Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўладзімера Някляева быў адмысловы плян на Плошчу – масавую акцыю, якая загадзя плянавалася апазыцыяй на 19 сьнежня 2010 году. Калі б гэты плян быў рэалізаваны, не было б тых наступстваў – жорсткага разгону дэманстрантаў міліцыяй, «штурму» Дома ўраду, крымінальнай справы аб масавых беспарадках, палітычных зьняволеных і эўрапейскіх санкцыяў. Інтэрнэт-газэта Naviny.by правяла журналісцкае расьсьледаваньне і высьветліла: вечарам 19 сьнежня падзеі мусілі разьвівацца зусім па іншым сцэнары…

Прапануем тэкст, надрукаваны ў інтэрнэт-газэце. Аўтары Антон Тарас, Зміцер Копаль

Як вядома, па дарозе на Кастрычніцкую плошчу на калёну прыхільнікаў Някляева напалі невядомыя. Беларуская міліцыя адхрышчваецца ад удзелу ў нападзе, але факт: тых “невядомых” яна не шукае. Як бы тое ні было, а Ўладзімер Някляеў, на той момант яшчэ – кандыдат у прэзыдэнты, атрымаў моцныя ўдары па галаве, і машына «хуткай дапамогі» адвезла яго ў бальніцу.

Такім чынам, гэтае здарэньне можна расцэньваць як наўмыснае адхіленьне Някляева ад удзелу ў акцыі, на якую ён меў плян МІРНЫХ дзеяньняў.

Як высьветлілася ў выніку расьсьледаваньня, паводле пляна Някляева, пасьля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы не павінна было быць ніякага шэсьця. Акцыя мусіла скончыцца на той жа пляцоўцы, людзі павінны былі мірна разысьціся па сваіх хатах.

Сутнасьць пляна Пазьняка-Някляева

Гэты плян больш слушна было б называць плянам Пазьняка – Някляева, бо, паводле некаторых дадзеных, менавіта ад старшыні КХП – БНФ зыходзіла такая ініцыятыва, і напярэдадні дня выбараў гэтыя два палітыкі часта кантактавалі, узгадняючы дэталі пляну.

Іншым разам пасярэднікам у такіх кансультацыях выступаў намесьнік старшыні КХП – БНФ Юрась Беленькі. На ягоных сьведчаньнях і базуецца значная частка нашага расьсьледаваньня.

Паводле Беленькага, упершыню пра такі плян ён пачуў ад Зянона Пазьняка, які знаходзіцца ў эміграцыі, але трымае пастаянную сувязь з актывістамі сваёй партыі. Перамовы паміж Пазьняком і Някляевым пачаліся за добры месяц да выбараў і тычыліся падрыхтоўкі вулічнай акцыі. Старшыня КХП – БНФ прагназаваў, што ў акцыі прыме ўдзел вялікая колькасьць людзей, а таму настойваў: трэба загадзя прадугледзець, што рабіць з такой масай, якім павінна быць «канструктыўнае выйсьце». Пазьняк папярэджваў Някляева, што «спэцслужбы могуць зладзіць за яго сьпіной правакацыю», і прапанаваў арганізаваць дружыну для аховы парадку.

«Нельга заклікаць масу людзей на плошчу, не маючы сцэнару. Калі адсутнічае канструктыўнае выйсьце, можа здарыцца трагедыя, кіраваньне акцыяй возьмуць у свае рукі чужыя людзі ці правакатары, – тлумачыць пазыцыю Пазьняка Беленькі. – Калі ня будзе канструктыўнага, то знойдзецца дэструктыўнае».

Пазьняк і Някляеў дамовіліся, што неўзабаве пасьля пачатку мітынгу на Кастрычніцкай плошчы мікрафон будзе перададзены Беленькаму, а той зачытае зварот Пазьняка пра стварэньне руху «За новыя выбары без Лукашэнкі».

«Вынікі ганебных выбараў трэба ануляваць як цалкам не адпаведныя выбарчаму закону. Мусяць быць прызначаныя новыя выбары без Лукашэнкі, – гаварылася ў звароце Пазьняка. – Рух «За новыя выбары без Лукашэнкі», які нам трэба пачаць, – гэта той выпадак, калі ўсе грамадзтва, якое дбае пра Беларусь і прагне пераменаў, можа аб’яднацца вакол адной канкрэтнай ідэі і канкрэтнай справы».

Адразу пасьля гэтага звароту павінен быў прагучаць заклік да ўдзельнікаў мітынгу разьбіцца па сэктарах у залежнасьці ад раёну, у якім яны пражываюць, і запісвацца ў рэгіянальныя арганізацыі новага руху, а таксама абменьвацца кантактнымі зьвесткамі дзеля каардынацыі далейшых дзеяньняў. «Людзі павінны былі структурызавацца па месцы жыхарства, каб ім пасьля лягчэй было кантактаваць», – тлумачыць Беленькі. Зь яго слоў, пасьля гэтага мітынг быў бы абвешчаны завершаным і прагучала б прапанова разысьціся.

Далейшае афармленьне руху мусіла адбывацца ў наступныя дні, «ніякае шэсьце не прадугледжвалася», сьцьвярджае намесьнік старшыні КХП – БНФ. Падставай для разьвіцьця руху павінна была стаць наступная тэза: «Пасьля незаконнага рэфэрэндуму 2004 году Лукашэнка ня мае права заставацца прэзыдэнтам юрыдычна». Плянавалася, што на чале руху стануць Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў, бо «менавіта яны набіралі самую вялікую колькасьць галасоў» пасьля Лукашэнкі. У выніку, са слоў Беленькага, «павінна была паўстаць арганізаваная сіла, якая магла б рэалізоўваць канкрэтную палітыку. Гэта ідэя была самай галоўнай». А далей ужо, пасьля стварэньня гэтага моцнага руху, былі б магчымыя «канструктыўныя і шырокія вулічныя акцыі, страйкі, афіцыйныя заявы кшталту звароту да Савету міністраў Эўразьвязу».

Някляеў цалкам падтрымаў гэтыя прапановы Пазьняка і меў намер іх рэалізаваць, сьцьвярджае намесьнік старшыні КХП – БНФ: «Някляеў пагадзіўся абмежавацца на Плошчы гэтым плянам, і не зьбіраўся рабіць штосьці іншае».

Пра сам такі плян ведала мала людзей – сябры паліткамітэту КХП – БНФ, Уладзімер Някляеў і бліжэйшае кола яго прыхільнікаў.

Спроба выратаваць плян

Літаральна за дзьве гадзіны да нападу на Някляева Юрась Беленькі меў тэлефонную размову з кандыдатам у прэзыдэнты (гэта пацьвярджаецца раздрукоўкай тэлефонных званкоў Беленькага 19 сьнежня 2010 году, прадстаўленых мабільным апэратарам). Размова пачалася ў 17:24 і доўжылася каля трох хвілін. У прыватнасьці, Някляеў папрасіў Беленькага сустрэцца зь ім у 19:00 каля офісу грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», каб абмеркаваць апошнія дэталі акцыі. Беленькі сказаў, што ня зможа прыехаць, бо як раз на той час была прызначаная яго сустрэча з таварышамі па партыі. Ён ад імя Пазьняка заклікаў кандыдата ў прэзыдэнты быць на плошчы «наперадзе» і «браць кіраваньне ў свае рукі», а таксама нагадаў: Някляеў паабяцаў прадставіць яму слова дзеля зачытваньня звароту. Някляеў абяцаў гэта і пагадзіўся, што асаблівай патрэбы ў папярэдняй сустрэчы няма. Было дамоўлена аб’яднаць высілкі непасрэдна на Плошчы.

Непасрэдна перад акцыяй Беленькі сустрэўся з таварышамі па КХП – БНФ каля кінатэатра «Кастрычнік»; яны селі ў аўтобус нумар 100 ды накіраваліся на Кастрычніцкую плошчу. Ужо там даведаліся, што калёна Някляева была атакаваная з выкарыстаньнем шумавых гранат, а сам кандыдат зьбіты і ня ў стане прыбыць на плошчу. Стала таксама вядома, што асобы, якія напалі на някляеўцаў, адабралі гукаўзмацняльную апаратуру, якая павінна была абслугоўваць мітынг.

Пра тое, што на плошчу ўжо прывезьлі запасную апаратуру, Беленькі ня ведаў. Каб не дапусьціць зрыву пляну, ён вырашыў «зрабіць штосьці хоць бы малымі сіламі». Актывісты КХП – БНФ стаялі ў натоўпе паміж катком і Домам прафсаюзаў, бліжэй да катка. Беленькі папрасіў сваіх таварышаў усталяваць «партыйную» апаратуру, якую яго паплечнікі захапілі з сабой на ўсялякі выпадак: аўтамабільны акумулятар, гукаўзмацняльнік і дынамікі. Калі гэта было зроблена, Беленькі зачытаў прысутным зварот Пазьняка з заклікам стварыць рух «За новыя выбары без Лукашэнкі».

Аднак апаратура КХП – БНФ была недастаткова моцнай, каб «заглушыць тую калінку-малінку», што гучала са стацыянарных дынамікаў, разьмешчаных гарадзкімі службамі ля лядовага катка. Тэкст звароту, які зачытаў Беленькі, быў разьлічаны на ўсю грамаду, што сабралася на плошчы, але са згаданых прычын яго мала хто пачуў. Беленькі і яго паплечнікі прапанавалі прысутным запісвацца ў рух – але іншым чынам, чым плянавалася: «У сувязі з тым, што нас пачула ня так шмат людзей, мы проста раздалі ўлёткі з інфармацыяй, што трэба рабіць далей і як гэта рабіць».

Празь некалькі хвілін пасьля выступу Беленькага на прыступках Палацу прафсаюзаў запрацавала запасная апаратура, і прысутныя там кандыдаты ў прэзыдэнты распачалі мітынг. Беленькі адзначае, што нават яму са свайго месца нічога не было чутна. А што ж тады казаць пра іншых людзей, якія стаялі на значна большай адлегласьці?

Беленькі пагаджаецца, што агучаны ім плян быў больш пасіўны, чым той, які, магчыма, хацелі рэалізаваць на плошчы іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты і тым больш той, які ўрэшце быў рэалізаваны. Але, гаворыць ён, гэта быў «адзіны канструктыўны плян, які можна было прыдумаць для таго, каб нармальна выйсьці зь сытуацыі».

Аднак мы знайшлі і іншыя сьведчаньні таго, што менавіта такі мірны плян пачынаў рэалізоўвацца на Кастрычніцкай плошчы. У прыватнасьці, такое: кіраўнік перадвыбарчага штабу Някляева Андрэй Дзьмітрыеў, пасьля нападу на іх калёну ўсё ж дабраўшыся да Кастрычніцкай плошчы, заклікаў прысутных стварыць рух «За новыя выбары без Лукашэнкі» і нават правёў галасаваньне за выбары ў гэты рух кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, Віталя Рымашэўскага, Рыгора Кастусёва, Мікалая Статкевіча, Дзьмітрыя Вуса і Ўладзімера Някляеева.

Аднак пасьля гэтага мірны сцэнар быў паламаны, якімі сіламі – яшчэ належыць разабрацца. Факт застаецца фактам: натоўп рушыў з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці. Беленькі сьцьвярджае, што людзей туды зводзілі «не кандыдаты ў прэзыдэнты, а арганізаваная група невядомых».

«Зыходзячы з аналізу наступных падзеяў, улады стопрацэнтна ведалі пра плян стварэньня руху «За новыя выбары без Лукашэнкі», - кажа Беленькі, - і ня дзіва, што прадухілілі яго ажыцьцяўленьне».

Новыя дэталі і галоўнае пытаньне


Інтэрнэт-газеце Naviny.by удалося знайсьці пацьверджаньне і зь іншых крыніц. Расказ Беленькага пацьвердзілі старшыня КХП – БНФ Зянон Пазьняк, а таксама пара чалавек з грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». Зь іх слоў, Някляеў ня толькі зьбіраўся рэалізаваць гэты плян, але і нічога зь ягоных дзеяньняў ня сьведчыла, што ён мае нейкі іншы ці паралельны плян. Адназначна не прадугледжвалася арганізацыя шэсьця ці тым болей нейкія дзеяньні гвалтоўнага характару.

Падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы дэлегаты ад кампаніі «Гавары праўду!» павінны былі перадаць дзяжурнаму афіцэру Палацу рэспублікі сьпіс патрабаваньняў, у тым ліку – аб прадстаўленьні кандыдатам у прэзыдэнты прамога эфіру на тэлебачаньні; аб расьсьледаваньні фальсыфікацый падчас выбарчай кампаніі; аб правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы, паводле пляна Пазьняка – Някляева, мела дзьве галоўныя мэты: прадэманстраваць уладам маштаб пратэстных настрояў насельніцтва; запачаткаваць рух «За новыя выбары без Лукашэнкі». Патрабаваньне новых выбараў мелася аб’яднаць усю дэмакратычную апазыцыю, пры гэтым стратэгічнай задачай стала б падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў 2012 году.

У той жа час некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што менавіта такі плян «Плошчы» быў распрацаваны кіраўніцтвам грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» яшчэ за два месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта супярэчыць заяве Беленькага пра тое, што ідэя запачаткаваньня масавага руху падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы належыць менавіта Пазьняку, але ніяк ня ставіць пад сумненьне наяўнасьць самога пляну.

Зараз можна толькі гадаць, як бы разьвіваліся падзеі, калі б Някляеў зьявіўся на Кастрычніцкай плошчы і рэалізаваў свой плян. Відавочна адно: такіх цяжкіх наступстваў не было б.

Так што галоўнай задачай на шляху высьвятленьня праўды пра падзеі 19 сьнежня зараз становіцца менавіта расьсьледаваньне, хто напаў на калёну Някляева. Перадусім яно – у кампэтэнцыі праваахоўных органаў. Той факт, што гэтая відавочная акалічнасьць падзей 19 сьнежня застаецца бязь іхняй увагі, як раз і кідае на ўлады цень.


Заклік да правядзеньня новых выбараў чырвонай ніткай праходзіў праз апошнія дні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

  • Зрабіць патрабаваньне «новых выбараў без Лукашэнкі» асноўным лёзунгам 9 сьнежня заклікаў Зянон Пазьняк.

  • 13 сьнежня на сустрэчы з выбаршчыкамі ў віцебскім культурна-дзелавым цэнтры «Першамайскі» Ўладзімер Някляеў заявіў: «Я веру, што на гэтых выбарах у беларускага народа ёсьць шанц, і мы яго выкарыстаем. Мы не павінны дапусьціць прызнаньня гэтых выбараў. А як гэта не дапусьціць? Толькі калі выйсьці ўсім народам на плошчу і выпіхнуць, як малітву: «Выбары фальшывыя! Новыя выбары без Лукашэнкі!» Вось што такое плошча – і больш нічога».

  • Падчас пікету 18 сьнежня перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску сябры КХП – БНФ зачыталі зварот Пазьняка да выбаршчыкаў, у якім утрымліваўся заклік ствараць грамадзянскі рух «За новыя выбары без Лукашэнкі».

  • Нарэшце, непасрэдна ў асноўны дзень галасаваньня 19 сьнежня на выбарчым участку №59 Някляеў дэманстратыўна сапсаваў свой бюлетэнь – выкрасьліў зь яго прозьвішча Лукашэнкі і напісаў на ім: «За новыя выбары без Лукашэнкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG