Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Шкадун: “Падпісаны дагаворы на дзьве трохпакаёвыя кватэры”


Натальля Шкадун
Натальля Шкадун
У аўторак суд Ленінскага раёну Магілёва разгледзеў адміністрацыйную справу траіх удзельнікаў акцыі салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня.

Сябра Партыі БНФ Валянцін Лабачоў пакараны адміністрацыйным арыштам на 7 сутак, другі сябра гэтай партыі Сяргей Нягацін – на 5. Беспартыйную шматдзетную маці Натальлю Шкадун суд таксама прызнаў удзельніцай несанкцыянаванага пікетаваньня і вынес ёй папярэджаньне.


Натальля Шкадун была госьцяю аўторкавай праграмы "Начная Свабода: вынікі дня".

“Свабода”: Наколькі чаканым стаў для вас прысуд?

Шкадун: Шчыра кажучы, я чакала мякчэйшага прысуду ў адносінах да Лабачова і Нягаціна. Што да сябе, то я думала, што будзе ўсё-такі штраф, але, відаць, занадта шмат было парушэньняў учынена з боку міліцыі пры складаньні пратаколаў, што гэта нейкім чынам у судзе ўлічылі. І, напэўна, мая прамова ў судзе таксама мела нейкае значэньне для вынясеньня мне прысуду.

“Свабода”: Ці зьбіраецеся вы абскарджваць прысуд?

Шкадун: Так, і супраць сябе, і супраць Лабачова і Нягаціна, бо ў іх будзе вельмі мала часу. Адвакат зоймецца гэтым адразу пасьля таго, як мы атрымаем матэрыялы справы на рукі. Пастанову сёньня я атрымала. Адвакат яе ўжо вывучае, а матэрыялы справы мы ў пятніцу зможам паглядзець, вывучыць і далей будзем ужо апратэстоўваць.

“Свабода”: У сьнежні вы васьмёра сутак трымалі галадоўку, дамагаючыся ад уладаў паляпшэньня жыльлёвых умоваў для сваёй сям’і. У вас пяцёра дзяцей, і дзевяць чалавек жывуць у адной трохпакаёвай кватэры памерам 63 мэтры. Тады, у сьнежні, вам паабяцалі даць лепшыя ўмовы. Ці ёсьць прагрэс у гэтай справе?

Шкадун: Падпісаны дагаворы на дзьве канкрэтныя трохпакаёвыя кватэры, праўда, кватэры на розных паверхах: адна на шостым, а другая на другім у тым самым пад'езьдзе. Я атрымала субсыдыяваньне, і нават крэдытную лінію на лішнія мэтры таксама адкрылі.

Гэтага немагчыма было дабіцца, нават пра субсыдыяваньне ніколі не ішла размова ўсе мінулыя разы, калі я спрабавала вырашыць жыльлёвае пытаньне. Відаць, галадоўка падзеяла і ўлады вырашылі, што можна і жытло выдзеліць, якое па законе належыць выдзеляць на працягу году. Я атрымала яго праз 11 гадоў, як і ўсё астатняе, прадугледжанае дэкрэтамі і ўказамі прэзыдэнта.

Слухаць гутарку цалкам:

Натальля Шкадун: “Падпісаны дагаворы на дзьве трохпакаёвыя кватэры”
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG