Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя Класкоўскага накіравалі адкрыты ліст уладам Швэцыі


Дзеці Аляксандра Класкоўскага
Дзеці Аляксандра Класкоўскага
Родныя арыштаванага за "арганізацыю масавых беспарадкаў" Аляксандра Класкоўскага зьвярнуліся з адкрытым лістом да швэдзкіх уладаў.

Маці і сястра Аляксандра, Людміла і Вольга Класкоўскія, якія зараз жывуць у Швэцыі, у сваім звароце на імя прэм'ер-міністра Фрэдрыка Райнфэльта, міністра замежных спраў Карла Більта, міністра міжнароднага супрацоўніцтва Гунілы Карлсан пішуць наступнае:

"Мы, маці і сястра арыштаванага былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, хочам выказаць вам шчырую ўдзячнасьць за прынцыповую пазыцыю, якую ваша краіна займае пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў адносінах да Беларусі. Ваша аб'ектыўная ацэнка фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, масавых рэпрэсіяў, а таксама падтрымка грамадзянскай супольнасьці Беларусі выклікаюць пачуцьцё глыбокай павагі. Бо недапушчальна, каб у ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы беспакарана панавала прававая, палітычная і маральная сваволя, душыліся воля і сумленьне людзей, якія рашуча выступаюць супраць тыраніі і аўтарытарнага кіраваньня.

Пасьля менскіх падзеяў за кратамі апынуліся некалькі соцень чалавек. За што? Людзі выйшлі на мірную акцыю, каб адстаяць сваё права на выбар і выказаць пратэст супраць маштабных фальсыфікацый вынікаў выбарчай кампаніі. Цяпер у засьценках КДБ знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек, якім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Сярод іх — наш сын і брат Аляксандар Класкоўскі. Усяго ж па надуманым артыкуле за "арганізацыю масавых беспарадкаў" праходзяць больш за 40 чалавек. Уся віна гэтых мужных людзей толькі ў тым, што яны вельмі любяць сваю краіну і змагаюцца за яе дэмакратычную эўрапейскую будучыню.

Мы зьвяртаемся да вас з заклікам не пакідаць гэтых людзей, іх сем'і, родных і блізкіх сам-насам з гэтай страшнай бядой, зь дзікай несправядлівасьцю. Перакананыя, што патрабаваньнем № 1 з боку міжнароднай супольнасьці павінна заставацца неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў дыктатарскага рэжыму. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то гэтыя людзі — палітычныя закладнікі Лукашэнкі ў ягоных маніпуляцыях і торгу з усясьветнай дэмакратычнай супольнасьцю. Апроч іншага, закладнікамі рэжыму зьяўляюцца і іх сем'і.

Вельмі многія зь іх пазбавіліся адзіных кармільцаў у сям'і, шмат у каго дома засталіся малалетнія дзеці. Сваіх бацькоў, якія знаходзяцца ў турме КДБ, чакаюць 10-гадовая Леся-Стэфанія і гадавалая Алена-Дамініка Міхалевічы, 3-гадовы Данік Саньнікаў, 11-гадовы Аляксей, 7-гадовая Даша і 2-гадовы Арсень Класкоўскія. Сваіх бацькоў заўсёды хацелі б бачыць побач таксама Ева Рымашэўская, Яна і Чэслаў Кобецы і многія іншыя...

Заклікаем вас выкарыстоўваць і надалей усе магчымыя палітычныя і эканамічныя мэханізмы, аўтарытэт і ўплыў сваёй краіны, каб спыніць нарэшце бясконцыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Толькі агульнымі намаганьнямі можна дасягнуць вызваленьня рэпрэсаваных палітыкаў, актывістаў і журналістаў. Мы верым у вашу салідарнасьць, разуменьне і спачуваньне. І верым у тое, што ў хуткім часе Беларусь будзе свабоднай, дэмакратычнай і па-сапраўднаму эўрапейскай дзяржавай.

З павагай,

Людміла Класкоўская, маці арыштаванага Аляксандра Класкоўскага,

Вольга Класкоўская, сястра арыштаванага Аляксандра Класкоўскага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG