Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 лютага пасьля 10 дзён арышту выходзяць з ізалятару на Акрэсьціна маладзёвыя актывісты Кацярына Людвіг, Паліна Кур'яновіч і Максім Вінярскі, якіх затрымалі падчас акцыі салідарнасьці каля КДБ.



Судзілі Кацярыну Людвіг, Паліну Кур'яновіч і Максіма Вінярскага на наступны дзень ў Цэнтральным судзе Менска. Працэсы праходзілі вельмі хутка, на іх нават не апытвалі сьведак міліцыянтаў. Справа ў тым, што абвінавачаныя ў адміністрацыйным парушэньні не адмаўлялі, што выйшлі да будынку КДБ з плякатамі, на якіх было напісана "Свабоду палітвязьням".

Паліна Кур'яновіч, прыкладам, заявіла, што лічыць свае дзеяньні не парушэньнем парадку, а сваім правам. Паліна прасіла суд пра адно – не прызначаць ёй арышт, а абмежавацца грашовым штрафам. Судзьдзя Леанід Ясяновіч вырашыў інакш і адправіў маладую жанчыну ў Акрэсьціна на 10 сутак.

Сястра Максіма Вінярскага Алена здолела патрапіць на працэс над братам, які вёў судзьдзя Хадановіч. Пазьней Алена распавяла.

"Відавочныя былі разыходжаньні ў паказаньнях і матэрыялах справы. Прыкладам, на фота ёсьць партрэт Саньнікава без надпісу, а фігуруе у справе партрэт Някляева з надпісамі. На гэта суд сказаў, што добра, ў гэтай частцы ён не вінаваты. Але прыйшоў і стаяў, таму вінаваты. А ўсё астатняе, як абмеркаваньне дзеяньняў міліцыі, у кампэтэнцыю суду не ўваходзіць".

Адразу пасьля суду Максім Вінярскі абвясьціў галадоўку.

Паліна Дзьякава ў гэтыя дні перадавала на Акрэсьціна перадачы для сваёй сяброўкі Паліны Кур'яновіч, а таксама Кацярыны Людвіг і Максіма.

"Магчыма, дзяўчаты разам сядзяць – хочацца ў гэта верыць. Перадачы перадаем. Напоі, газэты, часопісы, кнігі".

Карэспандэнт: "Вядома, што Вінярскі пасьля суду абвясьціў галадоўку. Што пра яго вядома? Спыніў ён галадоўку ці працягвае?".

"Ну, Максім Вінярскі такі – сур'ёзны чалавек, напэўна, працягвае. Але дакладных зьвестак няма, іх проста не даюць. Будзем сустракаць іх у 18.20, ці нават крыху раней. Бо бывалі выпадкі, што выпускалі раней, каб сябры і аднадумцы не сустракалі вязьняў".

30 студзеня ў акцыі салідарнасьці зь вязьнямі 19-га сьнежня бралі ўдзел некалькі дзесяткаў менчукоў. 7 чалавек былі затрыманыя і правялі ноч на 31 студзеня на Акрэсьціна. З іх у судах былі пакараныя 10-ці сутачным арыштам 3 чалавекі, а яшчэ 4 атрымалі грашовыя штрафы – па 1 мільёну 50 тысяч рублёў, альбо 30 базавых велічынь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG