Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў


Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. у Мсьціславе Магілёўскай вобласьці. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук. Тэма дысэртацыі – “Манумэнтальнае дойлідства Беларусі 11-18 стагодздзяў. Гісторыка-архітэктурны аналіз”.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня, намесьнікам старшыні парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, намесьнікам старшыні парлямэнцкай Камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, старшынём Камісіі па забесьпячэньню адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь пры Прэзыдыюме ВС Рэспублікі Беларусь.

Аўтар шэрагу навуковых прац, кніг альбомаў і брашур па гісторыі і архітэктуры Беларусі

Член грамадзка-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта.

У інтэрвію Свабодзе Алег Трусаў сказаў:

“26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня прыняў Закон аб мовах, які павінен быў спыніць татальную русыфікацыю Беларусі, што пачалася ў 1959 годзе ( з 1959 да 1990 татальнае вынішчэньне ўсяго беларускага прывяло да нацыянальнай катастрофы). І вось гэты закон стаў юрыдычнай базай для пашырэньня беларускай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця краіны.

Якраз у тым жа 90-ым, праз некалькі месяцаў, адбыліся найбольш дэмакратычныя за ўсю гісторыю выбары ў Вярхоўны Савет, калі ТБМ здолела правесьці 13 дэпутатаў у Вярхоўны Савет і некалькі сотняў -- у мясцовыя саветы. Зь іх дапамогай пачалося выкананьне розных артыкулаў гэтага закона, і да 1995 году па-беларуску ўжо навучаліся 75 адсоткаў вучняў першых клясаў. Ну і адпаведна, 15 сакавіка 1994 г. першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі абвясьціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай.

Потым быў славуты "рэфэрэндум" 1995 года, і замест таго, каб сапраўды раўняць статус беларускай мовы з рускай, як абяцалі на рэфэрэндуме, у 1998 годзе ўлада ўнесла ў Закон аб мовах такія праўкі, якія фактычна скасавалі і закон, і нават вынікі гэтага "рэфэрэндуму, і дазволілі пачаць ізноў татальную русыфікацыю, асабліва ў сфэры адукацыі і дзяржаўнага кіраваньня.

Тым ня менш, сытуацыя пасьля перапісу 1999 года, калі большасьць насельніцтва абвясьціла сваёй роднай мовай беларускую. у тым ліку паўмільёна – не беларусаў, сытуацыя пачала крыху папраўляцца. І вось зараз, па выніках сацыялягічнага апытаньня, мы ўпершыню маем за 20 год, што большасьць насельніцтва станоўча ставяцца да тых, хто гаворыць па беларуску, лічаць сваю мову прыкметай гонару, а тых , хто ставіцца да беларускай мовы адмоўна -- ня больш за 8 адсоткаў. Таму зьмены ў грамадзтве вельмі станоўчыя.

Нядаўна Рада ТБМ прыняла зварот, у якім мы прапануем скасаваць ганебныя папраўкі 1998 г., а таксама прадугледзіць наступныя захады - павялічыць колькасьць гадзін беларускай мовы і літаратуры ў школах, аднавіць у ВНУ курс беларусазнаўства, вярнуць ва ўсе школы краіны выкладаньне курсаў гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску, адкрыць да 1 верасьня у кожным абласным і раённым цэнтры як мінімум па адной беларускамоўнай школе і гімназіі, зрабіць даплаты ў памеры 20 адсоткаў заробку выкладчыкам ВНУ і іншых устаноў, якія выкладаюць прадметы па-беларуску, зрабіць ізноў абавязковым школьны экзамэн па беларускай літаратуры. Неўзабаве гэтыя прапановы мы накіруем ва ўрад краіны”.
XS
SM
MD
LG