Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Севярынец


Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў Воршы, у сям'і журналіста Канстанціна Севярынца й школьнай настаўніцы Тацяны Севярынец. У 1994 годзе скончыў СШ № 25 Віцебска ў мастацка-архітэктурнай клясе, у 2000 годзе – геаграфічны факультэт БДУ, атрымаўшы прафэсію інжынэра-геоляга па спэцыяльнасьці “Разьведка карысных выкапняў".

У 1994-1999 гадох працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў. З 1998 году пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.

У кастрычніку 1995 году ўступіў у БНФ "Адраджэньне". У лютым 1997 году узначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасьні 1997 году на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога фронту.

2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазыцыйнае маніфэстацыі ў Менску і за "зрыў канцэрту, прысьвечанага аб'яднаньню Расеі й Беларусі", зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены й адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 годзе без тлумачэньняў і прабачэньняў.

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гадох, больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы даляраў штрафу.

Заснавальнік асьветніцкага праекту "Шоў Беларушчыны", курсаў "Ды-джэяў Адраджэньня", ініцыятар стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў "Пераменаў!", а таксама міжканфэсійнае супольнасьці "Хрысьціянская ініцыятыва". У 1999-2003 гадох – намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – старшыня Маладога фронту.

Адзін з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. – чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі "Беларусь у Эўропу!" (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку "Маладая Беларусь" (2004 г.).

Аўтар трох кнігаў: "Ды-джэй Адраджэньня" (1998 г.), "Пакаленьне Маладога Фронту" (2002 г.), "Нацыянальная ідэя" (2005 г.).

Хрысьціянін.

28 чэрвеня 2005 году Менскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу Паўла Севярынца на рашэньне Цэнтральнага суду, паводле якога адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч і актывіст “Маладога фронту” Павал Севярынец пакараныя трыма гадамі абмежаваньня волі. Суд Цэнтральнага раёну Менску 31 траўня прызнаў палітыкаў вінаватымі ў арганізацыі вулічных пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў леташніх выбараў і рэфэрэндуму. У часе сьледзтва была абвешчаная амністыя. Таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец маюць адбываць пакараньне два гады. Старшыня паседжаньня Менскага гарадзкога суду Валеры Камісараў пакінуў прыгавор раённага суду бязь зьменаў.

Задавайце пытаньні

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG