Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга быць намесьнікам па культуры ў канцэнтрацыйным лягеры, а потым абурацца, маўляў, "Цыклон" у камэры я не пускаў, я за культурны адпачынак адказваў». Гэтак блогерка petra_leleka даводзіла слушнасьць унясеньня ў сьпіс неўязных Ганны Шадрынай, цяпер ужо былой намесьніцы галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии». Зьяўленьне ў «расстрэльным сьпісе» (паводле азначэньня Ярмошынай) прозьвішча Шадрынай выклікала ў да таго прыціхлай блогасфэры шумную дыскусію. Шадрыну тут добра ведаюць, бо яна ўжо пяты год вядзе ўласны блог і за той час колькі разоў апыналася ў цэнтры ўвагі праз свае неадназначныя выказваньні, а таксама, як кажа блогер beatleofdoom, «спадарыня Шадрына даўно ў тусоўцы, а менская тусоўка ня надта адрозьнівае, хто на якім фронце». Таму, апроч тых, хто вітаў санкцыі супраць яе, знайшліся і тыя, хто іх асуджаў, выказваючы падтрымку «нявінна пацярпелай».

Сама фігурантка сьпісу адзначыла: «як дарослы чалавек я разумею, што за прыналежнасьць трэба плаціць». Але, падобна, не без сарказму. Бо ў далейшым Ганна дзякавала ўсім, хто казаў пра несправядлівасьць санкцыяў у дачыненьні да яе (а значыць, трэба разумець, згаджалася з тым, што яны несправядлівыя), і ўсяляк падкрэсьлівала, што ў газэце займалася пераважна культурніцкімі тэмамі. Санкцыі ж какетліва разглядала ў плашчыні промыслу вышэйшых сілаў адносна сябе: «Ня ведаю, якая задума Таго, Хто насамрэч кіруе маім жыцьцём. Але я гатова мець з гэтым справу». Вядома, гэта ня так празаічна і значна лягчэй, чым асэнсаваць грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне, сваё месца ў ёй і меру ўласнай адказнасьці за яе.

Ганна лічыць, быццам рабіла карысную справу, даносячы да шырокай публікі, напрыклад, гендэрную праблематыку. Але ці была з таго карысьць, калі старшыня ЦВК пад воплескі журналістаў раіць беларускам «сядзець дома і варыць боршч»? Вось і ўся гендэрная праблематыка... Наогул, тое, што пішацца з дазволу ва ўмовах дыктатуры, мае невялікую вартасьць. Пра гэта за тры гады да свайго першага арышту калісьці вельмі жорстка выказаўся Ёсіп Мандэльштам:

«Усе творы сусьветнай літаратуры я дзялю на дазволеныя і напісаныя без дазволу. Першыя – гэта брыда, другія – крадзенае паветра. Пісьменьнікам, якія пішуць загадзя дазволеныя рэчы, я хачу пляваць у твар, хачу біць іх палкай па галаве і ўсіх пасадзіць за стол у Дом Герцэна, паставіўшы перад кожным шклянку паліцэйскай гарбаты і даўшы кожнаму ў рукі аналіз мачы Горнфэльда. Гэтым пісьменьнікам я б забараніў браць шлюб і мець дзяцей. Як могуць яны мець дзяцей? – бо дзеці павінны за нас працягнуць, за нас найгалоўнейшае дасказаць – у той час як іхныя бацькі запрададзеныя рабому чорту на тры пакаленьні наперад». (Ёсіп Мандэльштам, «Чацьвёртая проза», 1930)

Блогерка maryjka_ палічыла забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу для Шадрынай «адным з доказаў існаваньня Божанькі». То бок, хаця намінальна сапраўды не было за што забараняць, забаранілі, на думку блогеркі, слушна.

