Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Гапонава: Сыну «ўводзяць», што яны з Брэусам прыехалі рабіць рэвалюцыю


Іван Гапонаў у судзе за падзеі на Плошчы
Іван Гапонаў у судзе за падзеі на Плошчы
Сабіра Атакішыева — адзіная зь ліку сваякоў абвінавачаных за падзеі 19 сьнежня, каму дазволілі спатканьне ў ізалятары МУС на вуліцы Валадарскага. Яе сын, 23-гадовы грамадзянін Расеі Іван Гапонаў, разам зь іншым расейцам Арцёмам Брэусам праходзіць па артыкуле «ўдзел у масавых беспарадках», што цягне да 8 гадоў пазбаўленьня волі. 8 лютага сьледзтва адмовіла ў спыненьні крымінальнай справы супраць расейцаў. Як на гэта адрэагавалі іх родныя?

Сям’я Івана Гапонава жыве ў Беларусі паўтара дзясятка гадоў. Прыехалі сюды з Латвіі ў статусе грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі. Маці Арцёма родам з Кіргізіі, бацька — з Расеі. Спачатку пасяліліся ў Менску, а потым пераехалі ў пасёлак Сьвіслач Пухавіцкага раёну.

Іван, а таксама ягоныя брат і сястра, пайшлі ў беларускую школу і лічаць Беларусь сваёй краінай. Але цяпер, як кажа маці Івана, Сабіра Акішаўна, будучыня сям’і наўпрост залежыць ад хістраспляценьняў вялікай палітыкі. Нягледзячы на заявы кіраўніцтва Расеі пра недапушчальнасьць утрыманьня расейцаў у няволі, Менск дэманструе поўнае ігнараваньне тых заклікаў:

— Я, канечне, вельмі расстроеная. Бо расейская амбасада і спадар Гусеў у прыватнасьці ў даволі рашучым лісьце падалі зьвесткі, што насамрэч супраць двух расейцаў ніякіх абвінавачаньняў ня вылучана, а фотаматэрыялы сьведчаць толькі пра тое, што яны прысутнічалі на мітынгу. І ў той жа час, калі адвакаты, грунтуючыся на тым, што ў абвінавачаньня абсалютна нічога няма, пішуць хадайніцтва аб спыненьні справы, ім адмаўляюць. Увогуле проста ў галаве нічога ня ўкладваецца.

— Увогуле за падзеі 19 сьнежня былі затрыманыя 12 грамадзянаў Расеі, 10 зь іх потым адпусьцілі. Фармальна ўсе былі ў аднолькавай сытуацыі, аднак толькі вашага сына і Брэуса спрабуюць падвесьці пад крымінальны артыкул.

— Наколькі я зразумела, астатніх расейцаў адпусьцілі перадусім з-за таго, што гэта былі пераважна журналісты, якія прыехалі непасрэдна з Расеі. А мы насамрэч жывём у Беларусі і, трэба сказаць, жывём нямала. Ужо шаснаццаты год, за гэты час, прабачце, Лукашэнка ўжо тройчы абіраўся. Ванечка, калі сюды прыехаў, пайшоў толькі ў 3 клясу. І від на жыхарства мы атрымалі, калі Ваня быў няпоўнагадовым дзіцём.

— То бок, праблемы найперш з-за таго, што жывяце ў Беларусі?

Нам жа ехаць няма куды, мы тут.
— Ну канечне, нам жа ехаць няма куды, мы тут. І як на пачатку асьвятлялася, то ў асноўным сярод грамадзянаў Расеі былі назіральнікі і журналісты. Гэта наколькі я памятаю са СМІ.

— Нейкі час таму была распачатая працэдура пазбаўленьня Івана віду на жыхарства ў Беларусі. У якой стадыі ўсё знаходзіцца цяпер?

