Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Госьця ранішняга Свабоды – прадусар, рэжысер-дакумэнталіст Вольга Мікалайчык, аўтарка фільмаў “Падарожжа па бясконцай вайне” пра Мікалая Аўтуховіча, “Беларускі турэмны эцюд” пра катаваньні ў беларускіх турмах, “Забойства напярэдадні вясны” пра праваабаронцу Яну Палякову, “Вызваленьне” пра беларускіх палітвязьняў ды шэрагу іншых.

Ганна Соўсь:
Вольга, вы будзеце рабіць кіно пра падзеі 19 сьнежня і тое, што адбываецца пасьля іх?

Вольга Мікалайчык: Пасьля фільма пра Мікалая Аўтуховіча я вельмі спадзявалася, што зрабіла гэта пра нашага апошняга палітвязьня. І сэрца падказвала, што будзе бяда на нашай радзіме, так і адбылося. Пасьля 19 сьненя для любога творчага сумленнага чалавека - гэта грамадзянскі абавязак зрабіць фільмы амаль пра ўсіх, хто цяпер знаходзіцца ў няволі. Вядома, я буду рабіць. Можа быць, мантажаваць буду ня ў гэтай краіне, каб мне нішто не замінала, але я вельмі хачу зрабіць фільм пра нашых жанчын. Я вельмі за іх перажываю, бо жанчына за кратамі, ні за што, у ХХІ стагодзьдзі – я проста як чалавек не магу гэтага зразумець. Таму пакуль я гэтага не зраблю, я не супакоюся, бо адзіная мая зброя – рабіць фільмы. Гэта адзінае, чым я магу абараніць гэтых людзей.

Соўсь: Цяпер вельмі шмат шчымлівых чалавечых гісторый, часам трагічных. Якія вас, акрамя жаночых гісторый, найбольш зачапілі як рэжысэра, як аўтара?

Мікалайчык: Тое, што цяпер перажываюць бацькі нашых зьняволеных. Гэта маці і бацька Паўла Севярынца, гэта і грамадзянская жонка Міколы Статкевіча, і Мілана Міхалевіч, і бацькі Іры Халіп, немагчыма глядзець на тое,
Адзіная мая зброя – рабіць фільмы.
як перажывае старэйшы Халіп – у яго калоцяцца рукі, яму вельмі кепска, я проста баюся, каб гэты чалавек дачакаўся таго моманту, калі ён спакойна прачнецца і сядзе за стол зь зяцем, дачкой і будзе ведаць, што па іх ніхто ня прыйдзе. На гэта балюча і невыносна глядзець і чытаць пра гэта штодзень. Раніцай я баюся ўключаць кампутар, бо ня ведаю, якую я зноў кепскую навіну там убачу або пачую пра тое, што адбываецца сёньня з нашымі самымі лепшымі, самымі сумленнымі людзьмі.

Соўсь: Ваш нядаўні фільм пра катаваньні ў беларускіх турмах быў шырока распаўсюджаны ў сеціве. Ці ён трапіў да прадстаўнікоў праваахоўных органаў і якая была іх рэакцыя?

Мікалайчык: Я дакладна ня ведаю, бо сама ў Міністэрства ўнутраных справаў фільм не дасылала. Хоць можа й варта было гэта зрабіць. Але я дакладна ведаю, што яны сочаць за гэтым, кантралююць сеціва, ходзяць на мае прэзэнтацыі ва Ўправу БНФ – я ўпэўненая, што кожны раз там ад іх нехта прысутнічае. Дый па камэнтарах я чула, што рэакцыя з таго боку была. Бо калі там пісалі, што гэта
Я ўпэўненая, што "яны" глядзяць мае фільмы.
«нецікава», што гэта «кепска» і так далей – дык ясна, што нецікава на гэта глядзець, бо камусьці цікава гэта рабіць, зьдзеквацца з чалавека, катаваць чалавека, адбіваць яму галаву, нацягваць на галаву цэляфанавы пакет і катаваць... Я ўпэўненая, што яны глядзяць. Мала таго – яны ж робяць справаздачы на афіцыйным узроўні ў ААН, бо ААН выдзяляе велізарныя грошы на тое, каб пэнітэнцыярная сыстэма ў нас неяк мянялася, рабілася больш прагрэсіўная. Нават у Расеі нейкія зьмены адбіваюцца ў гэтым накірунку. Дык вось, яны робяць справаздачы, што быццам бы тут нешта робіцца, а насамрэч усё горш і горш. Асабліва для адміністрацыйна арыштаваных, таму што туды - «на суткі» - трапляюць самыя актыўныя людзі.

Соўсь: Вы былі прадусарам некалькіх фільмаў Юрыя Хашчавацкага “Аазіс”, “Звычайны прэзыдэнт” ды іншых. Ці лічыце вы Хашчавацкага ў нейкім сэнсе сваім настаўнікам? Што аб’ядноўвае вашую творчасьць?

Мікалайчык: Ведаеце, у рэжысуру я хацела патрапіць даўно, але калі памянялася сытуацыя ў краіне – я неяк падумала, мне ўжо 42 гады, і 17 зь іх, амаль палову, я жыву як у турме – дык навучацца тут рэжысуры стала проста немагчыма, а ехаць за мяжу – у Эўропу ці Расею – вельмі дорага. Тым больш, што ў Расеі рэжысэрскія школы ўжо сапсаваліся, плаці грошы, атрымаеш корку, талент не патрэбны. Таму я вельмі ўдзячная Юру за тое, што ён мне столькі даў у пляне прафэсіі, што за гэтыя 15 гадоў, што мы працуем разам, я атрымала ад яго сапраўдную навуку, ён сапраўдны майстар, ён уваходзіць у дзясятку найлепшых рэжысэраў Эўропы. Вынікам стала тое, што я да яго 60-годьздзя прысьвяціла яму фільм, які называўся «Кіно і катлеты» - ён і драматычны, і камэдыйны, і з гумарам. Я была з гэтым фільмам на шматлікіх міжнародных фэстывалях, але калі гэты фільм ужо падабаецца жонцы Хашчавацкага Тамары, то гэта шмат пра што сьведчыць.
Фільмы на БТ - амаральны гвалт і яшчэ за нашы ўласныя грошы.
Я вельмі ўдзячная Юру за тое, што ён навучыў мяне азам прафэсіі, ён сказаў мне самае галоўнае – гэта яшчэ казаў Ром – што рэжысуры нельга навучыць, але ёй можна навучыцца, маеш здольнасьці – вучыся, набірай. Нас аб'ядноўвае хутчэй за ўсё тое, што мы зь ім робім фільмы на актуальныя тэмы, пра тое, што адбываецца ў грамадзтве. Але, вядома ж, у мяне іншая стылістыка, у яго свая рука, у мяне свая. Але нейкія азы, што ў прафэсіі безумоўна патрэбна ведаць – тут ён мне вельмі дапамог за гэтыя 15 гадоў. Я думаю, што я скончыла адну з найлепшых школаў па рэжысуры ў Эўропе – школу Юрыя Хашчавацкага.

Соўсь: Як бы вы вызначылі жанр прапагандысцкіх фільмаў, якія робіць беларускае тэлебачаньне? Яны могуць быць таленавітымі?

Мікалайчык: Я думала пра гэта да Вашага пытаньня – што гэта такое. Ну, па-першае, да творчасьці, да мастацтва гэта ня мае ніякага дачыненьня. Гэта групавы гвалт беларускага грамадзяніна за ягоныя ўласныя грошы, таму што дзяржаўны беларускі тэлевізар глядзець падаткаплатнікі. Гэта гвалт, гэта атрута, у нармальных краінах за гэта падаюць у суд, за гэта былі б мільённыя санкцыі, што заўгодна. А тут мы за сваё яшчэ мусім гэты бруд, які на нас ліецца... Гэта амаральна, разумееце, гэта амаральны гвалт, і яшчэ за нашы ўласныя грошы.

Слухаць:


  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG