Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюш Машкевіч


Марыюш Машкевіч (нар. у Ілаве 31 траўня 1959) – доктар гуманітарных навук, дыплямат, публіцыст, грамадзкі і гаспадарчы дзяяч.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніжак з сацыялёгіі, рэлігіязнаўства і міжнародных дачыненьняў. Выпускнік і навуковы супрацоўнік Ягелонскага ўнівэрсытэту (1981 – 1989). У 1986 – 1990 гг. актыўны дзяяч руху “Wolność i pokój” (“Свабода і мір”). Ляўрэат узнагароды “Polcul Foundation” за 1988 г. У 1988 – 1990 гг. актыўны грамадзкі і палітычны дзяяч у Чанстахове, кіраўнік чанстахоўскага выбарчага штабу “Салідарнасьці” ў 1989 г. Дыплямат – першы па вайне польскі афіцыйны прадстаўнік (charge d'affaires) у Літве ў 1991 – 1994 гг., дарадца-міністар амбасады Польшчы ў Вільні. Адзначаны ордэнам вялікага князя Гедыміна за ўклад у разьвіцьцё польска-літоўскіх дачыненьняў.

Заснавальнік першага польскага консульства ў Горадні, генэральны консул у Горадні ў 1994 – 1997 гг. Амбасадар Польшчы ў Беларусі (1998 – 2002). Гаспадарчы дзяяч – у 2002 г. заснаваў дарадчую фірму “Biuro Promocji Gospodarczej Europa – Wschód” (“Бюро эканамічнай прамоцыі “Эўропа – Усход”), дапамагаючы польскім фірмам у эканамічных кантактах на рынках былога СССР.

Аўтар кнігі “Mistyka i rewolucja” (“Містыка і рэвалюцыя”), прысьвечанай асьвятленьню складаных адносінаў паміж Праваслаўнай царквою і бальшавіцкай дзяржаваю ў СССР 1920-х гг.

24 сакавіка 2006 г. быў затрыманы міліцыяй на Кастрычніцкім пляцы ў Менску падчас пратэстаў прыхільнікаў пераменаў. Менскі суд пакараў Машкевіча арыштам на 15 сутак. 29 сакавіка трапіў на агляд у першую клінічную бальніцу Менску. Арышт Машкевіча выклікаў міжнародныя пратэсты, у тым ліку галадоўку Ежага Машкевіча – 72-гадовага бацькі Марыюша Машкевіча. 7 красавіка Марыюш Машкевіч быў выпушчаны з-пад арышту ў Менску.

Задавайце пытаньні
XS
SM
MD
LG