Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умовы ў «амэрыканцы»: на дошках спаць лепей, чым на жалезных нарах


Паводле праваабаронцаў, ня меней за 12 фігурантаў справы 19 сьнежня працягваюць трымаць у ізалятары КДБ «амэрыканка». Сярод іх — былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч. У якіх побытавых умовах знаходзяцца вязьні «амэрыканкі»?

Мікола Статкевіч
Экс-кандыдату ў прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу паводле рашэньня турэмных дактароў зьнялі абмежаваньні на прадуктовыя перадачы. 8 лютага жонка палітыка Марына Адамовіч атрымала ад яго кароткі ліст, зь якога вынікае, што спадар Статкевіч паступова набірае вагу, яму патрэбнае разнастайнае харчаваньне і ўсе абмежаваньні на перадаваныя прадукты для яго зьнятыя:

«Будуць браць для яго перадачы, як для ўсіх. Ведаеце, раней жа былі абмежаваньні».

Мікалай Статкевіч абвясьціў галадоўку пасьля арышту 19 сьнежня і спыніў акцыю пратэсту ў сярэдзіне студзеня.

Напярэдадні сваякам некаторых вязьняў перадалі для мыцьця іхнюю бялізну і рэчы. Некаторыя атрымалі бялізну ўпершыню. Людзі скардзіліся, што раней яны пісалі заявы аб выдачы бялізны, але шмат дзён яе не выдавалі. Які парадак у турме КДБ з пасьцельнай бялізнай, як часта яе мяняюць, як вырашаюць там іншыя побытавыя праблемы вязьняў?

Уладзімер Кобец
Былы кіраўнік выбарчага штабу Саньнікава Ўладзімер Кобец да вызваленьня пад падпіску пра нявыезд адбыў у «амэрыканцы» 36 дзён. Вось досьвед спадара Кобеца:

«Увогуле, калі чалавек туды трапляе, то атрымлівае камплект з матраца, падушкі, пледа, дзьвюх прасьцін і наўлечкі. І раз на тыдзень, калі водзяць у душ, гэтую бялізну можна здаваць і атрымліваць новую, чыстую. Але сваякам можна перадаваць свае прасьціны і наўлечку, і вось гэтае сваё, як і іншыя рэчы, можна здаваць сваякам на мыцьцё. Дзеля гэтага арыштаваны піша заяву і піша сустрэчную заяву сваяк, які зьбіраецца гэта забраць. І потым яе павінны выдаваць».

Паводле Ўладзімера Кобеца, падчас сустрэчы з адвакатам арыштаваны звычайна дамаўляецца пра тое, на які дзень трэба пісаць адпаведныя заявы. Паколькі да шмат каго з абвінавачаных у справе 19 сьнежня адвакатаў даўно не дапускаюць, а ліставаньне таксама адбываецца нерэгулярна, то і дамовіцца на пэўны дзень не ўдаецца. Гэтак Уладзімер Кобец тлумачыць праблемы некаторых сваякоў зь бялізнай вязьняў.

Вядомыя і скаргі вязьняў «амэрыканкі» на недахоп спальных месцаў. Прыкладам, зь ліста Аляксандра Фядуты ў студзені стала вядома, што «нарэшце ў яго ёсьць нармальнае спальнае месца».

Сяргей Вазьняк
Давераная асоба Някляева Сяргей Вазьняк адбыў у «амэрыканцы» 41 дзень. Спадар Вазьняк падзяліўся зьвесткамі ад сукамэрнікаў: у «амэрыканцы» напярэдадні 19 сьнежня рыхтаваліся да прыёму новых вязьняў, а паколькі турма была перанаселеная, тэрмінова рабілі часовыя ложкі са зьбітых дошак. Такія дошкі атрымаў і Сяргей Вазьняк, калі 20 сьнежня трапіў у «амэрыканку». Пры гэтым высьветлілася, што спаць на іх зручней, чым на стацыянарных нарах:

«Гэта некалькі скалочаных дошак памерам з нары. Не адна вузкая дошка. Проста так завецца — дошка. Я клаў яе на тумбачку і крэселка, ды гэтак спаў. І гэта зручней, чым на нарах, бо яна роўная і цьвёрдая. А нары з мэталічных пласьцін, каркас з арматуры, і ты праз тонкі матрас сваімі рэбрамі ўсё гэта адчуваеш. Тут яшчэ трэба прызвычаіцца».

Ці праўда, што ў камэрах «амэрыканкі» зусім няма прыбіральняў і вязьняў выводзяць па патрэбе два разы на дзень: раніцай і ўвечары? Паводле Ўладзімера Кобеца і Сяргея Вазьняка, частка камэр «амэрыканкі» абсталявана ўнітазамі, і там гэтых праблем няма. Тыя камэры, у якіх знаходзіліся мае суразмоўцы, унітазаў ня мелі. Для малой патрэбы было адмысловае вядро з накрыўкай, для астатняга сапраўды трэба было дачакацца выхаду ў прыбіральню пад наглядам ахоўніка. Натальля Радзіна паведаміла, што мэдыкі дазволілі жанчынам выходзіць у прыбіральню часьцей. Паводле Сяргея Вазьняка, пэўныя скаргі і просьбы вязьняў «амэрыканкі» адміністрацыя сапраўды ўлічвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG