Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная рада прыпыняе супрацоўніцтва зь Беларусьсю

  • БелаПАН

Адпаведнае паведамленьне накіраваў у Палаты прадстаўнікоў Беларусі дацкі старшыня арганізацыі Генрык Дам Крыстэнсэн. Рада пры тым праводзіла супрацоўніцтва як з афіцыйнымі, так і апазыцыйнымі палітыкамі.

У прыватнасьці, інфармуе Крыстэнсэн, адкладзены заплянаваны на гэты год навучальны візыт палітыкаў з Беларусі ў адну з краін-удзельніц арганізацыі. У лісьце падкрэсьліваецца, што супрацоўніцтва будзе адноўлена толькі пасьля паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі і вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

Паўночная рада выказвае глыбокае шкадаваньне з нагоды арышту апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты, адразу пасьля выбараў у сьнежні.

Прэс-служба адзначае, што на студзеньскім пасяджэньні прэзыдыюма Паўночнай рады было вырашана працягнуць падтрымку па разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі, але адкласьці заплянаваны навучальны візыт палітыкаў з Беларусі, у якім павінны былі ўдзельнічаць як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, так і апазыцыянэры.

Пачынаючы ад 2007 году, Паўночная Рада ў партнэрстве з Балтыйскай асамблеяй правяла шэраг круглых сталоў, у якіх узялі ўдзел прадстаўнікі як беларускага парлямэнта, так і апазыцыйных партый. Апошні круглы стол адбыўся ў Менску ў сакавіку 2010 года.

Паўночная Рада зьяўляецца арганізацыяй парлямэнцкага супрацоўніцтва краін Паўночнай Эўропы, яна аб'ядноўвае дэпутатаў парлямэнтаў пяці дзяржаў (Данія, Ісьляндыя, Нарвэгія, Фінляндыя, Швэцыя) і трох аўтаномных тэрыторый (Аляндзкія астравы, Фарэрскія астравы і Грэнляндыя).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG