Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню гэтае пытаньне пачалі шырока абмяркоўваць 20 гадоў таму, пасьля выхаду ў сьвет кнігі "Ў пошуках "маньчжурскага кандыдата" амэрыканскага аўтара Джона Маркса (Marks John. The Search for the "Manchurian Candidate": The CIA and Mind Control. — N.Y. : W. W. Norton & Co, 1991). У кнізе аўтар, грунтуючыся на адкрытых архіўных матэрыялах, расказаў пра досьвед ЦРУ ў пытаньнях кантролю над чалавечай псыхікай і паводзінамі з дапамогай не фізычнага, а псыхічнага ўзьдзеяньня. Размова ішла і пра такую мэтодыку маніпуляцыі чалавечай псыхікай у мэтах атрыманьня адпаведных паказаньняў, як нэўралінгвістычнае праграмаваньне чалавека (НЛП).

Выкарыстаньне мэтадаў НЛП карнымі структурамі СССР апісвалі і былыя савецкія дысыдэнты. Сярод іх колішні палітвязень (1972—1982), вядомы кіеўскі псыхіятар, выканаўчы дырэктар Украінска-амэрыканскага бюро абароны правоў чалавека Сямён Глузман.


"Ветліва глядзець чалавеку ў вочы і апэляваць да генэтычнага страху"

Паводле Сямёна Глузмана, схема ўзьдзеяньня сьледчых КДБ на псыхіку чалавека досыць простая: ветліва глядзець у вочы суразмоўцу і самымі рознымі сродкамі, з дапамогай камбінацыі пэўных слоў, рухаў цела і выразаў твару апэляваць да яго генэтычнага страху (пра які сьведчыць 70-гадовая гісторыя народаў былога СССР, калі людзі зьнікалі цэлымі сем’ямі за расказаны анэкдот). Калі арыштаваны або выкліканы на допыт ці проста, так бы мовіць, запрошаны на размову ў КДБ чалавек — нэўротык і рэагуе на сытуацыю эмацыйна-інстынктыўна, то "апрацоўка" сама па сабе ня надта цяжкая.
Найбольш хуткай апрацоўкі чакаюць ад людзей з таямніцамі ў інтымнай сфэры...


Паводле аўтарытэтнага псыхіятра, найхутчэй вынікі можна атрымаць ад размоваў зь людзьмі, якія маюць таямніцы ў інтымнай сфэры: напрыклад, калі чалавек — гомасэксуал або мае сэкс зь непаўналетнім партнэрам. Паводзіны такіх людзей лёгка прагназуюцца пасьля невялікай размовы наконт таго, што можа здарыцца зь імі ў няволі.

Калі на чалавека няма падобнага кампрамату і ён умее адаптавацца да зьменаў вонкавых абставін, на яго ўзьдзейнічаюць празь іншыя мэханізмы.

Як распавёў у размове са "Свабодай" экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус, у размовах зь ім сьледчыя КДБ, каб дамагчыся паказаньняў супраць Міколы Статкевіча, найчасьцей чынілі ціск на бацькоўскія пачуцьці:
У мяне малое дзіця, На гэта яны найбольш ціснуць...


"У мяне малое дзіця, якое трэба гадаваць. На гэта яны найбольш ціснуць. Таксама яны ціснуць на тое, што ў мяне бізнэс у Беларусі. Кажуць, што калі мяне пасадзяць у турму, то мой бізнэс разваліцца, што калі я выйду з турмы, у мяне ня будзе кавалка хлеба, ня будзе магчымасьці жыць нармальна".

Паводле журналіста Сяргея Вазьняка, які правёў у СІЗА КДБ 41 дзень і быў 29 студзеня вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, "калі апынаесься там, ужо праз два месяцы ў судзе можаш прызнацца ў чым заўгодна. Мэтады самыя рэпрэсіўныя. Чалавек, каб ня трапіць у турму, вельмі проста можа агаварыць сам сябе".


"Давесьці ўзьдзеяньне НЛП вельмі цяжка"

Паводле менскага псыхоляга Кацярыны, сёньня, каб валодаць тэхнікай НЛП, зусім не абавязкова быць прафэсійным псыхолягам ці псыхіятрам. Ёй можна навучыцца шмат дзе, у тым ліку, напрыклад, на курсах сеткавага гандлю:

"Гэтая мэтодыка ня ёсьць нешта самастойнае. Распрацоўнікі тэхнік НЛП стваралі іх у інтэграцыі з шмат якімі іншымі відамі прафэсійнай дзейнасьці. Тут мэханізмы і шаманства, і гіпнозу, аднак аснова — гэта падстройваньне пад чалавека. Дарэчы, гэта мэтад, выкарыстаньне якога вельмі цяжка давесьці. Напрыклад, мне даводзілася сутыкацца зь людзьмі, якія сталі ахвярамі прадстаўнікоў фінансавых пірамідаў. Прайшоўшы адпаведную апрацоўку, яны ўжо праз пару гадзін прасілі: вазьміце нас да сябе, мы да вечара зьбяром гэтую пару тысяч даляраў. У іншай сытуацыі чалавек можа што заўгодна падпісаць ці даць любыя паказаньні супраць сябе. Давесьці факт маніпуляцыі ў такіх выпадках вельмі цяжка.

Незалежна ад таго, дзе і кім выкарыстоўваецца такая мэтодыка, звычайны чалавек па сутнасьці не гатовы да абароны ад яе. Людзі слабейшыя, тыя ж нэўротыкі, рэагуюць на гэта вастрэй".

"Свабода": "Ці могуць неяк захаваць сябе ў падобных абставінах тыя палітыкі ці публічныя людзі, якія цярпяць на нэўрозы?"
У Беларусі нэўротыкам лепш ня зьвязвацца з палітыкай. Адрозна ад заходніх калегаў, яны ня маюць ні даху, ні прыкрыцьця, ні лобі...


Кацярына: "Чалавек можа і не разумець, што ён нэўротык. Хоць можа і ўсьведамляць гэта. Аднак найчасьцей такія людзі адмаўляюцца ад лячэньня. Лічаць, што самі змогуць пераадолець праблему або што такой праблемы ўвогуле няма. У любым выпадку ў Беларусі нэўротыкам лепш ня зьвязвацца з палітыкай ці грамадзкай дзейнасьцю. Бо ў палітыкаў надзвычай шмат і канкурэнтаў, і праціўнікаў. Прычым ня толькі з боку апанэнтаў, але і хаўрусьнікаў. Ня кожны ў стане адэкватна рэагаваць на ўсё гэта. Адрозна ад заходніх палітыкаў, якія маюць надзейны дах, прыкрыцьце, лобі, групу прыхільнікаў, у нашых, як я разумею, гэтага нічога няма".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG