Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дацэнт гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Лялікаў апісвае ўласны вопыт чалавека, які ламаецца на допытах. Пачуцьцё горычы і сораму, якое ён перажыў, прымусіла напісаць яго ліст на Свабоду.

Свабода – гэта ня сродак дасягненьня мэты, гэта і ёсьць мэта.

Прайшло больш за месяц пасьля заканчэньня прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году, у якой я прымаў непасрэдны ўдзел. За гэты час думкі трохі супакоіліся, і паўстала патрэба падзяліцца атрыманым досьведам. Я вырашыў узнавіць эмацыйную карціну гэтых выбараў, зрабіўшы асноўны ўпор не на вядомых усім голых фактах, а на перажытых мной адчуваньнях.

Дарога на Плошчу


Упершыню цікавасьць да палітыкі зьявілася ў мяне вясной 2006 году. Перадвыбарчы тэлевізійны выступ Мілінкевіча закрануў за жывое. Нечакана ўзьнікла і хутка набрала сілу неспатольная прага пераменаў. Далей на маіх вачах прайшлі фальсыфікацыі, плошча, рэпрэсіі ... Усё скончылася. Толькі на душы на многія месяцы наперад засталося нейкае цяжкое панурае адчуваньне. Гэта было адчуваньне віны. Я адчуваў сябе пасіўным суўдзельнікам злачынстваў, учыненых падчас выбарчай кампаніі.

Увосень 2010 году, напярэдадні наступных выбараў, я запісаўся ў гарадзенскія штабы адразу двух кандыдатаў: Някляева і Кастусёва. На фоне высокай загрузкі асноўнай працай прайшлі збор подпісаў і агітацыйная кампанія. Падчас збору подпісаў я прыйшоў да высновы, што рэальная падтрымка Лукашэнкі вельмі вялікая і можа складаць парадку 30-40 працэнтаў. Прыходзячы дадому да выбаршчыкаў, я часта сутыкаўся з рознымі праявамі страху. Хтосьці адмаўляўся даць подпіс, прызнаючыся, што баіцца страціць працу або сапсаваць сабе кар'еру. Хтосьці спасылаўся на сваю апалітычнасьць, занятасьць ці недасьведчанасьць, якія, натуральна, у многіх выпадках маглі быць проста шырмай, што маскіруе страх. Часам можна было пачуць, як спалоханы насьцярожаны голас за дзьвярыма казаў, што ўжо аддаў подпіс за свайго кандыдата. Што гэта за кандыдат, заставалася толькі гадаць. Але ўсё ж знайшлося нямала людзей, якія адкрыта і сьмела аддавалі свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў. Я практычна не сутыкаўся з праявамі хамства. Нават адмаўлялі ў подпісы, як правіла, ветліва.

У бясконцай мітусьні праляцела восень, і наступіў сьнежань. Напярэдадні выбараў усё паказвала на тое, што зноў будуць фальсыфікацыі. Выбарчыя камісіі, як звычайна, фармаваліся без удзелу прадстаўнікоў альтэрнатыўных кандыдатаў. Назіральнікі так і не атрымалі права кантролю над папярэднім галасаваньнем і працэсам падліку галасоў. Такія выбары нельга было прызнаць незалежна ад іх выніку. Голас свой трэба было несьці не ў выбарчую скрыню, а на Плошчу.

Я наведаў некалькі сустрэч з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Было прыемна слухаць разумныя прамовы гэтых годных і адважных людзей, якія добраахвотна і сьвядома ішлі на велізарную рызыку. На кожную сустрэчу ўлады пасылалі невялікую, але актыўную групу сваіх прадстаўнікоў. Дамогшыся права задаць пытаньне, гэтыя людзі, як правіла, выдавалі цэлую прамову, у якой пералічвалі посьпехі, дасягнутыя, на іх думку, дзейнай уладай. Часта яны проста перакрыквалі выступоўцы кандыдата ў прэзыдэнты. Яны рабілі ўсё магчымае, каб адвесьці размову далей ад такіх важных тэм, як фальсыфікацыі выбараў і перавесьці яго на якія-небудзь дробныя пытаньні, як правіла, зьвязаныя з эканомікай. Пагардлівы нядобразычлівы тон, зь якім прадстаўнікі ўлады зьвярталіся да кандыдата ў прэзыдэнты, красамоўней за любыя словы даваў зразумець: «Прайдзісвет, хто ты такі і куды ты лезеш?!» Лепш за ўсіх такім спробам сарваць сустрэчу супрацьдзейнічаў Статкевіч. Ён не дазваляў «забалбатаць» сур'ёзныя пытаньні, прымушаючы асабліва актыўных абаронцаў уладнага рэжыму ў літаральным сэнсе выць у бясьсільнай злосьці.

Рашэньне ехаць у Менск на Плошчу я прыняў за дзень да выбараў хутка і ні з кім не параіўшыся. Не даючы страху і няўпэўненасьці завалодаць маімі думкамі, я хутка сабраўся. Праз гадзіну я ўжо пакідаў свой родны горад Горадню, пазбаўляючы сябе магчымасьці прагаласаваць і, такім чынам, абвяшчаючы асабісты байкот выбараў. У машыне ўсю дарогу працавала радыё, раз-пораз заклікаючы галасаваць за стабільнасьць і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Нейкая песьня настойліва даводзіла да ведама слухача, што Саня застанецца з намі.

Пад сьцягам свабоды


Нарэшце надышоў дзень выбараў, 19 сьнежня 2010 году. Дачакаўшыся вечара, я выправіўся на Кастрычніцкую плошчу. Прайшоўшы па праспэкце міма цырку і перайшоўшы скрыжаваньне, я абмінуў групу аднолькава апранутых дужых хлопцаў, якія пераступаў з нагі на нагу і аглядалі мінакоў. Неўзабаве я апынуўся на Кастрычніцкай плошчы. Там быў заліты каток, у цэнтры якога стаяла елка. На катку як ні ў чым нічога каталіся нейкія маладыя людзі. Не было заўважна ніякіх прыкмет чаканай акцыі, калі не лічыць вельмі характэрнага выгляду супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным, якія пахаджалі вакол катка.

Раптам усе зьмянілася. Зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Людзі сталі хутка прыбываць. Пачаўся мітынг. Эмацыйныя выступы лідэраў час ад часу зьмяняліся гучным «Жыве Беларусь!» Акцыя станавілася па-сапраўднаму масавай. Плошча запоўнілася рознымі сьцягамі, над якімі панаваў бел-чырвона-белы, ужо даўно стаў ня проста нацыянальным сымбалем, але сьцягам барацьбы беларусаў за права людзьмі звацца, нашым сьцягам свабоды.

Мітынг на Кастрычніцкай плошчы скончыўся, людзі выйшлі на праспэкт і рушылі да плошчы Незалежнасьці. Колькасьць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі проста ўражвала! Як скінуць вокам, праспэкт на ўсю шырыню быў запоўнены людзьмі. Нягледзячы на трывогу, у паветры лунала пачуцьцё свабоды і салідарнасьці. Па праспэкце прайшла вялізная колькасьць людзей, але я ня стаў сьведкам ніводнай сцэны гвалту або вандалізму, ня ўбачыў ніводнага пабітага акна. Не было відаць і п'яных, бо прыйсьці на Плошчу п'яным можа толькі самагубца або правакатар.

Рака людзей з нацыянальнымі сьцягамі перацякала на плошчу Незалежнасьці. Прайшоў мітынг каля Чырвонага Касьцёла. Пачаўся мітынг ля помніка Леніну. Да таго моманту ўся Плошча запоўнілася людзьмі! Над Плошчай грымела: «Сыходзь!", "Сыходзь!». Паўсюль луналі сьцягі свабоды. Было такое адчуваньне, што ўвесь беларускі народ прыйшоў і запатрабаваў пераменаў! Мары аб тым, што шматпакутная Беларусь нарэшце набывае свабоду, здаваліся ў той момант цалкам рэальнымі.

Перад Домам ураду адбывалася нейкая дзіўная мітусьня. Чуліся глухія ўдары і звон разьбітага шкла. Людзі ў чорным са шчытамі і дубінкамі то перагароджвалі ўваход, то кудысьці адбягалі. Пасьля пачаўся разгон. Шэраг, які складаецца зь некалькіх радоў выдатна аснашчаных спэцназаўцаў, урэзаўся ў натоўп і адсек яго перадавую частку, што разьмяшчалася паміж помнікам Леніну і Домам ураду. Там быў і я. Усьвядоміўшы, што трэба вырвацца з акружэньня, людзі сталі прарываць ланцуг. У месцы прарыву спэцназаўцы ўтварылі калідор. Людзей, што праходзілі па гэтым калідоры, яны з абодвух бакоў абсыпалі ўдарамі дубінак. Я атрымаў два ўдары па галаве. Адзін разьбіў акуляры і пакінуў крывавую драпіну на лбе. Другі прыйшоўся па патыліцы, і я на імгненьне зьнепрытомнеў. Я ўпаў, але тут жа апрытомнеўшы, ускочыў і адбег на бясьпечную адлегласьць. Верагодна, былі і ўдары па корпусе. Але, аслабленыя слаямі зімовай вопраткі, яны не прыцягнулі маёй увагі. Раз за разам пракручваючы ў памяці гэты эпізод, я ўспамінаю словы нашага вялікага Паэта: «Мы ляжым снапамі на таках. Нас малоціць кожны, хто ў руках мае цэп ».

У стане лёгкага шоку я выйшаў з акружэньня. Без акуляраў усё перад вачыма стала размытым і расплывістым. Чуўся стук сотняў дубінак па шчытах. Узмоцнены мэгафонам голас кагосьці зь лідэраў, здаецца, Рымашэўскага, яшчэ спрабаваў кіраваць дэманстрантамі. Але людзкая хваля ўжо пакацілася на выхад. Праходзячы міма Чырвонага касьцёла, я заўважыў каля яго групу людзей з нацыянальнымі сьцягамі. Яны не зьбіраліся добраахвотна пакідаць Плошчу. Аддаўшы належнае іх адвазе, я далучыўся да асноўнай масы, якая сыходзіла з Плошчы.

Пакінуўшы Плошчу, рака людзей на кожным скрыжаваньні дзялілася на патокі, а потым на дробныя ручайкі з тым, каб незаўважна прасачыцца ў горад. Уражвала панылая цішыня гэтай сцэны. Вялікая колькасьць людзей, галасы якіх яшчэ нядаўна скаланалі Плошчу, ішла цяпер, ня кажучы ні слова. Чуліся толькі мерная іх крокі Я аддаляўся ад Плошчы, пазьбягаючы праспэкта і шырокіх вуліц.

Цана свабоды


Пасьля бяссоннай ночы я пасьпяхова вярнуўся дадому ў Горадню. Нягледзячы на тое, што Плошча была ззаду, мяне не адпускала адчуваньне трывогі. Я быў настолькі маральна выматаны, што нават думка аб Плошчы спрычыняла мне боль. У спробе адцягнуць увагу я з галавой акунуўся ў працу. Так прайшлі панядзелак, аўторак і першая палова серады. Час ад часу да мяне даходзілі жудасныя навіны аб разгорнутых супраць удзельнікаў Плошчы рэпрэсіях, што яшчэ больш вымотвала мяне. Аказалася, што афіцыйная прапаганда падала мышыную валтузьню перад Домам ураду як масавыя непарадкі і пагромы. Адказнасьць была ўскладзена на апазыцыю. Ну хто б сумняваўся?! Такім чынам, зьявілася падстава, каб апраўдаць разгон мірнай дэманстрацыі, надоўга схаваць найбольш актыўных і пасьлядоўных лідэраў за краты і як сьлед прыстрашыць ворагаў народу крыху ніжэйшага рангу.

Ня ведаю, як мяне вылічылі ў КДБ, але першая размова адбылася ў сераду пасьля абеду ў мяне на працы, куды і наведаўся супрацоўнік усёмагутнай канторы. Гэтая гутарка праходзіла ў адносна добразычлівым тоне. Я ня стаў хаваць, што быў на Плошчы. Далей камітэтчык паабяцаў, што калі я сапраўды ва ўсім прызнаюся, то пры разглядзе маёй справы да мяне паставяцца добразычліва. Бо было б шкада ламаць кар'еру такога маладога і шматабяцальнага спэцыяліста. Пасьля гэтага пачалася сэрыя нібыта зусім нявінных пытаньняў. Я стаў на іх сумленна адказваць. Але з часам пытаньні станавіліся ўсё больш сур'ёзнымі: да мяне прыйшло адчуваньне, што я ўгруз у сваіх паказаньнях, як у балоце. Спробы пажартаваць ветліва, але рашуча перапыняліся. Мне давалі зразумець, што становішча маё вельмі сур'ёзнае і цяпер зусім не да жартаў. Пакуль яшчэ не было прамых пагроз, але з дапамогай недагаворак стваралася атмасфэра гнятлівага страху. Супрацоўнік паступова страчваў цікавасьць да мяне і пераходзіў да роспытаў аб маіх сябрах. Не жадаючы падставіць сяброў, я пачаў марудзіць з адказамі і супраціўляцца, што было вельмі складана, бо прыйшлося мяняць першапачаткова прыняты даверлівы тон гутаркі. Супрацоўнік паведаміў, што ўсё роўна ўсе ва ўсім прызнаюцца. Акрамя таго, камітэту і так усё вядома. Таму для мяне самога будзе лепш, калі я шчыра распавяду ўсё як ёсьць. Сыходзячы, ён сказаў, што мяне яшчэ запросяць на гутарку ў памяшканьні КДБ. Ён таксама папярэдзіў, што кантакты зь сябрамі, пра якіх абавязкова стане вядома камітэту, будуць разглядацца як абцяжаравальная акалічнасьць. Я быў напалоханы, дэмаралізаваны і адрэзаны ад сяброў.

У КДБ мяне запрасілі ўжо на наступны дзень. Знаёмы па ўчорашняй гутарцы супрацоўнік падрыхтаваў паперу з маімі паказаньнямі. Ад мяне патрабаваўся толькі подпіс. Пераадольваючы напружаньне, якое мяне скоўвала, я некалькі разоў уважліва перачытваў паперу і ўносіў туды свае карэктывы. Гэта выклікала незадаволенасьць, якая пакуль яшчэ была адносна ветлівай. Мяне прысьпешвалі, спасылаючыся на недахоп часу. Нарэшце я паставіў подпіс. Як потым аказалася, я ўсё ж прапусьціў адну сьлізкую двухсэнсоўную фразу, якая схавалася ў апошнім абзацы. Пад канвоем мяне даставілі на выхад, уручылі канфіскаваны на ўваходзе мабільнік, аддалі пашпарт і адпусьцілі дадому. Аднак замест палёгкі я адчуваў стомленую прыгнечанасьць і трывогу. Цяжка было паверыць, што мяне вось так проста пакінуць у спакоі.

І трывога была не дарэмнай. Прыкладна праз гадзіну мяне зноў запрасілі ў КДБ, але ўжо да іншага сьледчага. Мяне пасадзілі на крэсла, якое стаяла сьпінкай да дзьвярэй, і паведамілі, што я выступаю ў якасьці сьведкі крымінальнай справы. Насупраць, за сталом з кампутарам, разьмясьціўся сьледчы. Азнаёміўшы мяне з маімі правамі, ён, нахмурыўшы бровы і ўчапіўшыся ў мяне суровым позіркам, пачаў допыт. Пытаньні задаваліся напорыстым тонам. Набіраючы пратакол, яго пальцы люта стукалі па клявіятуры, як быццам караючы няшчасную прыладу. Сьледчы высунуўся наперад і шумна дыхаў. Часам ён рабіў рэзкія рухі рукамі. Некалькі разоў ён уставаў і, праходзячы ў мяне за сьпінай, выходзіў з пакоя, каб праз пару хвілін вярнуцца зноў. Час ад часу з-за маёй сьпіны ўзьнікалі іншыя людзі, уваходзілі ў пакой, нешта рабілі і выходзілі. Спачатку я яшчэ сяк-так трымаўся. Гадзіны праз дзьве я папрасіў, каб мне дазволілі патэлефанаваць маці і супакоіць яе, сказаўшы, што са мной усё ў парадку. Просьба была выкананая. Мяне захлынула нечакана моцнае пачуцьцё ўдзячнасьці. У маіх вачах сьледчы стаў сябрам. Допыт працягваўся. Раптам зусім нечакана ў пакой уварваўся іншы сьледчы і пачаў крычаць, абсыпаючы мяне абвінавачваньнямі і пагрозамі. Я няўпэўнена і бесталкова адбіваўся. Калі ён пайшоў, допыт працягваўся ў звычайным рэжыме. Я пачаў расклейвацца. Маё цела бязвольна размазалася па крэсьле. Сэрца шалёна калацілася, так што было відаць, як трапеча на грудзях швэдар. Далоні пакрыліся халодным потам. У роце перасохла. Адчувалася, што ад мяне ідзе рэзкі пах. Голас стаў дрыготкім і пісклявым. Допыт, які працягваўся каля трох гадзін, завяршаўся. Нарэшце быў раздрукаваны пратакол. Зь цяжкасьцю разумеючы, я спачатку доўга вычытваў яго, а потым яшчэ даўжэй уносіў удакладненьні. На гэта пайшло яшчэ каля дзьвюх гадзін. На разьвітаньне мне ўручылі позву на наступны дзень і абяцалі пагаварыць са мной па-сапраўднаму, калі я буду далей «ламаць камэдыю».

