША на іх прадпрыемстве, адмовіўся пра гэта гаварыць праз тэлефон.

А вось загадчыца аддзелу маркетынгу Алена Новік выказала толькі зьдзіўленьне:

Абсалютна ніяк гэта на нас гэта не адаб’ецца, бо з ЗША мы даўно не працуем.
«Абсалютна ніяк гэта на нас гэта не адаб’ецца, бо з ЗША мы даўно не працуем. І наагул мы не разумеем, чаму наша прадпрыемства трапіла пад гэтыя санкцыі. Ні на эканоміцы прадпрыемства, ні на нашых продажах гэта не адаб’ецца. Сёньня мы экспартуем прадукцыю ў 29 краін, і сярод іх няма ЗША».

Рабочыя прадпрыемства, зь якімі давялося паразмаўляць, кажуць, што ў іхнім асяродку гэтую праблему наагул не абмяркоўваюць. Адзін зь іх заўважыў, што зарабляе цяпер адзін мільён дзьвесьце тысяч і на сёньняшні дзень гэта яго задавальняе, бо знайсьці ў Лідзе іншую працу з такім заробкам праблематычна.

Незалежныя экспэрты ў галіне нафтахіміі, аднак, выказваюць меркаваньне, што ЗША, выбраўшы для санкцый канкрэтныя прадпрыемствы, усё ж пралічвалі крокі наперад.

Экспэрт: «ЗША ня толькі ня купяць, але й не прададуць»


І што непасрэдна тычыцца ААТ «Лякафарба»: адзін з экспэртаў зьвяртае ўвагу на тое, што высокатэхналягічнае абсталяваньне для перапрацоўкі прадуктаў нафтахіміі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці лякаў і фарбаў, закуплялася прадпрыемствам менавіта ў амэрыканскіх фірмаў.

Спадар: «Амэрыканцы спрабуюць гэтым самым перакрыць канал павышэньня эфэктыўнасьці выкарыстаньня прадуктаў нафтаперапрацоўкі, спрабуюць перакрыць выкарыстаньне высокіх тэхналёгій. І гэта, дарэчы, як на прадпрыемстве «Шкловалакно», так і на ААТ «Лякафарба».

Удалося паразмаўляць і з дырэктарам прадпрыемства ААТ «Лякафарба» Іванам Сідаравым. Ён адназначна заявіў, што санкцыі ЗША на працы іхняга прадпрыемства не адаб’юцца. А што тычыцца закупу высокатэхналягічнага абсталяваньня, то пра гэта, зь ягоных слоў, яму «нічога не вядома».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG