Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму скарачаюцца золатавалютныя рэзэрвы?


За студзень золатавалютныя рэзэрвы Беларусі, разьлічаныя паводле мэтодыкі МВФ, скараціліся на 688 мільёнаў даляраў, альбо на 14%. У чым прычыны гэтай зьявы? Чым гэта пагражае эканоміцы краіны? Якія ёсьць шляхі вырашэньня праблемы?

Удзельнікі: фінансавы аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Уладзімер Тарасаў і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук.

Прычыны скарачэньня золатавалютных рэзэрваў?


Валер Карбалевіч: «Скарачэньне за адзін месяц золатавалютных рэзэрваў Беларусі, разьлічаных паводле мэтодыкі МВФ, на 688 мільёнаў даляраў, альбо на 14%, — гэта шмат. Калі спраецыраваць гэтую тэндэнцыю на ўвесь год, то ў яго канцы краіна можа застацца ўвогуле без золатавалютных рэзэрваў. У чым прычыны гэтай зьявы?»

Уладзімер Тарасаў: «Гэтая праблема ня ёсьць нешта нечаканае і незвычайнае. Цягам апошніх двух гадоў краіна траціць каля 500 мільёнаў на фінансаваньне дэфіцыту замежнага гандлю. На гэта ідуць грошы ад вонкавых пазыкаў, продажу ўласнасьці. Таму, калі грошы ад гэтых крыніц паступалі, то гэта было непрыкметна.

А ў студзені вылезла на паверхню тое, што назапасілася за мінулы год. Таму і адбылося такое скарачэньне золатавалютных рэзэрваў. Акрамя таго, у студзені трэба было вяртаць пазыкі прадпрыемствам і банкам.

Для фінансаваньня дэфіцыту замежнага гандлю Беларусі патрэбна каля 6–7 мільярдаў даляраў штогод. Бо Беларусь спажывае замежных тавараў больш, чым прадае за мяжу. То бок мы жывем не па сродках».

Зьміцер Крук: «Асноўнай прычынай дэфіцыту на валютным рынку стала мінулагодняя палітыка ўраду, які залішне стымуляваў унутраны попыт праз інвэстыцыі ў асноўны капітал і даходы насельніцтва. І гэта абумовіла занадта высокі попыт на імпарт. А экспарт рос менш. За гэта цяпер даводзіцца расплачвацца.

Дагэтуль значная частка попыту на імпарт кампэнсавалася банкамі, якія выкарыстоўвалі два інструмэнты. Па-першае, банкі пакрывалі значную частку попыту насельніцтва і прадпрыемстваў. Па-другое, банкі падтрымлівалі валютныя рэзэрвы Нацбанку за кошт сваіх дэпазытаў, якія яны разьмяшчалі ў Нацбанку.

У афіцыйным прэс-рэлізе Нацбанку напісана, што адной з прычынаў валютнага дэфіцыту стала „аднаўленьне банкамі валютных пазыцый, якія скараціліся ў лістападзе-сьнежні 2010 году“. Гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася ў студзені. І ў выніку мы ўбачылі зьмяншэньне валютных рэзэрваў».

Чым гэта пагражае эканоміцы краіны?


Карбалевіч: «Калі такая тэндэнцыя будзе працягвацца, то чым гэта пагражае эканоміцы, нацыянальнай бясьпецы краіны?»

Тарасаў: «У такім выпадку нашу эканоміку чакаюць непрыемнасьці. Бо варыянтаў прыцягненьня валюты няшмат.
Калі б мы бралі крэдыты для фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў, то гэта было б станоўчым працэсам. А цяпер пазыкі ідуць на праяданьне.
Альбо прадаваць уласнасьць, хоць умовы для продажу дрэнныя цяпер. Альбо прыцягваць новыя замежныя пазыкі. Але аблігацыі прадаюцца на нявыгадных умовах. І гэта павялічыць ціск на нашу эканоміку ў будучыні. Калі б мы бралі крэдыты для фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў, то гэта было б станоўчым працэсам. А цяпер пазыкі ідуць на праяданьне».

Крук: «Гэта вельмі небясьпечная сытуацыя. Яна будзе ціснуць на стабільнасьць абменнага курсу. Калі гэтая стабільнасьць парушыцца, то гэта пагроза для попыту на нацыянальную валюту і пагроза для ўсяго грашовага рынку краіны. Таму ўлады будуць рабіць усё магчымае, каб забясьпечыць стабільнасьць абменнага курсу».

Шляхі вырашэньня праблемы


Карбалевіч: «Што ж трэба рабіць, каб вырашыць гэтую праблему? Вось сёньня ўрад абмяркоўваў праект Нацыянальнай праграмы разьвіцьця экспарту на 2011–2015 гады. Яна прадугледжвае рост аб’ёмаў экспарту ў 2,2 раза і дасягненьне станоўчага сальда замежнага гандлю ў 2014 годзе. Як можна ацаніць гэтую праграму?»

Тарасаў: «Мэты пастаўленыя правільныя. Але для гэтага трэба праводзіць больш рашучыя рынкавыя рэформы, чым гэта робіцца цяпер. Бо нашы рэзэрвы ня вытрымаюць столькі часу, цягам якога ўрад плянуе дасягнуць станоўчага сальда. Цяперашніх рэзэрваў хопіць на паўгода. І пасьля гэтага давядзецца рабіць захады дзеля выратаваньня, а не разьвіцьця эканомікі».

Крук: «Кірунак і мэты Нацыянальнай праграмы разьвіцьця экспарту правільныя, але мэтады, якімі спрабуюць дасягнуць мэты, неэфэктыўныя. Стратэгія праграмы прадугледжвае, што кожнаму суб’екту гаспадараньня даецца заданьне па экспарце і імпарце. Але такія мэтады не працуюць. Для выпраўленьня сытуацыі неабходна стварыць атмасфэру стымулаў для разьвіцьця экспарту.
Стратэгія праграмы прадугледжвае, што кожнаму суб’екту гаспадараньня даецца заданьне па экспарце і імпарце. Але такія мэтады не працуюць.

Праграма імпартазамяшчэньня неэфэктыўная. Калі існуюць спрыяльныя ўмовы для попыту на імпартныя тавары, то колькі ні забараняй імпарт па асобных пазыцыях, гэта ня будзе эфэктыўным. У вытворцаў няма стымулу павышаць энэргаэфэктыўнасьць, зьніжаць выдаткі.

Таму давядзецца шукаць крыніцы паступленьня валюты ў выглядзе пазыкаў і кропкавай прыватызацыі. Але гэта лячэньне не прычын хваробы, а толькі яе сымптомаў».

Крэдыты


Карбалевіч: «Нядаўна Лукашэнка на нарадзе з урадам патрабаваў спыніць замежныя пазыкі і заявіў, што масавай прыватызацыі ня будзе. Але падаецца, што акрамя крэдытаў, ніякіх іншых варыянтаў паступленьня валюты няма».

Тарасаў: «З крэдытамі вялікая праблема. Аб’ёмы разьмяшчэньня аблігацый вялікія. Можна прыцягнуць яшчэ 1-2 мільярды даляраў. Але потым інвэстары пачнуць павышаць стаўкі.

МВФ мог бы даць нам грошы. Але ён запатрабуе правядзеньня рэформаў. Калі б у нас былі добрыя адносіны з Расеяй, то можна было б разьлічваць на расейскую падтрымку. Але гэта малаверагодна. А Кітай, калі дасьць крэдыт, то папросіць за гэта нешта вельмі дарагое».

Карбалевіч: «Ва ўмовах вострага канфлікту паміж Беларусьсю і Захадам цяжка спадзявацца на крэдыты МВФ».

Крук: «Крэдыты — гэта не адзінае выйсьце. Урад спадзяецца, што сальда замежнага гандлю сёлета будзе лепшым за кошт больш прывабных схем гандлю нафтай і калійнымі ўгнаеньнямі. І гэта можа прынесьці дадаткова каля 1 мільярда даляраў.

Але самае слушнае, што магчыма цяпер зрабіць, гэта пачаць лячыць хваробу, а не яе сымптомы. Для гэтага трэба зьмяніць эканамічную палітыку, ліквідаваць умовы, якія стымулююць залішні попыт на імпарт.

У нас ёсьць найбольш рэальная крыніца прытоку валюты. Гэта ашчаджэньні насельніцтва. Трэба пераканаць насельніцтва ў слушнасьці нашай унутранай, эканамічнай, манэтарнай палітыкі. Тады, магчыма, грамадзяне будуць пераводзіць ашчаджэньні з замежнай у нацыянальную валюту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG