Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Антончык


Сяргей Антончык нарадзіўся 1 красавіка 1956 году ў паселішчы Плешчаніцы Лагойскага раёну Меншчыны. Працаваў гальванікам, апаратчыкам Менскага вытворчага аб’яднаньня імя Леніна (цяпер БелВАР).

Адзін з арганізатараў і лідэраў рабочага руху, што зарадзіўся ў 1989 годзе, актыўны ўдзельнік славутага страйку працоўных у красавіку 1991 году. Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь (1990 – 1995), сябра апазыцыі БНФ.

Быў у складзе антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі, якую ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка. Пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам выступіў на сэсіі Вярхоўнага Савету ў сьнежні 1994 году з дакладам аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта – газэты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі зь “белымі плямамі”. Па выніках дакладу кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасьці, які Антончык прайграў, ягоная маёмасьць была часткова канфіскаваная.

У красавіку 1995 году Сяргей Антончык быў зьбіты разам зь іншымі дэпутатамі апазыцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парлямэнту.

У жніўні таго ж 1995 году падчас страйку супрацоўнікаў Менскага мэтрапалітэну Сяргей Антончык, нягледзячы на дэпутацкі імунітэт, быў затрыманы і больш як суткі пратрыманы на тэрыторыі спэцыяльнай часткі ўнутраных войскаў.

Пазьней Сяргей Антончык займаўся стварэньнем незалежных прафсаюзаў. Улады неаднаразова арыштоўвалі былога дэпутата, увосень 2004 году яго пакаралі 15 суткамі арышту, прызнаўшы вінаватым у правядзеньні “несанкцыянаванага сходу” ва ўласнай кватэры.

Апошні раз ён быў затрыманы сёлета 10 сакавіка, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Сяргея Антончыка затрымалі раніцай каля прыпынку непадалёк ад дому — ён праводзіў на працу свайго сына Аляксандра.

Мае жонку, траіх дзяцей, унукаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG