Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Слуцкая: “Сыход з Эўрарадыё - маё асабістае рашэньне”


Юлія Слуцкая

Юлія Слуцкая

Вядомая беларуская журналістка Юлія Слуцкая сышла з пасады галоўнага рэдактара Эўрапейскага радыё для Беларусі, якую яна займала некалькі апошніх гадоў. Гэтую пасаду заняў Віталь Зыблюк, які да апошняга часу быў намесьнікам у сп-ні Слуцкай.

У 2006 годзе Юлія Слуцкая з прычыны ціску з боку беларускіх уладаў была вымушаная сысьці з пасады рэдактара газэты "Комсомольская правда в Белоруссии".

Якія прычыны яе цяперашняга сыходу? Што зьменіць на Эўрарадыё сп. Зыблюк? Што будзе рабіць далей сп-ня Слуцкая? На гэтыя тэмы зь дзейным і былым галоўнымі рэдактарамі Эўрарадыё гутарыў Юры Дракахруст.


Дракахруст: Віталь, зь якой прычыны Юлія Слуцкая сышла з пасады галоўнага рэдактара Эўрапейскага радыё для Беларусі?

Віталь Зыблюк
Зыблюк
: Яна сышла па ўласным жаданьні, і тут пытаньне хутчэй да яе.

Дракахруст: А гэта сапраўды было яе ўласнае жаданьне? У яе жыцьці быў досьвед, калі ёй у лістападзе 2006 году давялося сысьці з пасады рэдактара "Комсомольской правды в Белоруссии".

Зыблюк: Не, тут не было ніякага ціску, гэта сапраўды яе ўласнае жаданьне.

Дракахруст: Віталь, на пасадзе галоўнага рэдактара што б вы хацелі захаваць з таго, што рабіла сп-ня Слуцкая, што памяняць?

Зыблюк: Я заўсёды быў намесьнікам у сп-ні Слуцкай. Усё, што рабілася, рабілася пры мне, я не прыйшоў аднекуль збоку. Таму па сутнасьці на Эўрарадыё захаваецца ўсё, што было. Глябальных зьменаў не прадбачыцца. Напрыканцы 2010 году мы перайшлі на 15 гадзінаў жывога эфіру. Гэта захаваецца, будзем разьвіваць жывы эфір. Мы запусьцілі таксама новы сайт, і ў гэтым кірунку будзем рухацца. Але гэта ўсё было і пры сп-ні Слуцкай.

Дракахруст: А ці будуць нейкія зьмены ў сувязі са зьменай палітычнай сытуацыі ў Беларусі, скажам так?

Зыблюк: Палітычная сытуацыя ў Беларусі, здаецца, не зьмянілася. Пакуль у нас ёсьць акрэдытацыя, мы працягваем працаваць у Беларусі, і для нас нічога не мяняецца.

***

Дракахруст: Юлія, чаму вы сышлі з пасады галоўнага рэдактара Эўрарадыё?

Слуцкая: Мне шкада, што гэта здарылася, для мяне гэта было вельмі балючае рашэньне. Прычыны – і простыя і складаныя.

Я мэдыйна кансультавала каманду аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты. Тыя людзі, зь якімі я працавала амаль што год, трапілі за краты. Некага вызвалілі пад хатні арышт, каго – пад падпіску, але якая сытуацыя ў краіне, вы ведаеце.

Цяпер я разумею, што адсюль, з-за мяжы я магу зрабіць нешта карыснае і для гэтых людзей і для краіны. Я цяпер у Варшаве спрабую стварыць бюро інфармацыі, аналітыкі і PR, якое б дапамагло нашай беларускай супольнасьці даносіць свае думкі і рашэньні да Захаду.

Мы арганізавалі каманду з палітыкаў, якія прадстаўлялі каманды розных кандыдатаў і засталіся на волі, і зрабілі для іх паездкі па эўрапейскіх сталіцах напярэдадні пасяджэньня Эўрапарлямэнту па Беларусі 12 студзеня і пасяджэньня Рады ЭЗ 31 студзеня.

Палітыкі і грамадзкія дзеячы наведалі Польшчу, Літву, Чэхію, Нямеччыну, Данію, Галяндыю і Швэцыю. У нас адбыліся сустрэчы на высокім узроўні, мы праводзілі прэсавыя канфэрэнцыі, паказвалі фільм пра 19 сьнежня, фотавыставу. Гэта была вельмі карысная праца.

Дракахруст: Юлія, а ўсё ж вы самі сышлі ці вас прымусілі сысьці, як тое было, калі вы былі рэдактарам "Комсомольской правды в Белоруссии"?

Слуцкая: Я мэдыйна кансультавала адну з кандыдацкіх камандаў у свой вольны час. Сысьці – гэта было выключна маё асабістае рашэньне. Я зразумела, што настаў час, калі трэба было выбіраць. Я проста не магла ўжо сумяшчаць. Я мусіла зрабіць выбар і я яго зрабіла.

Тое, што я цяпер ствараю, гэта таксама мэдыйная праца, і я спадзяюся, што ў мяне нешта атрымаецца.

Дракахруст: І вы ня будзеце больш працаваць на Эўрарадыё ні ў якай якасьці?

Слуцкая: Працаваць я там ня буду. Але чалавечыя кантакты, зразумела, захаваюцца. Там мае сябры, мае партнэры, мае любімыя журналісты. Але гэта ня будуць працоўныя кантакты, толькі сяброўскія і чалавечыя.

Дракахруст: А некаторыя людзі з Эўрарадыё сыйдуць з вамі ў ваш праект?

Слуцкая: Ні ў якім разе. Я ніколі не пайду на тое, каб забіраць людзей з праекту Эўрарадыё. Я буду шукаць іншых людзей.

Дракахруст: А як вы ацэньваецца прызначэньне Віталя Зыблюка на пасаду галоўнага рэдактара радыё?

Слуцкая: Вельмі добра. Гэта мой намесьнік, зь якім мы працавалі ўвесь гэты час. Віталь хоць і малады, але вельмі крэатыўны чалавек, шмат чаму навучыўся за гэты час. Я спадзяюся, што ў яго добра атрымаецца.

Дракахруст: Юлія, а вы зьбіраецеся застацца за межамі Беларусі?

Слуцкая: Пакуль у мене тут праца – я працую тут. Бясьпечна ці небясьпечна мне цяпер ехаць у Беларусь – я ня ведаю. Будзем глядзець.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG