Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Радзькоў уручыў пецярым супрацоўнікам менскай міліцыі лісты падзякі за подпісам Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамляе прэс-служба менскай міліцыі, тым самым быў адзначаны "важкі ўклад менскіх міліцыянтаў у справу аховы грамадзкага парадку і забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі".

Двое з узнагароджаных унесеныя ў сьпіс чыноўнікаў, якім Эўразьвяз забараніў уезд на сваю тэрыторыю. Гэта намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму палкоўнік міліцыі Ігар Яўсееў і камандзір палка міліцыі спэцпрызначэньня ГУУС палкоўнік міліцыі Аляксандар Лукомскі.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, такім чынам кіраўнік краіны спрабуе неяк кампэнсаваць міліцэйскім чынам тое, што яны апынуліся ў сьпісе, што яны, маўляў, "у добрым сьпісе тут і адзначаны прэзыдэнтам".

"Ну, і дзеля стварэньня ў гэтых людзей разуменьня, што яны, маўляў, дзейнічалі правільна, што яны нібыта прадухілілі цэлую змову замежных краінаў дзеля зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу. Што яны разагналі не мірную дэманстрацыю, абсалютна непрапарцыйна прымяніўшы сілу, калі пацярпела многа людзей, а што яны нібыта ўсё рабілі правільна".

8 лютага "вызначыўся" яшчэ адзін фігурант ліста неўязных у краіны ЭЗ. Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Яўген Хаткевіч арыштаваў на 12 сутак Міхася Лебедзя за ўдзел у пікеце салідарнасьці з палітвязьнямі, які праводзілі моладзевыя актывісты 20 сьнежня на плошчы Незалежнасьці.
Паводле Стэфановіча, гэтыя факты сьведчаць аб слабай эфэктыўнасьці ўведзеных візавых санкцый ЭЗ.

"Мяне гэтыя санкцыі расчаравалі, гэта такі сымбалічны крок ЭЗ".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG