Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Андрэя Саньнікава атрымала сёньня ліст ад сына, датаваны 1 лютага. Гэты ўжо чацьвёрты допіс, які прыйшоў ад Саньнікава. Сям'я Зьміцера Бандарэнкі атрымала другі ліст.

Хаця Ала Саньнікава атрымала ад сына чацьвёрты ліст, у ім пазначана, што гэта ліст №7. Андрэй Саньнікаў ад маці даведаўся пра тое, што ягонай жонцы зьмененая мера стрыманьня. “Тое, што Іра дома, хоць і пад арыштам, было самай радаснай падзеяй за апошні час. Зараз, праўда, хвалююся, як там Данька, як успрымае "пастаяльцаў", як Іра сябе адчувае”, – піша Андрэй Саньнікаў.

Жонка і дачка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцера Бандарэнкі атрымалі ад яго другі за амаль два месяцы арышту ліст. Ён дзякуе за перадачы, зазначаючы, што ўмовы ўтрыманьня у турме КДБ лепшыя, чым на Акрэсьціна: “Усе людзі забясьпечаныя, і на сёньняшні дзень у цэлым у мяне ўсё неабходнае ёсьць... Жыцьцё наладжваецца нават у такім строгім месцы, як тут.”

Зьміцер Бандарэнка дапускае, што, магчыма, яго “выпусьцяць і да суду, а, можа, прыйдзецца сядзець і доўга”. “Вам трэба ўнутрана быць гатовымі да розных варыянтаў разьвіцьця падзей,” – зьвяртаецца ён да сваіх блізкіх.
XS
SM
MD
LG