Я ўжо гадоў дзесяць не трымаў у руках «Советской Белоруссии», таму журналісцкая праца Ганны Шадрынай на ніве культуры прайшла міма мяне. Аднак дасюль добра памятаю матэрыял на апошняй старонцы першага каляровага нумара «СБ» ад 05.09.2001, падпісаны імёнамі Ганны Шадрынай і Вікторыі Паповай пад назвай «Зарэгістраваныя адносіны». У тым самым перадвыбарчым нумары быў надрукаваны разгромны выкрывальны артыкул «Апэрацыя "Белы бусел"», але ён хутка забыўся. «Зарэгістраваныя адносіны» запомніліся. Бо гэта было штосьці новенькае, у параўнаньні са звыклай нафталінавай прапагандай. Спэцыяльная вэрсія - «Лукашэнка для маладых і сучасных». Дзьве маладзенькія журналісткі за ранішняй кавай нязмушана абмяркоўваюць кандыдатаў у прэзыдэнты:

Вікторыя Папова
: …Шчыра кажучы, незразумела, адкуль усплываюць такія Бівісы і Батхэды па-беларуску (гаворка пра супернікаў дзейнага прэзыдэнта на выбарах - заўв. Будзімір). Гэтая два пэрсанажы крыху віртуальныя. Табе як?

Ганна Шчадрына: Мяне жыва хвалюе запаветнае пытаньне. Наколькі самі спадары зарэгістраваныя кандыдаты вераць у свае шанцы на перамогу? Любы прасунуты гома сапіенс нават апазыцыйных поглядаў разумее, што ў нашага Прэзыдэнта няма ніводнага рэальнага суперніка. Занадта многае зьмянілася да лепшага за апошнія гады. Ты толькі на Менск зірні... Гэта, вядома, сьмела - ісьці ў вялікую палітыку з пустымі рукамі, як паважаныя спадары Гайдукевіч і Ганчарык. Але такія законы лёгікі: калі ёсьць выбары, то павінны быць і тыя, з каго выбіраць. Зрэшты, усе кандыдаты служаць толькі выгадным фонам для дзейснага Прэзыдэнта. Палітычная харызма Аляксандра Лукашэнкі, на мой погляд, гэта як "боінг шэсьцьсот другі".

Вікторыя Папова: Ці проста як "лятучая крэпасьць". Ці нават як калі дзьве "лятучыя крэпасьці" адну на другую паставіць і пару хмарачосаў зьверху.

Ганна Шчадрына: Ты хацела сказаць: рэальная харызма Аляксандра Лукашэнкі супраць сьціплай энэргіі малавядомых спадароў.

Вікторыя Папова
: Так-так. Менавіта. Ты выбар зрабіла, я так разумею.

Ганна Шчадрына
: Не сумнявайся, мой дружа. У пастаянстве наша сіла.


Абедзьве журналісткі на той момант супрацоўнічалі з прэзыдэнцкім выданьнем каля года і пісалі пра навіны культурнага жыцьця. Мажліва, працытаваны тэкст быў для іх чымсьці кшталту ініцыяцыі, празь якую павінен прайсьці кожны журналіст «СБ», у незалежнасьці ад сваёй вузкай спэцыялізацыі - кожны мусіць «замазацца», каб пацьвердзіць сваю ляяльнасьць, «зарэгістраваць адносіны» і мець магчымасьць працаваць далей.

Так ці іначай, гэты невялікі матэрыял адлюстраваў калі не надыход новай эпохі, дык зараджэньне новай клясы прыхільнікаў Лукашэнкі - маладых канфармістаў, безыдэйных і прагматычных. У Беларусі не зьявіўся пясьняр гэтай сацыяльнай групы, выразьнік ейнага сьветапогляду, а ў Расеі ім стаў блогер і журналіст Максім Кананенка, таксама вядомы як Містэр Паркер. Невыпадкова менавіта яго абрала сабе ў куміры Ганна Шадрына.

Вось як няхітра Містэр Паркер фармулюе сваю палітычную пазыцыю і адначасова маніфэст новага пакаленьня (цытуецца па кніжцы «Рунэт. Створаныя куміры»; Ідліс Ю.; 2010; Альпіна Нон-фікшн):

«Мяне прэзыдэнт у прынцыпе задавальняе. Можа, гэта супала з тым, што ў мяне ў жыцьці ўсё неяк стала добра. Я разумею, што ёсьць, напэўна, нейкія праблемы з тэлебачаньнем, з свабодай слова, з правамі чалавека, з судамі, - але ў мяне такіх праблем няма».

Зусім нядаўна я чуў тое самае ад беларускага блогера vital_x, зацятага канфарміста і прагматыка:

«Мае правы і свабоды нікім і нічым не абмежаваныя. Ніхто не перашкаджае мне ані жыць, ані працаваць, ані адпачываць, ані свабодна перасоўвацца як унутры, гэтак і па-за межамі краіны».


Бадай, не зусім правільна называць людзей такога кшталту «прыхільнікамі». Яны прыхільныя да статус-кво, у межах якога няблага ўладкаваліся, ня больш за тое. І зусім неабавязкова нават адчуваюць сымпатыю да асобы палітыка, які зьяўляецца сымбалем гэтага становішча рэчаў. Ня кажучы ўжо пра ягоныя ідэалягічныя прынцыпы, іх яны могуць зусім не падзяляць.

Юлія Ідліс, аўтарка кнігі «Рунэт. Створаныя куміры» піша пра Максіма Кананенку:

«Па сутнасьці, mrparker - эгаіст дарэшты. Па-сапраўднаму яго кранае толькі тое, што датычыць яго непасрэдна... Усё астатняе - любая грамадзка-палітычная думка, ідэалёгія, уладкаваньне дзяржавы і рэжыму - зьяўляецца для яго прадметам гандлю і спосабам зарабляньня грошай. Асабіста мне здаецца, што mrparker ня любіць Крэмль. І Пуціна. І Мядзьведзева. І, пагатоў, партыю «Адзіная Расея». Мне здаецца, ён наогул нічога ня любіць, апроч жонкі, дзяцей і рыбалкі. Таму, у нейкім сэнсе, зь яго ўзяткі гладкі: нельга ж прымаць блізка да сэрца тое, што ня любіш. Затое можна гэтым карыстацца».

Мяркую, Ганна Шадрына таксама ня любіць Лукашэнку. І нават газэту «Советская Белоруссия» яна ня любіць, а любіць «The New York Times». Нейкі час яна нават «знаходзілася пад шармам дэмакратычнага дыскурсу». Але ў рэшце рэшт «спакусілася пэрспэктывай атрымаць досьвед працы намесьнікам галоўнага рэдактара ў самай вялікай штодзённай газэце краіны (хто ж ад такога адмовіцца?)».

Калі б ня гэты дадатак ў дужках - «хто ж ад такога адмовіцца?» - можна было б прыняць споведзь Ганны Шадрынай і паспачуваць ёй. Аднак ён усё перакрэсьліў. Замазаўшыся самому, няма чаго замазваць агулам усіх астатніх. Не, спадарыня Шадрына, ня ўсе беларусы зыходзяць ва ўласным жыцьці з прынцыпу выгады. У нашай краіне, на шчасьце, былі і застаюцца людзі, здольныя ня толькі не спакусіцца тэарэтычнымі шчодрасьцямі, але і ахвяраваць тым, што яны ўжо маюць дзеля маральных каштоўнасьцяў. Сваім дапушчэньнем вы іх прынізілі.

«Я бывала ў Амстэрдаме, Парыжы, Брусэлі...»
, - пісалі вы.

А ці заўважылі вы, што там ня толькі «усюды гразна, людзі труцца друг аб друга», але і дыхаецца значна вальней? Мне падаецца, заўважылі, і менавіта за глытком вольнага паветра, ня ў шопінг, туды і езьдзілі. Дык вось, вольнае паветра не завялося там само па сабе ў сілу кліматычных умоваў, таксама не было яно спушчанае зьверху найвышэйшым указам. За гэтае паветра змагаліся і працягваюць змагацца.

Мо цяпер, калі вы ня зможаце карыстацца ня вамі заслужаным вольным паветрам, вы далучыцеся да тых, хто спрабуе ўдыхнуць яго ў Беларусь?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG