Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людвіг і Кур’яновіч вызвалілі на Акрэсціна, Вінярскага — завезьлі на Харкаўскую


Першай вызвалілі Кацярыну Людвіг.

Першай вызвалілі Кацярыну Людвіг.

Увечары 9 лютага з ізалятару на Акрэсьціна выйшлі на волю актывісты Кася Людвіг, Паліна Кур’яновіч і Максім Вінярскі, якія адбылі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі 30 студзеня каля КДБ.

Першымі з ізалятару на Акрэсьціна, каля 6-й вечара, выйшлі Кася Людвіг і Паліна Кур’яновіч. Актывісты, якія іх сустракалі, чакалі, што вось-вось выйдзе на волю і Максім Вінярскі з «Эўрапейскай Беларусі». Але прайшла амаль гадзіна — нічога не зьмянілася.

Паліна Дзьякава, якая зь сябрамі чакала выхаду вязьняў Акрэсьціна: «Ён адзваніўся, сказаў, што вызвалілі. А мы тут чакалі-чакалі. Выйшаў нейкі супрацоўнік і сказаў, што ўсіх ужо выпусьцілі, каб не чакалі. Мы пачалі пытацца, як гэта? Ён вярнуўся ў ізалятар, а яшчэ празь нейкі час Макс пазваніў, што яго завезьлі на Харкаўскую і вызвалілі. Мы тут з гэтай прычыны вельмі абураныя. Гэта не паводле закону і не па-чалавечы. Тут жа людзі сабраліся, чакалі.»

Паліна Кур’яновіч з братам.

Пра здароўе Максіма Вінярскага, які трымаў галадоўку, Паліна Дзьякава нічога ня ведае.

Не сустракаліся зь Вінярскім на Акрэсьціна і Кася Людвіг з Палінай Кур’яновіч, якіх асудзілі разам з актывістам «Эўрапейскай Беларусі» на 10 дзён арышту. Дзяўчыны кажуць, што ахоўнікі ставіліся да іх нармальна, а вось умовы ўтрыманьня на Акрэсьціна дрэнныя, як і былі летась: харчаваньне такое, што есьці немагчыма, прагулак няма, у камэры замест ложкаў — драўляны насьціл.

Паліна Кур’яновіч: «У першыя два дні мы з Касяй, пэўна, зьмянілі 4 камэры, нас туды-сюды вадзілі, а потым зьмясьцілі ў адну камэру і там мы былі ўдвох увесь астатні час. На Акрэсьціна з тых часоў, як я там была апошні раз, зьмянілася толькі адно: пачалі выдаваць маленькі кавалак гаспадарчага мыла і туалетнай паперы няшмат. З большага ўсё астатняе засталося такое самае. Мінулы раз я была адны суткі летась, а ўсяго на Акрэсьціна пяты раз — агулам 41 суткі адседзела».

Паліна Дзьякава вітае абдымкамі Паліну Кур’яновіч.

Кася Людвіг паўтарыла тое, што казала ў судзе: што сьвядома выйшла да КДБ з плякатам аб свабодзе палітвязьням.

«Дрэнна, што яны сядзяць. Я давераная асоба Саньнікава і лічу сваім абавязкам выйсьці ў дзень салідарнасьці зь ягоным партрэтам, каб яго падтрымаць»

Карэспандэнт: «Пастаяць вам удалося літаральна хвіліну. Я там быў і бачыў. Вы — сьмелая дзяўчына. Усе непакоіліся, калі вас зацягнулі ў аўтобус: ці там ня білі?»

«Не, ўсё нармальна было. Збольшага ставіліся нармальна».

Усяго ў акцыі салідарнасьці 30 студзеня бралі ўдзел некалькі дзесяткаў чалавек, сярод іх і людзі сталага веку, у тым ліку вядомы палітык Юры Хадыка зь сястрой. Міліцыянты тады затрымалі 7 чалавек, зь іх траіх суд пакараў арыштам, а чатырох грашовым штрафам. На наступны дзень Брусэль увёў санкцыі супраць Беларусі — забараніў болей як 150 асобам уезд у краіны Эўразьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG