Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Запруднік


Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 у мястэчку Мір Наваградзкага павету. У 1942-1944 г. вучыўся ў прагімназіі й гандлёвай школе ў Баранавічах. Зь лета 1944 г. – на эміграцыі. Браў удзел у беларускім скаўцкім руху. У 1948-1950 г. працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага ўнівэрсытэту (Бэльгія, 1954), працаваў рэдактарам беларускай службы радыё «Свабода». З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Калюмбійскім унівэрсытэце (Нью-Ёрк) доктарскую дысэртацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе. 1906-1917» (1969). Працаваў у нью-ёрскім аддзеле радыё «Свабода» (1970-1991). Рэдагаваў газэту «Беларус». Аўтар кніг «Belarus: At a Crossroads in History» («Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях») і «Historical Dictionary of Belarus» («Гістарычны слоўнік Беларусі»).

Янка Запруднік уваходзіць у прэзыдыюм рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у склад – Беларуска Амэрыканскага Задзіночаньня, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, фонду імя П.Крэчаўскага, зьяўляецца сябрам Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў, Асацыяцыі амерыканскіх славістаў, Украінскай акадэміі навук у Нью-Ёрку.

Пра свае гады ён гаворыць гэтак: "За сталом у кампаніі я сказаў: “Да васьмідзесяці – дарога пад гару, а пасьля васьмідзесяці – дарога з гары”. А нехта збоку паправіў: “Пасьля васьмідзесяці – плято, раўніна”. І сапраўды, бачу перад сабой раўніну. Цікава, якая будзе адлегласьць, пакуль дарога пойдзе з гары".
XS
SM
MD
LG