— Адносна віду на жыхарства скажу шчыра: я калі прыйшла ў аддзел па міграцыі, там паставіліся досыць па-чалавечы. Думаю, гэта яны выступілі зь ініцыятывай, каб я напісала на карысьць свайго сына заяву аб спыненьні ануляваньня віду на жыхарства. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, калі замежнік на тэрыторыі краіны ўчыняе два правапарушэньні цягам году, можна такую працэдуру пачынаць. У нас такіх атрымалася якраз два.

Першае, калі летась у ліпені Ваня перайшоў вуліцу на чырвонае сьвятло. Мы тады аплацілі штраф. Другое — тое, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу. За мітынг адміністрацыйнае пакараньне было абвешчана судом, і Ваня адбыў 10 сутак на Акрэсьціна. На падставе двух здарэньняў яны маюць права рабіць нейкія захады. Але я кансультавалася зь юрыстам: ён за свае парушэньні пакараньне абодва разы панёс у поўным аб’ёме, і ніхто ня мае права пазбаўляць яго статусу. Я ім так і сказала: цудоўна разумею, што вы людзі паднявольныя, напэўна, было распараджэньне зьверху і, натуральна, вы павінны задзейнічаць усе рычагі. І там чэсна адказалі: хаваць ня будзем, распараджэньне зьверху, зь Менску было — а мы ж жывём у Пухавіцкім раёне, пасёлак Сьвіслач. Тым ня меней, працэс пачаты…

— Нягледзячы на вашу заяву, гэты працэс паралельна ідзе?

— Так, гэта справа паралельна ідзе, і яна разглядаецца не ў прывязцы да абвінавачаньня, якое прадугледжвае ад 3 да 8 гадоў па 2-й частцы 293 артыкула ўжо не як «арганізацыя», а «ўдзел у масавых беспарадках». Усё гэта ідзе паралельна ў аддзеле міграцыі: маўляў, такі і такі грамадзянін парушае законы, і будзем яго пазбаўляць віду на жыхарства. Хоць у прынцыпе сам генпракурор Рыгор Васілевіч у сваім выступленьні гаварыў, што нібыта нясвоечасова пачаты гэты працэс. Але, па-мойму, ён проста быў яшчэ ня ў курсе ўсіх падзеяў«.

— Вам адзінай сярод усіх сваякоў удалося сустрэцца з абвінавачаным за нібыта «арганізацыю» ці «ўдзел» у масавых беспарадках. Пра што гаварылі з сынам?
Намагаліся «патлумачыць», што ён знаёмы з усімі лідэрамі апазыцыі.

— Спатканьне, канечне, было незабыўным, але, мяркуючы па тым, як мы крыху там кантактавалі, узьнікае шмат пытаньняў. Я Ваню кажу: разумею, што ты сядзіш тут зусім без усялякай інфармацыі, гэта страшна. Але нейкія допыты, сьледзтва вядуцца? І ён гаворыць: мама, я многае сам не разумею. Апошні раз, кажа, прыходзілі, нічога асаблівага не было, але намагаліся «патлумачыць», што ён знаёмы з усімі лідэрамі апазыцыі (прычым, знаёмы вельмі добра), а таксама спрабавалі «давесьці», што зь іншым расейцам яны нібыта ў змове і прыехалі сюды ледзьве не ўчыніць рэвалюцыю. На што Іван мне сказаў, што, на жаль, раней Брэуса зусім ня ведаў і толькі цяпер у курсе, што той абвінавачваецца дакладна па тым жа артыкуле. Калі цьвярозага розуму чалавек, твой сын, расказвае такія рэчы, то ўжо на самой справе сядзіш і думаеш: што можа быць яшчэ?

— А яны ня разам сядзяць у камэры з Арцёмам Брэусам?

— Не-не, па розных месцах.

— Ну што ж, застаецца пажадаць вам толькі вытрымкі.

— Дзякуй. Я Івану так і сказала: жыцьцё — гэта падзея. А яшчэ ў Інстытуце сувязі па тэорыі верагоднасьці праходзіла: падзея — гэта зьява, якая можа адбыцца альбо можа не адбыцца. Таму, кажу сыну, шукай толькі пазытыўныя бакі ў любой падзеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG