Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш Васіль Быкаў


19 чэрвеня – дзень народзінаў Васіля Ўладзімеравіча Быкава.

На працягу тыдня на вашыя пытаньні пра жыцьцё і творчасьць пісьменьніка адкажуць Ірына Міхайлаўна Быкава, ягоныя сябры, блізкія яму асобы – паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, перакладчык Валянцін Тарас, палітыкі Зянон Пазьняк і Вінцук Вячорка, журналісты Аляксандар Лукашук і Сяргей Навумчык.

Рыгор Барадулін: "Самым каштоўным у спадчыне Васіля Ўладзімеравіча ёсьць тое, што ён і ў змрочны час, і ў часы нейкай палёгкі пісаў тое, што думаў, бо быў унутрана свабодным чалавекам. Унутраная свабода і дае вынікі".

Аляксандар Лукашук: "У 1988 Васіль Быкаў напісаў прадмову да маёй першай кніжкі, "Зьдзек", прысьвечанай сталінскім злачынствам у Беларусі, і ў 1994 уключыў яе ў свой збор твораў. У 1998 ён уручыў мне членскі білет і прэмію Беларускага Пэн-цэнтру за кнігі “За кіпучай чэкісцкай работай” і “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста”. У 2003 ён напісаў мне рэкамэндацыю для Гарвардзкага ўнівэрсытэту – я не перачытваю ўсе ягоныя словы ўхвалы, якімі цягам гадоў ён шчодра ацэньваў маю працу, настолькі гэта падаецца авансам нязьдзейсьненаму, таму, што магло, можа, павінна быць.
Мне ня трэба перачытваць яго самы першы ліст да мяне з Хэльсынкаў летам 1998 году, бо я ніколі не забуду словы, якімі ён пачынаўся: “Саша, дарагі дружа”.
Гэтыя словы ня можа адмяніць такая акалічнасьць як сьмерць".

Сяргей Навумчык: "Не спадзявацца на абставіны і разьлічваць выключна на сябе, і тады ёсьць шанец апынуцца вышэй за абставіны. Гэты ўрок я вынес і з твораў Быкава, і з асабістага зь ім знаёмства. Прынцып гэты ўнівэрсальны і для чалавека, і для грамадзтва".

Генадзь Бураўкін: "Галоўнае ў спадчыне Васіля – гэта, бясспрэчна, кнігі, якія ён пакінуў пасьля сябе. Але для тых людзей, якія добра яго ведалі, ня меншая спадчына – памяць пра яго як пра асобу. як пра выдатнага беларуса, і проста як пра чалавека, які мае поўнае права ўвасабляць сабой перад сьветам аблічча, вобраз беларуса. Бо калі ягоныя творы мае магчымасьць прачытаць, зразумець, ацаніць і ў душу сваю пакласьці практычна кожны, дык чалавечыя ягоныя якасьці, ягоны характар, ягоны мэнталітэт, эмацыянальны склад – ведаць выпала ня кожнаму. Бясспрэчна, гэта так ці інакш праглядаецца ў творчасьці, у ягоных аповесьцях, у ягонай публіцыстыцы. Усё гэта так, але асоба, даруйце за такое слова – "пабытовая" асоба Васіля ня менш важная і ня менш цікавая, чым творы, якія ён пакінуў. Адно ад другога адарваць нельга. Але, як кажуць, немагчыма цалкам прачытаць у кнігах вось гэты ягоны мяккі характар, і адначасна – характар унікальна прынцыповы, калі раптам гэты мяккі. усьмешлівы, ласкавы Васіль мог стаць абсалютна непахісным, абсалютна цьвёрдым... Прычым, гэта ўлічваючы, як ён абсалютна паважаў чужую думку, абсалютна шукаў у людзях, нават тых, якія былі яму вельмі несымпатычныя, шукаў нешта добрае, нешта вартае павагі. Гэта можна было ўбачыць, толькі блізка зь ім сышоўшыся. А ў гэтым пляне Васіль Быкаў быў ня самым лёгкім чалавекам. Ён сыходзіўся зь людзьмі вельмі ня проста, але калі ўжо сыходзіўся, дык быў надзіва адданы, надзіва ўважлівы і ласкавы чалавек. Хаця я разумею, што для ўсіх часоў і для ўсіх народаў галоўнае, што пакінуў Быкаў – гэта творчасьць. Творчасьць унікальная і па таленту, і па змаганьні за праўду сваім талентам, па дакладнасьці адлюстраваньні паводзінаў чалавека ў экстрэмальных умовах".

Валянцін Тарас: "У кожнага зь ягоных сяброў свой Васіль Быкаў. І, вядома, кожны бачыў і разумеў яго па-свойму. І па-свойму ацэньваў і як асобу, і як пісьменьніка. То бок, у кожнага з нас ёсьць свае адметныя штрыхі да партрэту Васіля. Я пра "свайго Быкава", збольшага, распавёў у нарысе "Дарога да Васіля", ён быў зьмешчаны ў кнізе "Наш Быкаў", якая выйшла праз год пасьля сьмерці Васіля Ўладзімеравіча. Але многае засталося па-за кадрам і, вядома ж, хочацца ўзгадаць усё да дробязяў. Пакуль што скажу вельмі коратка. Васіль вельмі рэдкі, асабліва ў наш час, прыклад поўнай адпаведнасьці пісьменьніка з прыватнай асобай. Тое, што ён сьцьвярджаў у сваёй творчасьці высокія гуманістычныя ідэалы, маральныя пастуляты, крытэрыі сумленьня, непрыманьне любой маны было ўласьціва яму самому як чалавеку. Вядома, не бяз супярэчнасьцяў, не бяз барацьбы з самім сабой. Крый Божа рабіць зь яго ікону! Усё гэта было яго ўласным, жыцьцёвым крэда. Усе ягоныя станоўчыя героі – гэта ён сам у розных мастацкіх выявах. Вядомыя радкі Пушкіна, што пакуль Апалён не патрабуе ахвяраў ад паэта, ён сярод людзей самы нікчэмны, гэтыя радкі ніяк не дапасуюцца да Васіля".

Зянон Пазьняк: “Васіль Быкаў ёсьць у поўным сэнсе нацыянальны пісьменьнік. Гэта значыць, што ён адлюстроўваў у вобразах нацыянальны тып характару і духа беларуса. І ў лёсе гэтых яго нацыянальных вобразаў адбіўся лёс народа. Быкаў - быў. Ён панаваў на гэтай вышыні. Для мяне важна, што ён падняў беларуса над усім сьветам, і паказаў яго такім, які ён ёсьць. І ў велічы, і ў слабіне. Чытач-беларус бачыць сябе, і робіць свае высновы. Тут яшчэ зазначу: Быкаў-пісьменьнік сусьветнага ўзроўню, які стаяў вышэй над усімі сучаснымі пісьменьнікамі. Іншым гэта цяжка зразумець, таму што Быкаў - беларускі пісьменьнік, а беларуская нацыя - у заняпадзе. 200 гадоў яна існавала пад акупацыяй, і іншым людзям (а яшчэ больш і сваім) цяжка перамагчы стэрэатып невядомасьці народа і незнаёмства з яго культурай. Я лічу, што Быкаў недасягальны для глыбокага зразуменьня ў заходнім грамадзтве. Ён для іх занадта самабытны, занадта здаровы і занадта вялікі”.

Вінцук Вячорка: "Галоўнае ў прозе Быкава – гэта момант выбару. Гэта прынцыповая пастаноўка чалавека ў сытуацыю абсалютнага выбару. Выбару, які трэба рабіць абсалютна. Гістарычны кантэкст мяняецца, а праблема абсалютнага выбару застаецца. І безумоўна, тое, што Быкаў у эсэістыцы, у публіцыстыцы дайшоў да афарыстычнасьці афармленьня паняцьця свабоды, неадлучнасьці яе ад Незалежнасьці. Гэта назаўсёды застанецца ў філязофскай скарбонцы беларусаў".

Таксама прапануем наведнікам сайту Свабоды адказаць на пытаньне: што для Вас самае дарагое ў спадчыне Васіля Быкава?
XS
SM
MD
LG