Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі


Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 г. у Сартавальскім раёне Карэліі (Расея). Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэта, асьпірантуру Інстытута літаратуры АН Беларусі. Працаваў дырэктарам літаратурнага музэя Максіма Багдановіча (1989-1998). Адзін з заснавальнікаў таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя” і яго старшыня ў 1986-1989 гг. Быў дэпутатам Менскага гарсавету (1992-1996). Сябра Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (1988), быў намесьнікам старшыні партыі БНФ.

З 1996 – кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, які пазьней быў забаронены ўладамі.

У сакавіку 2006 году Вацлаў Гавэл уручыў Алесю Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасьць.

Адзін з намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру (2006).

Аўтар кнігі эсэ “Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера”.

У інтэрвію Свабодзе Алесь Бяляцкі сказаў: “Мяркую, што цяпер галоўнае – усімі сіламі супраціўляцца зьмяньшэньню таго поля свабоды, якое існавала ў Беларусі і якое было закладзена ў пачатку 90-х гадоў. Натуральна, таксама для праваабаронцаў цяпер актуальна патрабаваць вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, патрабаваць скасаваньня артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць перасьлед за масавыя акцыі ці за дзейнасьць няўрадавых арганізацый. І патрабаваць большых магчымасьцяў для незалежных СМІ, дзейнасьці партый, і, нарэшце – правядзеньня празрыстых дэмакратычных выбараў”.
XS
SM
MD
LG