Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: лёс арыштаваных расейцаў вырашыць толькі суд


Лёс арыштаваных у Менску па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня грамадзянаў Расеі вырашыць толькі суд. Аб гэтым заявіў 10 лютага прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

"Для таго каб правільна ацэньваць сытуацыю, якая склалася, трэба адзначыць, што амбасада Расеі была своечасова паінфармаваная аб затрыманьні гэтых грамадзян. Для супрацоўнікаў амбасады Расеі была прадастаўлена магчымасьць сустрэчы з затрыманымі безь якіх-небудзь абмежаваньняў", - адзначыў Савіных.

Ён падкрэсьліў, што "затрыманым прад'яўленыя абвінавачваньні, так што ўсе публікацыі ў СМІ, у якіх гаворыцца аб адваротным, не адпавядаюць рэчаіснасьці".

"Крымінальная справа на гэтых грамадзян перададзена ў пракуратуру для накіраваньня ў суд. Іх далейшы лёс вырашыць толькі суд", - сказаў прэс-сакратар МЗС.

Па словах Савіных, расейскі бок "у поўным аб'ёме валодае інфармацыяй па дадзеным пытаньні і ведае, што дадзенае расьсьледаваньне праводзілася строга ў рамках існуючага заканадаўства з захаваньнем грамадзянскіх правоў затрыманых".

Прэс-сакратар таксама адзначыў, што "гэтая сытуацыя вельмі падобная на справу беларускага грамадзяніна Ігара Беразюка". Беразюк, нагадаем, абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Маскве на Манежнай плошчы.

"Як уяўляецца, справы такога роду павінны вырашацца выключна ў рамках існуючага заканадаўства і прававога поля. Любыя дзеяньні, якія могуць быць клясыфікаваны як ціск на суд або органы сьледзтва, недарэчныя і супрацьпраўных", - заявіў Савіных.

Як паведамлялася раней, сытуацыя з затрыманымі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня ў Менску расейскімі грамадзянамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам стала галоўнай тэмай сустрэчы статс-сакратара - намесьніка міністра замежных спраў Расеі Грыгорыя Карасіна зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым 9 лютага ў Менску.

8 лютага міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў чарговы раз заклікаў беларускія ўлады вызваліць затрыманых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. "Тое, што адбылося пасьля выбараў, было абсалютна непатрэбным і непрымальным. Мы заклікаем вызваліць кандыдатаў у прэзыдэнты, вызваліць журналістаў, праваабаронцаў, а таксама і двух нашых грамадзян, якім да гэтага часу не прад'яўлены ніякія абвінавачваньні", - сказаў Лаўроў.

8 лютага таксама стала вядома, што хадайніцтва адвакатаў аб спыненьні крымінальнай справы ў адносінах да расейцаў Івана Гапонава і Арцёма Брэўса было адхілена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG