Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Кірыенка, генэральны дырэктар “Расатаму”, сёньня паведаміў, што міжурадавае пагадненьне пра будаўніцтва беларускай АЭС можа быць падпісанае да канца першага квартала сёлета, а катлаван могуць пачаць капаць у верасьні.

“Мы ўзгаднілі плян –графік падчас знаходжаньня ў Менску”, сказаў Кірыенка агенцтву ІТАР-ТАСС. Паводле яго, тэхніка-эканамічнае ўзгадненьне павінна прайсьці да канца чэрвеня, а ў верасьні, паводле папярэдніх разьлікаў расейскага боку, можа быць падпісаны кантракт. Калі беларускія калегі своечасова завершаць падрыхтоўку пляцоўкі, сказаў кіраўнік “Расатаму”, у верасьні ж могуць пачацца і земляныя працы.

Раней, пасьля сваёй сустрэчы зь беларускім прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам, Кірыенка паведаміў, што дзьве краіны будуць будаваць АЭС “па лёгіцы саюзнай дзяржавы” і што “так мы ня будуем атамныя станцыі нідзе за мяжой”. Будаўніцтва першай чаргі беларускай станцыі Расея плянуе завяршыць у 2017-м годзе. Па словах Кірыенкі, гэта можа быць і канец 2016-га.

Пэўнасьць кантракту з Расеяй між тым яшчэ зусім нядаўна была пад пытаньнем. Перад самымі выбарамі ў Беларусі, калі расейска-беларускія дачыненьні перажывалі фазу ўзаемнай крытыкі і абвастрэньня, аванс даверу Беларусі аказалі ЗША. Падчас сустрэчы ў Астане Хілары Клінтан і Сяргей Мартынаў падпісалі заяву, дзе ЗША выказвалі падтрымку будаўніцтва беларускай АЭС. Бакі дэкляравалі пляны супрацоўніцтва ў ядзернай галіне.

Цяпер жа буйны беларускі заказ зноў “сьвеціць” Расеі. Між тым сёньня ж іранскі пасол у Маскве публічна прысьпешыў Расею завяршыць будаўніцтва АЭС у Бушэры. Махмуд Рэза Саджадзі папярэдзіў, што Расея можа згубіць аўтарытэт будаўніка АЭС ва ўсім сьвеце, калі ўрэшце не завершыць будаўніцтва Бушэрскай станцыі. Станцыя будуецца зь перапынкамі ад 90-х гадоў. У сярэдзіне студзеня Сяргей Лаўроў заяўляў, што пуск павінен адбыцца на працягу бліжэйшых тыдняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG