Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст, мэнэджэр культуры, палітык. Нарадзіўся 26 сакавіка 1988 года ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа - ужо ў падпольлі. Вучыўся ў БДУ на факультэце журналістыкі, у ЭГУ. За палітычную дзейнасьць выключаны з унівэрсытэту і гвалтам, у кайданках, забраны ў войска, нягледзячы на ранейшае рашэньне аб непрыдатнасьці па здароўі. Праходзіць тэрміновую службу ў частцы супрацьпаветранай абароны ў Мазыры.

У інтэрвію Радыё Свабода Франак Вячорка сказаў:

“На жаль, у маёй сытуацыі ад пачатку служба аказалася формай несправядлівага і незаконнага зьняволеньня, і я настроены змагацца. Гэта - выпрабаваньне на трываласьць і ідэйнасьць. Мне адразу прапанавалі выбар. Калі ціха сяджу, не выступаю -- атрымоўваю сяржанцкія лычкі, тэлефон, звальненьні, благаславеньне камандаваньня. Але я пачаў весьці дзёньнік у Інтэрнэце, і гэта было пачаткам псыхалягічнай вайны. Дзёньнік я працягваю і цяпер, апублікую пасьля дэмбелю.

Адстаяў права на мову ў войску. Пераклаў Статуты. Некаторыя салдаты спрабуюць размаўляць па-беларуску. У час пачалі прыходзіць беларускамоўная "Звязда", незалежная прэса.

Давялося стаць "салдацкім адвакатам": як толькі праблемы, вайсковыя ці цывільныя -- зьвяртаюцца да мяне, і я дапамагаю. Адрамантавалі таксафон, часткова дазволілі мабільнікі, часам даюць законны сон пасьля начных дзяжурстваў. Да карантыну былі і звальненьні. Адрамантавалі бачкі ў туалетах і лазьню. Апроч таго, разам мы сабралі бібліятэчку, якая ўжо налічвае 200 кніжак. Салдаты сталі чытаць. Калі хварэлі -- я не маўчаў. У пачатку сьнежня палова батальёну зьлегла з вострым грыпам. Ужо праз два тыдні новае захворваньне -- кароста. Усё гэта сьведчыць пра недастатковыя санітарныя ўмовы, ды і абыякавасьць да здароўя салдат. Дарэчы, калі пачыналася эпідэмія грыпу -- камандаваньне ўсіх гвалтоўна запісвала ў БРСМ. Гэта паказвае, якія ў каго прыярытэты”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG