Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст “Свабоды” – пра эгіпецкія засьценкі


Робэрт Тэйт
Робэрт Тэйт
Журналісты нашага радыё Робэрт Тэйт і Абдэліла Нуаймі былі затрыманыя эгіпецкімі ўладамі ў мінулую пятніцу, 4 лютага, амаль адразу пасьля прылёту ў каірскі аэрапорт. Журналісты былі дастаўленыя ў цэнтар допытаў эгіпецкай выведкі. Робэрт Тэйт пасьля вяртаньня ў Прагу расказаў пра свой досьвед.

Тэйт: Мы былі спыненыя на кантрольна-прапускным пункце паліцыі прыкладна праз паўгадзіны пасьля выхаду з каірскага аэрапорту. Нас папрасілі прад’явіць пашпарты, мы паказалі свае брытанскія пашпарты, потым папрасілі паглядзець нашыя сумкі. Калі яны ўбачылі там спадарожнікавыя тэлефоны, то пераканаліся, што мы журналісты, якія прыехалі асьвятляць палітычны шторм у Эгіпце.
Я на ўласныя вочы ўбачыў тое, што даводзілася чытаць пра катаваньні...

Ад нас запатрабавалі сесьці ў сваю машыну і ехаць за імі ў пастарунак. Пасьля гэтага нас перавезьлі на іншы аб’ект, які, я мяркую, належаў эгіпецкай выведцы “Мухабарат”. Там мы знаходзіліся 27 гадзінаў, з завязанымі вачыма, у кайданках, у камэры, дзе іншых эгіпецкіх затрыманых зьбівалі і катавалі пры дапамозе нейкіх электрычных прыладаў.

Мяне асабіста не катавалі, так што мне было значна лягчэй. Але я на ўласныя вочы ўбачыў тое, што даводзілася чытаць пра катаваньні ў нацысцкай Нямеччыне, у сталінскай Расеі, у Чылі пры Піначэту, у Аргентыне і ў Іране.

Здаецца немагчымым, што нехта можа прайсьці праз гэта і жыць потым далей нармальным жыцьцём.

Радыё Свабода: Вам завязалі вочы, прымусілі легчы на падлогу, побач з вамі катавалі людзей. Ці адчувалі вы, што можаце быць наступным?
У такой сытуацыі ніхто ня можа быць упэўнены, што ня прыйдзе яго чарга...

Тэйт: У мяне былі зьмяшаныя пачуцьці. Я лічыў, што, хутчэй, ня буду наступным з прычыны свайго брытанскага пашпарта. Але я ня быў упэўнены ў гэтым. Нельга быць упэўненым, калі ваш лёс у руках такіх людзей. Мяне штурхалі да сьцяны, на мяне крычалі, і мая чарга таксама магла прыйсьці. Побач з сабой я чуў пстрыканьне нейкай электрычнай прылады. У такой сытуацыі ніхто ня можа быць упэўненым, што ня прыйдзе яго чарга.

Радыё Свабода: Ці даў вам ваш досьвед разуменьне прыроды рэжыму прэзыдэнта Мубарака і прычын акцыяў пратэсту супраць яго?

Тэйт: Цяжка сказаць, ці можна зразумець нешта, калі цябе трымаюць з завязанымі вачыма, але, безумоўна, гэта дало мне ключ да разуменьня таго, чаму людзі на эгіпецкіх вуліцах гавораць пра годнасьць і правы чалавека. Я мяркую, што брак гэтых рэчаў і выклікаў паўстаньне супраць Мубарака, бо тое, чаму я стаў сьведкам – гэта ня зьява апошніх двух тыдняў, гэта практыка апошніх 30 гадоў. Гэта стыль працы “Мухабарату” – эгіпецкай спэцслужбы. Было відавочна, што гэтыя хлопцы добра напрактыкаваныя ў тым, што яны робяць: яны рабілі тое, што робяць заўсёды.
Установа, у якой я пабываў, была выразнай супрацьлегласьцю дэмакратыі, як мы яе разумеем...

Радыё Свабода: Амар Сулейман, якога Мубарак нядаўна прызначыў віцэ-прэзыдэнтам, раней узначальваў якраз эгіпецкую спэцслужбу. Што вы думаеце пра тое, што ён цяпер адказвае за перамовы з апазыцыяй пра пераход да дэмакратыі?

Тэйт: Удачы тым, каму давядзецца весьці перамовы зь ім. Відавочна, ён зьяўляецца кіраўніком велізарнага апарату. Мяркую, што ён не адзін усталёўваў гэтую сыстэму, але няма ніякіх сумневаў, што ён ведае пра тое, як яна працуе, што ён санкцыянаваў менавіта такую яе працу. На мой погляд, гэта ня той чалавек, які быў бы пажаданы нават для першага кроку ў кірунку стварэньня дэмакратычных інстытутаў, бо ўстанова, у якой я пабываў, была выразнай супрацьлегласьцю дэмакратыі, як мы яе разумеем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG