Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грамадзтва не сасьпела да рэвалюцыі, а Лукашэнка – да эвалюцыі”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Падзеі 19-га сьнежня,-- жорсткі разгон уладамі дэманстрантаў, якія выйшлі пратэставаць супраць сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, і наступныя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне – галоўная тэма пошты Свабоды на працягу ўжо амаль двух месяцаў.

Пачну сёньняшнюю размову з новага ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў. Слухач лічыць, што беларускае грамадзтва пакуль не сасьпела да пераменаў у сваёй дзяржаве – таму ўсе намаганьньні тых палітыкаў, якія вялі людзей на Плошчу і ў выніку апынуліся ў турэмных засьценках – загадзя былі асуджаны на паразу. Кастусь Сырэль піша:

"Хоць я і не зьяўляюся прыхільнікам партый камуністычнага кшталту, але аддаю належнае мудрасьці Сяргея Калякіна, які, лічу, правільна ацаніў сітуацыю і не пайшоў са сваёй партыяй на выбары, і тым больш на Плошчу. Відаць, нядрэнна вывучаў Леніна, у прыватнасьці, працу “Крах ІІ Інтэрнацыяналу”. Я маю на ўвазе, што ніводнага з трох складнікаў так званай рэвалюцыйнай сытуацыі ў Беларусі пакуль не назіраецца (а я мяркую, што Плошчу можна ўспрымаць, як спробу зьмяніць уладу рэвалюцыйным шляхам). Няма крызісу “вярхоў” – наменклатура шчыльна згуртаваная вакол прэзідэнта і пачувае сябе нядрэнна. Няма пакуль абвастрэньня звыш меры галечы працоўных. Няма, урэшце, і значнага павышэньня актыўнасьці народных мас (паходу на Плошчу найбольш сьвядомай часткі грамадства зусім недастаткова).

З гэтай нагоды хацеў бы ўзгадаць адзін сюжэт з найноўшай гісторыі Ушаччыны. Не скажу дакладна, у якім годзе гэта было, але многія радыёслухачы памятаюць часы, калі ўзьніклі вялікія праблемы з цыгарэтамі – яны проста зьніклі з паліц крамаў. Трэба сказаць, што праблемы тады былі ня толькі з цыгарэтамі. Дык вось, у нашым раёне амаль дайшло да “цыгарэтных бунтаў”: якраз ішла ці то пасяўная, ці то ўборачная, і сельгасработы ледзь не былі сарваныя з прычыны адсутнасьці ў сельскіх крамах цыгарэт – механізатары проста адмаўляліся выязджаць у поле. Справа зайшла настолькі далёка, што тагачасны старшыня райвыканкаму персанальна езьдзіў у Менск, купляў там цыгарэты, развозіў іх па гаспадарках і надзяляў імі механізатараў. Канешне, гэта не рэвалюцыя, але вельмі паказальны прыклад таго, якія наступствы можа мець адсутнасьць у краме ўсяго толькі аднаго тавару нават ня першай неабходнасьці.
Відавочна, што эвалюцыйным, дэмакратычным шляхам зьмяніць уладу ў краіне не атрымаецца, бо Лукашэнка проста ня здольны эвалюцыянаваць ці прыняць дэмакратычныя каштоўнасьці. А для рэвалюцыйных пераўтварэньняў грамадства пакуль не сасьпела "
.

Сапраўды, спадар Кастусь, без імкненьня большай часткі грамадзтва да пераменаў, без гатовасьці людзей прыкласьці дзеля гэтых пераменаў хоць бы невялікія ўласныя намаганьні -- аўтарытарныя рэжымы распадаюцца рэдка. Думаю, многія з тых апазыцыйных палітыкаў, якія пакутуюць зараз у турме КДБ, ня горш за камуніста Калякіна ўсьведамлялі мізэрнасьць шанцаў на тое, што пасьлявыбарчы мітынг 19-га сьнежня здольны адхіліць Лукашэнку ад улады ці прынамсі прымусіць яго прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Але місія палітычнага дзеяча – ня толькі ў тым, каб глыбакадумна сядзець склаўшы рукі, чакаючы, пакуль грамадзства сасьпее да перамен. Настроі ў грамадзтве мяняюцца пад уплывам многіх абставінаў – у тым ліку і ў выніку такіх значных для Беларусі ўзрушэньняў, што адбыліся гэтай зімой.

На гэту ж тэму разважае ў сваім лісьце на Свабоду Ніна Саковіч зь Берасьця. Яна, аднак, лічыць, што беларускае грамадзтва цалкам гатова да зьменаў і ня хоча болей цярпець дзяржаўны лад, які грунтуецца на непадзельнай уладзе адной асобы. Слухачка піша:

"Наш мірны народ са сьлязьмі на вачах моліцца за тых палітвязьняў, якія пакутуюць у турмах, за іхныя сем'і. Думаю, усе ў Беларусі разумеюць: рэпрэсіі, якія абрынуліся на галовы дэмакратычнай супольнасьці, маюць на мэце адно: утрымаць уладу ў адных руках. Дзеля гэтага ён то пагражае, то запалохвае, то абяцае, то падманвае, то падлашчваецца... Лепшых сыноў і дачок беларускага народа загнаў у турмы. Баіцца адукаваных, таленавітых, справядлівых, сумленных. Куды ж мы зойдзем з такой уладай? Упэўнена, што беларускі народ ня хоча болей цярпець такі рэжым, які трымаецца на непадзельнай уладзе адной пэрсоны. А каб пазбавіцца ад дыктатуры, трэба прымяніць ня тыя санкцыі, якія толькі што ўвёў Эўразьвяз, а значна больш жорсткія – і палітычныя, і эканамічныя. І не дазволіць правядзеньне ў Беларусі прэстыжных хакейных турніраў".

У тым, што толькі Захад можа ўратаваць беларусаў ад аўтарытарнага рэжыму, перакананы і наш даўні слухач, былы вайсковец Мікола Канаховіч з Пружанаў. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

"Размаўляю на гэту тэму са сваімі суседзямі, знаёмымі, а часам і зь незнаёмымі людзьмі. Амаль усе сыходзяцца на адным: нам трэба прасіць, маліць усю сусьветную дэмакратычную супольнасьць, іхныя ўрады – рашуча і бескампрамісна увесьці байкот адносна лукашэнкаўскага рэжыму на ўсіх якія толькі магчымыя напрамках – палітычным, эканамічным, культурным, спартыўным і г.д. Нас можа ўратаваць толькі поўная і бескампрамісная ізаляцыя рэжыму. І ня трэба баяцца, што ён адразу і раптоўна здасьць усю Беларусь Расеі. Усё, што можна было здаць, ён і так ужо здаў – далей няма куды.
Беларусь – гэта непадзельная частка Эўропы, і яна павінна жыць у адпаведнасьці з агульнаэўрапейскімі законамі. Калі сёньня агульнымі намаганьнямі не спыніць гэту эпідэмію, яна будзе распаўзацца далей па кантыненце. Няхай бы добрыя людзі сьвету дапамаглі ўтаймаваць гэтых цемрашалаў"
.

Добрыя людзі сьвету, спадар Мікола, не маўчаць і дапамагаюць, як могуць. Эўразьвяз і Злучаныя Штаты Амэрыкі жорстка адрэагавалі на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Супраць больш як паўтары сотні чыноўнікаў і прапагандыстаў рэжыму ўведзены візавыя санкцыі, зроблены іншыя папераджальныя крокі. ЗША увялі і эканамічныя санкцыі – супраць некалькіх прадпрыемстваў канцэрну "Белнафтахім". Значная фінанасавая падтрымка паабяцана грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Аднак ніхто ні на Захадзе, ні на Усходзе ня здольны зрабіць замест беларусаў тое, што могуць і павінны зрабіць толькі яны самі.

Пра тое, якія санкцыі адносна беларускага рэжыму могуць быць эфектыўнымі, разважае ў сваім лісьце на Свабоду і Тамара Захарэвіч зь Менску. Слухачка піша:

"Сапраўдным ударам для Лукашэнкі можа стаць толькі такая сытуацыя, пры якой усе разьвітыя краіны вырашаць ігнараваць спартыўныя спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі. Апазыцыя павінна актыўна працаваць у гэтым кірунку.
Краіна заліта крывёю сумленных людзей, сьлязьмі іх маці і малалетніх дзетак. Што гэта за ўлада, якая так раскалола, перасварыла, прынізіла наш спакойны і памяркоўны народ? Трэба зь ёй нешта рабіць "
.

Як вядома, у студзені Эўрапейскі парлямант у сваёй рэзалюцыі выказаў рэкамэндацыю: калі ў Беларусі ў турмах будуць заставацца палітвязьні, эўрапейскім краінам варта перагледзець мэтазгоднасьць правядзеньня ў Менску хакейнага чэмпіянату сьвету 2014-га года. Варта, аднак, мець на ўвазе, што гэта – толькі рэкамэндацыя, пажаданьне. А міжнародныя спартыўныя федэрацыі, як правіла, ня надта ахвотна ідуць насустрач падобным пажаданьням палітыкаў.

Наконт мінулай выбарчай кампаніі, яе драматычных наступстваў і горкіх урокаў выказваецца ў сваім лісьце на Свабоду і Яўген Бондараў зь вёскі Марозаўка Чавускага раёна. Слухач піша:

,-- "Некаторыя навіны можна даведацца толькі на вашым радыё, таму Свабоду слухаю, нягледзячы на тое, што якасьць прыёму часта кепская.
Вельмі шмат часу адводзіце падзеям 19-га сьнежня. Асабіста мая пазыцыя тут такая: няхай ўсе кропкі над "і" расставіць суд. Вінаватыя няхай сядзяць у турме, а невінаватых трэба рэабілітаваць.
А вось апазыцыі варта ўжо цяпер рыхтавацца да наступных выбараў. І найперш – скласьці такую праграму, якую б падтрымаў беларускі народ. Трэба, каб людзі не сумняваліся, што з тым палітыкам, які пераможа Лукашэнку, жыцьцё палепшыцца.
Неблагія кандыдаты былі і на мінулых выбарах. Напрыклад, Дзьмітры Ус. Ён прайграў выбары, бо ня быў вядомы людзям, і праграма ў яго была слабая, кароткая...Хоць, на маю думку, у яго шмат станоўчых рысаў. І я нават бачыў яго пераемнікам Лукашэнкі ў 2015-м ці 2020-м годзе.
Перапрацаваўшы сваю праграму, узгадніўшы яе з народам, мог выйграць і Аляксей Міхалевіч. Нездарма ж хтосьці нават СМС напісаў у праграму "Контуры на дзяржаўны канал АНТ: "Вазьміце Міхалевіча пад сваё крыло, шкада хлопца!"


Шанцы на тое, што хтосьці зь беларускіх палітыкаў зможа перамагчы Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, зьявяцца толькі тады, спадар Яўген, калі ў Беларусі будуць праведзены сапраўды свабодныя і дэмакратычныя выбары. Гэта ж можна сказаць і пра цяперашнюю судовую, праваахоўную сыстэмы. Як можна чакаць справядлівага і аб'ектыўнага выраку, калі няма незалежных судзьдзяў, калі палітычная мэтазгоднасьць і загад высокапастаўленага чыноўніка вышэй за закон і сумленьне? Ёсьць шмат сьведчаньняў далёкіх ад палітыкі людзей, якія ўначы 19-га сьнежня сталі ахвярамі амонаўскага "хапуна" толькі таму, што выпадкова знаходзіліся ў той момант паблізу ад Кастрычніцкай плошчы. Судзьдзі без усялякіх ваганьняў прымалі фальшывыя сьведчаньні міліцыянтаў і выносілі пакараньне абсалютна невінаватым людзям, якія мелі ўсе доказы сваёй недатычнасьці да акцыі пратэсту.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG