Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Янушэўскі


Аляксей Янушэўскі – актывіст “Маладога фронту”. Яго, а таксама Насту Палажанку, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана і Зьмітра Хведарука, абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Судовы працэс пачнецца ў судзе Савецкага раёну Менску 28 траўня а 10-й раніцы.

Аляксей Янушэўскі знаходзіцца ў Чэхіі і днямі заявіў пра намер прасіць палітычны прытулак.

У інтэрвію “Свабодзе” Аляксей Янушэўскі сказаў: “Прыкладна 24-га красавіка я зьехаў зь Беларусі. На рашэньне зьехаць паўплывала тое, што зараз у Беларусі рэжым распачаў мэтанакіраваную вайну супраць дэмакратычнае беларускае моладзі, супраць “Маладога фронту”. І, на вялікі жаль, на сёньняшні момант мы можам прайграць гэтую вайну. З пункту гледжаньня таго, што ў рэжыму хопіць карнікаў гатовых нават крывавым тэрорам спыніць моладзевы супраціў. У такой сытуацыі стаіць пытаньне аб тым, каб супрацьстаяць гэтым рэпрэсіям усімі магчымымі сродкамі.

Мэтаю КДБ, на чале са спадаром Сьвістуном, які распачаў гэты тэрор, зьяўляецца зьнішчэньне “Маладога фронту”, як найбольш уплывовай моладзевай арганізацыі Беларусі. Ужо зараз, як вядома, супраць 7-мі маладафронтаўцаў узбуджаныя крымінальныя справы. Сьпіс, на вялікі жаль, магчыма, будзе яшчэ большы. І гэта тычыцца ня толькі “Маладога фронту”.

Свае дзеяньні я не зьбіраюся неяк апраўдваць ці тлумачыць. Бо крытыкаваць мяне могуць толькі сябры “Маладога фронту”, якія знаходзяцца пад крымінальным перасьледам. Тыя функцыі ў інфармацыйным накірунку, якія я выконваў на Бацькаўшчыне, буду цалкам выконваць і за мяжою. Зараз бы заклікаў усіх неабыякавых людзей прыйсьці 28-га траўня ў 10:00 на Лагойскі тракт, 3 (Савецкі суд), бо толькі грамадзкая салідарнасьць можа спыніць гэтыя рэпрэсіі. Вельмі прашу ўсіх беларусаў абараніць маладафронтаўцаў і не пакідаць беларускую моладзь сам-насам са злачынцамі, у руках якіх усе карныя органы краіны. Жыве Беларусь! “Малады фронт” не спыніць! Беларусь ня зьнішчыць!”
XS
SM
MD
LG