Выйшаўшы на вуліцу, я заўважыў, што не разумею, дзе знаходжуся. Я пайшоў па нейкай вуліцы, але неўзабаве зразумеў, што іду кудысьці не туды. Нарэшце я зарыентаваўся і неўзабаве быў дома. Я ня п'ю моцных алькагольных напояў без сур'ёзнай падставы, але ў той вечар грунтоўна прыклаўся да гарэлкі. Гэта на нейкі час прывяло мяне да прытомнасьці. Ноч прайшла ў бясконцых пакутлівых роздумах. Раніцай у пятніцу 24 сьнежня я адчуваў сябе цалкам разьбітым і зламаным. Мая воля стала плястычнай і падатлівай. Такія паняцьці, як гордасьць, гонар і годнасьць, здаваліся далёкімі і нерэальнымі. Кожны рух каштаваў неверагодных высілкаў. Хвалямі ўперамешку з млосьцю навальвалася пачуцьцё поўнай безвыходнасьці. Наперадзе я бачыў толькі катаваньні, турму, жалезную заслону і прадчуваў сустрэчу ня новага 2011 году, а оруэлаўскага 84-га. Жыцьцё страціла ўсякі сэнс. Прыняўшы душ і сабраўшыся зь сіламі, я пацягнуўся на працу. Мабыць, я ўяўляў сабою вартае жалю відовішча, што не схавалася ад увагі маіх калегаў.

Калі я зьявіўся на допыт, на супраціў больш не заставалася ніякіх сіл. Я сказаў тое, што ад мяне хацелі пачуць, пасьля чаго мяне ня сталі больш катаваць. Прачыталі павучальную натацыю, сутнасьць якой зводзілася да таго, як дрэнна ідуць справы з правамі чалавека ў іншых краінах. Раздрукавалі пратакол допыту. Я паставіў свае подпісы ўсюды, дзе хацеў сьледчы, і быў адпушчаны дадому. Пазьней, аналізуючы ўпэўнены, напорлівы і крыху пагрозьлівы тон натацыі, я прыйшоў да цікавай высновы. Менавіта такім тонам вяшчаюць ісьціну дыктары афіцыйнага беларускага тэлебачаньня.

Тыя Каляды запомняцца мне на ўсё жыцьцё. Прыйшоўшы дадому, я зноў напіўся. Потым, паддаўшыся прыступу панікі, зьнішчыў на сваім кампутары кнігі, фільмы, музыку і іншую інфармацыю, якая мае дачыненьне да Беларусі. Выкінуў значкі і іншую беларускую сымболіку. Каб хоць чымсьці сябе заняць, упершыню за доўгі час уключыў тэлевізар і спыніўся на канале, дзе сьпявалі калядкі. Я ніколі раней ня слухаў калядак. Але ў той вечар іх спакойная дабрыня была тым бальзамам, якога патрабавала мая змардаваная душа. Уваходная дзьверы кватэры былі зачыненыя на ўсе замкі. Званкі тэлефонаў прымушалі маё сэрца ў жаху сьціскацца. Я чакаў, што ў любы момант магу зноў апынуцца ў пакоі для допытаў. Так, утаропіўшыся ў тэлевізар ашклянелым позіркам, я нерухома прасядзеў да самай ночы.

Наступны месяц прайшоў, як у тумане. Я баяўся выглянуць у акно і выйсьці на вуліцу. На мяне раз-пораз навальваліся прыступы адчаю і страху. У мамы ад напружаньня ўзьняўся ціск. Часам яна плакала. Вось тады нам прыйшлі на дапамогу нашы старыя сябры. Людзі, якія ніколі ня мелі ніякага дачыненьня да палітыкі, дзяліліся сваім душэўным цяплом. Гэта дало належны эфэкт. Я пайшоў на папраўку. У мяне ўжо хапала адвагі, каб выйсьці ў інтэрнэт. Адтуль я даведаўся, што праз допыты прайшлі многія беларусы. Я знайшоў і вывучыў усю даступную інфармацыю пра тое, як трэба паводзіць сябе на допытах. Спадзяюся, гэтыя веды дапамогуць, калі я зноў апынуся ў тым пакоі. Па меры паляпшэньня душэўнага стану ўзмацнялася пачуцьцё горычы і сораму за паказаньні, якія я даў падчас апошняга допыту.

Высновы


Ну як жа цяжка быць чалавекам у несвабоднай краіне! Калі ты нічога ня робіш, то робісься пасіўным суўдзельнікам. Калі спрабуеш нешта зрабіць, то цябе ломяць і ператвараюць у здрадніка. Каб пазьбегнуць гэтай долі, неабходныя велізарная сьмеласьць і сіла духу. На жаль, сьмеласьць не ўваходзіць у лік маіх добрых якасьцяў. Мяне зламалі, нягледзячы на тое, што я дарослы мужчына, якому нядаўна стукнула 33 гады. А пры жаданьні яны ж маглі націснуць і мацней... Можна толькі здагадвацца, што перажылі і перажываюць астатнія рэпрэсаваныя. Колькі зь іх зламаліся? Як адчуваюць сябе тыя, хто сядзіць у турме і пазбаўлены маральнай падтрымкі? На гэтыя пытаньні пакуль практычна няма адказаў.

Напрыканцы хачу падзяліцца некаторымі меркаваньнямі. Патрапіўшы на допыт, паведамляйце сьледчаму як мага менш інфармацыі. Не спрабуйце яго ні ў чым пераконваць. Ён – прафэсіянал, здольны павярнуць любое сказанае Вамі слова супраць Вас і Вашых сяброў. І ён абавязкова гэта зробіць. Для яго Вы ня сябар, а ўсяго толькі чалавечы матэрыял, які падлягае апрацоўцы. Зрабіце ўсё магчымае, каб не замкнуцца ў сабе. Менавіта гэтага дамагаецца ад Вас сьледзтва. Паведаміце сябрам і прадстаўнікам незалежнай прэсы аб будучым допыце. А пасьля допыту знайдзіце ў сабе сьмеласьць, каб сустрэцца зь імі і ўсё абмеркаваць. Гэта дасьць Вам вялізны зарад бадзёрасьці і сіл. Калі Вы далі падпіску аб неразгалошваньні, распавядзіце сябрам пра свае адчуваньні, якія, натуральна, не зьяўляюцца таямніцай сьледзтва.

На Беларусь прыйшлі трывожныя часы. Напалоханая маштабам апошняй Плошчы ўлада абвясьціла аб спыненьні гульняў у дэмакратыю. Усё больш выразна выяўляюцца вядомыя стагоддзямі, прыкметы таталітарызму, які нікуды ня зьнік, а вяртаецца зноў і зноў. Найбольш годныя прадстаўнікі грамадзтва сядзяць у турмах. Сотні, а можа і тысячы, нявінных грамадзянаў падвяргаюцца рэпрэсіям. Рупар афіцыйнай прапаганды сее нянавісьць у краіне. Выяўляюцца і выкрываюцца нейкія арганізаваныя з-за мяжы змовы. Выяўляецца нездаровая цікавасьць да крыніц фінансаваньня апазыцыі. Нязгодныя абвяшчаюцца ворагамі народу. У такіх умовах вельмі важна адкласьці ў бок свае амбіцыі, не распыляцца на дробязі і перастаць абвінавачваць адзін аднаго ў розных, як правіла, уяўных, грахах. Цяпер галоўнае – гэта ўсеагульная салідарнасьць!

Лялікаў Аляксандар, дацэнт катэдры тэорыі функцый, функцыянальнага аналізу і прыкладной матэматыкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG