Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў


Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласьці. Бацька – Някляеў Пракофій Мікалаевіч, рускі, маці – Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі.

Вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі (1962 – 1966), на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту (1971, г. Масква), скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту (1973).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, працаваў у газэце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў.

У 1999 выехаў у Польшчу. На прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве (20.07.1999) выступіў з заявай супраць палітыкі беларускіх уладаў.

На 13-м (пазачарговым) зьезьдзе Саюза беларускіх пісьменьнікаў, які адбыўся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, прапанаваў прыняць рэзалюцыю наступнага зьместу:

"Зьезд Саюза беларускіх пісьменьнікаў канстатуе катастрафічны стан беларускай мовы і літаратуры, выкліканы палітыкай улады ў адносінах да ўсяго нацыянальнага ў нашай дзяржаве. Зыходзячы з гэтага, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

1. Выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл і кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычнай апазыцыі.

2. Лічыць, што Аляксандр Лукашэнка, які, парушыўшы Канстытуцыю, незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі з ліпеня 1999 года, ня мае права на вылучэньне ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь".

Выходзілі кнігі: "Адкрыццё". Мн., 1976, "Вынаходцы вятроў" Мн., 1979, "Знак аховы" Мн., 1983, "Местное время" М., 1983, "Наскрозь" Мн., 1985, "Дерево боли" М., 1986, "Галубіная пошта" Мн., 1987, "Веда" Мн., 1989, "Прошча" Мн., 1996, "Выбранае" Мн., 1998, "Так" Мн., 2004. Па аповесьці "Вежа" Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камэдыя "Вавілон", пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.

Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданьні "Хайбах", "Чмель і вандроўнік", "Меў Марык бомбу", аповесьці "Прага", "Няхай жыве 1 Мая" і інш.). Выдаў раман "Лабух". Мн., 2003.

Адзін з ініцыятараў вылучэньня паэта Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Вэбсайт у Інтэрнэце www.nekliaev.by .

Задавайце пытаньні
XS
SM
MD
LG