Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шквалісты вецер з дажджом і сьнегам, які абрынуўся 6 – 7 лютага на тэрыторыю Гомельшчыны, нарабіў багата шкоды ў Жлобінскім, Калінкавіцкім, Лельчыцкім, Акцябрскім раёнах. Але найбольшы ўдар урагану, хуткасьць якога дасягала 20 мэтраў у сэкунду, прыйшоўся на Буда-Кашалёўскі раён.

У вёсках Марозавічы, Пянчын, Уваравічы ды некаторых іншых стыхія пазрывала дахі шэрагу прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоваў.

Апавядае жыхар мястэчка Ўваравічы, які жыве ў камунальным доме № 16 у завулку Калгасным:

“Сарвала шыфэр. Я ня мог выйсьці, таму што цагліны падалі — комін поўнасьцю зваліла. Тут наша служба камунальная — павінны штосьці рабіць".

У мясцовых камунальнікаў і прыватнікаў пасьля шквалістага ветру – шмат непрадбачанай працы. У мястэчку пацярпелі паўдзясятка дамоў, летняя вэранда крамы на цэнтральнай плошчы


У маладога гаспадара Івана з вуліцы Калгаснай вецер зьнёс з даху дзясятак шыфэрных лістоў:


“Моцны вецер усчаўся ў суботу каля гадзіны дня і працягваўся да ночы. Зьнесла з даху лістоў дзесяць. Мы раніцай усталі, пайшлі ў краму, але крама была зачыненая. Узялі і закрылі дзірку рубэроідам. Зараз бягу ў краму, каб набыць новы шыфэр”.


На вуліцы Казлова, 30 у двухпавярховіку стыхія пашкодзіла дах і бальконы, а насупраць у дамку № 55, дзе жыве пэнсіянэрка Валянціна Коцік, вецер сарваў бляшаны вільчак – дождж са сьнегам пачалі трапляць на гарышча. Камунальнікі падлаталі дах на двухпавярховіку, а хату пэнсіянэркі абмінулі.

Напярэдадні сын спадарыні Коцік Аляксандар наняў чалавека, і яны ўдвух рамантавалі дах.


У вёсцы Пянчын на вуліцы Палявой вецер пашкодзіў дахі трох дамоў, пабудаваных паводле праграмы дзяржаўнай падтрымкі вёскі.


Апавядае Аляксандар, гаспадар аднаго з пашкоджаных дамоў:

“Вецер вялікі ўначы падняўся. Жонка мяне пытае: “Штосьці такое страшнае грыміць?” Я кажу: “Можа, антэна якая”. Раніцай выйшаў, а мне ўжо сусед кажа: “Там у цябе дах паляцеў”. Паглядзеў – так і ёсьць: тры лісты шыфэру сарвала з краю і ўсярэдзіне даху дзірку прабіла”.

Спадар Аляксандар кажа, што супрацоўнікі дзяржаўнага страхаваньня яшчэ не прыяжджалі. Чатыры лісты шыфэру ён папрасіў у дырэктара мясцовай гаспадаркі – той і дапамог, хаця ў гаспадарцы й свайго клопату з-за ўрагану хапае.


У КСУПе "Эксбаза "Пянчын" шквалісты вецер фактычна разбурыў даўжэзную павець для сельгасмашын, садраў частку даху на жывёлагадоўчай фэрме.


Шыфэр на фэрму гаспадарка мае, а на павець яго патрэбна багата – недзе каля двухсот квадратных мэтраў. Тут наагул патрэбна сур’ёзная рэканструкцыя, бо ад пабудовы засталіся толькі сьцены і апорныя слупы. Аднаўляць усё гэта гаспадарка ня мае грошай.

Адзін з кіраўнічых прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемства расказаў:

“Якая дапамога?! Сёньня толькі першы дзень, як разьбіраем. Заявілі ў службу ратунку – яны прыехалі, праверылі. Штосьці, магчыма, па страхоўцы атрымаем, штосьці, можа, з боку раёну дапамогуць. Ня ведаю, як будзе атрымлівацца. Штосьці, вядома, сваімі сіламі будзем рабіць – мы пачалі ўжо сваімі сіламі. Калі дапамогуць – дзякуй, калі не – што тут зробіш? Дзяржстрах да прыватных уладальнікаў, дзе сарвала дахі, ня можа прыехаць – такіх шмат у раёне”.
XS
SM
MD
LG